Музычны падарунак — “Беларускі сувенір”
У Нясвіжскай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся канцэрт фартэпіяннай музыкі, які даваў народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Ігар Алоўнікаў.
Выдатны піяніст, ён праявіў сябе яшчэ і як цудоўны расказчык, захапіўшы ўвагу юных і дарослых слухачоў аповедамі пра музыку і музыкантаў.
Пасля заканчэння Маскоўскай кансерваторыі Ігар Уладзіміравіч убачыў, што ў беларускіх кампазітараў мала фартэпіяннай, але шмат сімфанічнай, балетнай і опернай музыкі. Таму ён вырашыў самастойна рабіць транскрыпцыі некаторых твораў для фартэпіяна. Так, увазе слухачоў ён прадставіў два фрагменты з музыкі Анатоля Багатырова да драмы Лермантава “Маскарад” – “Вальс” і “Мазурка”. Гэты кампазітар – лаўрэат Сталінскай прэміі за оперу “У пушчах Палесся” – больш за 20 гадоў быў нязменным рэктарам Беларускай кансерваторыі, выхаваў шмат таленавітых музыкантаў.
Пасля Багатырова яшчэ 20 гадоў кіраваў гэтай славутай навучальнай установай Уладзімір Алоўнікаў – бацька Ігара Алоўнікава. Музыкант-франтавік, ён здаваў свой выпускны экзамен у кансерваторыі 22 чэрвеня 1941 года. Затым пайшоў у Падольскае артылерыйскае вучылішча і, закончыўшы яго па паскоранай праграме, дадаў да сваіх дзвюх спецыяльнасцей “кампазітар” і “піяніст” яшчэ адну – артылерыст. З баямі прайшоў франтавы шлях ад Затокі, што пад Адэсай, да возера Балатон у Венгрыі. Магчыма, менавіта таму Уладзімір Алоўнікаў звязаў сваю творчасць у асноўным з ваенна-патрыятычнай песняй. Яму належыць і славутая “Радзіма мая дарагая”, што стала пазыўнымі Беларускага радыё.
Ігар Алоўнікаў зрабіў некалькі апрацовак для фартэпіяна твораў свайго бацькі. Адну з іх – “Запрашэнне да вальса” – ён сыграў для нясвіжскіх слухачоў.
Для іх таксама прагучалі фрагменты з балета Г. Вагнера “Святло і цень” – “Варыяцыі Анешкі” і “Оргія фанатыкаў”.
Вельмі цікавым быў і расказ пра творчасць артыста СССР Яўгена Глебава, чые балеты “Мара”, “Выбранніца”, “Альпійская балада” і “Маленькі прынц” сталі вядомымі далёка за межамі Беларусі. Апошні, напрыклад, быў пастаўлены не толькі ў суседняй Расіі, але і ў Фінляндыі і іншых краінах далёкага замежжа. Калі дадаць сюды кароткае, але вельмі мастацкае тлумачэнне “Маленькага прынца” А.дэ Сент Экзюперы, то стане зразумелым, чаму ўрыўкі з аднайменнага балета – “Адажыо маленькага прынца” і “Танец баабабаў” – літаральна зачаравалі залу.
Сваё выступленне Ігар Алоўнікаў завяршыў “Беларускім сувенірам” Яўгена Глебава з цыкла “Харэаграфічныя навелы”, які і стаў для нясвіжскіх слухачоў сімвалічным падарункам на памяць – памяць доўгую і добрую.
Соф”я ЛЮБАНЕЦ
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ