На сустрэчу з прыгожым

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На адкрыцці выставы выступаюць дырэктар аб»яднання «Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў. ХХІ стагоддзе» з Санкт-Пецярбурга Валерый Выбаржанін, скульптар Вольга Івашынцова і графік Аляксандр Кулёмін

У Нясвіжскім замку адкрылася 48-я выстава мастацкага аб»яднання «Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў. ХХІ стагоддзе» з Санкт-Пецярбурга. Яна аб»яднала больш за 50 жывапісных, графічных, скульптурных работ, якія стварылі 27 аўтараў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Белгарада, Самары, Петрапаўлаўска-Камчацкага.

У сваім выступленні на адкрыцці выставы дырэктар Таварыства Валерый Выбаржанін расказаў, што яно было створана з мэтай адраджэння і развіцця лепшых традыцый рускага мастацтва і працуе пад дэвізам «Ад лепшых узораў старога да новага, ад праверанай школы да эксперыменту». Аб»яднанне займаецца вывучэннем мастацкага працэсу ў Расіі і яго ўплыву на сучаснага чалавека, еўрапейскага мастацкага рынку, яго механізмаў і значнасці для сучаснага рускага мастацтва.

Назва і характар дзейнасці сучаснага аб»яднання нагадваюць аб «Таварыстве перасоўных выстаў» — знакамітых «перасоўніках» другой паловы ХІХ стагоддзя, у лік якіх увайшлі такія майстры рускага мастацтва, як М.М. Ге, І.Н. Крамской, А.І. Куінджы, Г.Г. Мясаедаў, В.Г. Пяроў, І.Я. Рэпін, А.К. Саўрасаў, В.І. Сурыкаў, І.І. Шышкін і іншыя.

«Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў. ХХІ стагоддзе» з Санкт-Пецярбурга рэгулярна праводзіць выстаўкі ў музеях, галерэях і на другіх выставачных пляцоўках у самых розных гарадах Расіі, Беларусі,  Германіі,  Польшчы, Чэхіі, Фінляндыі. Выставы Таварыства разнастайныя па тэматыцы і формах правядзення. Толькі за мінулы год аб»яднаннем праведзена 10 выстаў у буйнейшых музеях Украіны і Беларусі.

IMG_7216

Святлана Машкала выконвае старадаўнія беларускія песні

Сярод экспанентаў выставы мастакі і скульптары, якія атрымалі класічную адукацыю ў лепшых мастацкіх навучальных установах Расіі і за яе межамі. Так, у экспазіцыі можна пазнаёміцца з творамі мастакоў-выкладчыкаў расійскіх мастацкіх ВНУ і вучылішчаў: прафесараў Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна  Ігара Пятрова, Мікалая Рэпіна і выкладчыка гэтага ж інстытута Мікалая Блахіна, а таксама Генадзя Цібушкіна (Самара), Уладзіміра Сакалова-Шыршова (Петрапаўлаўск-Камчацкі), Уладзіміра Несцяркова (Белгарад), маскоўскіх майстроў Аляксандра Кулёміна, Наталлі Туруноўскай і іншых.

Гледачы змогуць на выставе ацаніць і традыцыйны жывапіс рускага рэалізму: творы на тэмы балету Васіля Братанюка, лірычныя пейзажы рускай Поўначы Таццяны Лушнікавай, віды гарадоў Усходу Генадзя Цібушкіна, партрэтны жывапіс Наталлі Вішняковай, скульптуру Вольгі Івашынцовай. Асаблівай увагі заслугоўваюць творы майстроў-наватараў Юрыя Белазер-скага, які смела эксперыментуе ў сваіх палотнах з прасторай і аптычнымі эфектамі, і Канстанціна Троіцкага.

IMG_7222

Спявае Вольга Галубцова

У рамках выставак аб»яднання «Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў. ХХІ стагоддзе» з Санкт-Пецярбурга часта праводзяцца канцэрты і творчыя сустрэчы. Так, і адкрыццё выставы ў Нясвіжскім замку мела свой музычны працяг. У Тэатральнай зале выступілі расійская спявачка Вольга Галубцова і беларуска Святлана Машкала. Вольга Галубцова — кандыдат педагагічных навук, кампазітар, аўтар-выканаўца, выкладчык пастаноўкі голасу, лаўрэат усерасійскіх конкурсаў, сааўтар сістэмы асобаснага развіцця «Ключы светабудовы», якая выканала песню «Пецярбург» — гімн Таварыства — і іншыя цікавыя творы на вершы свайго мужа Аляксандра Галубцова, кандыдата тэхнічных навук, філосафа, пісьменніка, аўтара больш чым 120 публікацый і кніг. Святлана Машкала пазнаёміла слухачоў са старадаўняй беларускай музыкай — у яе выкананні гучалі песні і рамансы на музыку С. Манюшкі і М.К. Агінскага.

48-я выстава мастацкага аб»яднання «Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў. ХХІ стагоддзе» з Санкт-Пецярбурга будзе дзейнічаць у выставачнай зале Нясвіжскага замка да 20 красавіка.

Соф»я ЛЮБАНЕЦ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.