Па працы — і пашана

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На раённым злёце перадавікоў па выніках работы за 2013 год старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко і яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу Анатоль Драгавец уручылі Марыі Беляковай, як і ўсім, чые партрэты будуць сёлета занесены на раённую Дошку Гонару, Ганаровую грамату Нясвіжскага райвыканкама, грашовую прэмію і кветкі

Марыя Міхайлаўна БЕЛЯКОВА — аператар машыннага даення ААТ «Лань-Нясвіж».

— На ферме «Пукелеўшчына», дзе працуе Марыя Міхайлаўна, такі добры калектыў падабраўся… Людзі неабыякавыя, душой хварэюць за справу, — расказаў нам галоўны эканаміст акцыянернага таварыства Аляксандр Міткевіч. — Калі прыедзеш да іх, заўсёды шмат пытанняў ставяць, падказваюць, абмяркоў-ваюць. Калі людзі нераўнадушныя, то і на вытворчасці ўсё бу-дзе ладзіцца.

І Марыя Белякова такая ж: добрасумленная, старанная. Летась надаіла 248,2 тоны малака — гэта склала па 5771 кг у сярэднім на карову, на 200 кілаграмаў болей, чым у 2012 годзе. Дабілася 100-працэнтнай захаванасці цялят.

Марыя Міхайлаўна працуе на ферме больш за 20 гадоў. Работа жанчыне падабаецца, яна — прывычная, бо дзяўчынкай прыходзіла сюды, дапамагала маці-даярцы. У іх сям»і — шэсць дзяўчат, і ўсе, як падрасталі, хадзілі па чарзе маме на дапамогу: Антаніна, Галіна, Наталля, Марыя, Аксана і Вольга. А дома даілі сваю карову.

Доўгі час працавала на ферме побач з Марыяй Міхайлаўнай яе старэйшая сястра Наталля Міхайлаўна Буглай. Летась яна пайшла на льготную пенсію. Праз 2,5 гады настане час афармляць ільготную пенсію і нашай гераіні, але, калі дазволіць здароўе, можна будзе папрацаваць яшчэ, дзеліцца яна сваімі планамі.

сикирицкая

Галіна Аляксандраўна СІКІРЫЦКАЯ, намеснік галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя «Нясвіжская цэнтральная раённая бальніца»

Гэтую мілавідную светлавалосую жанчыну несвіжане добра ведаюць. Ды і не толькі несвіжане. Таму што, пакуль стаць намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Нясвіж-скай ЦРБ, яна прайшла некалькі прыступак урачэбнай дзейнасці. У 1991 годзе Галіна Аляксандраўна стала ўрачом-педыятрам Лявонавіцкай амбулаторыі. А з лістапада 91-га па 1998 год — галоўным урачом Лявонавіцкай амбулаторыі. Потым працавала ўчастковым урачом-педыятрам ЦРБ, восем гадоў загадвала педыятрычным аддзяленнем райбальніцы. І ўжо сёмы год — намеснік галоўнага ўрача ЦРБ.

Выбіраючы прафесію ўрача, даючы клятву Гіпакрата, чалавек нацэльвае сябе на служэнне вялікай, адказнай справе — ахове  здароўя і жыцця людзей. Галіна Аляксандраўна шмат гадоў прысвяціла сябе рабоце з маленькімі пацыентамі. Часам яны, немаўляты, яшчэ не могуць сказаць пра тое, дзе баліць, і толькі жаласлівым плачам даюць знаць, што іх нешта турбуе. І вельмі важна своечасова і правільна паставіць дыягназ, назначыць лячэнне. А ў дапамогу лекам быў спакойны, ласкавы голас Галіны Аляксандраўны, пяшчотны дотык яе рук.

хованская

Іна Уладзіміраўна Хаванская, настаўніца рускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі «Нясвіжская гімназія»

Яе заўсёды можна ўбачыць у акружэнні дзяцей. Бо Іна Уладзіміраўна дваццаты год працуе на асветніцкай ніве, сее разумнае, добрае, вечнае. Яе настаўніцкі шлях на Нясвіжчыне пачынаўся ў Гарадзейскай СШ № 1, прадоўжыўся ў гарадскіх СШ № 4 і СШ № 1, у гімназіі. Іна Хаванская не проста дае дзецям веды па літаратуры і мове. Яна адкрывае ім свет прыгожага, вучыць тварыць, аналізаваць, абагульняць. Яе выхаванцы — удзельнікі і прызёры шматлікіх прадметных алімпіяд і канферэнцый. Так, у студзені бягучага года Ангеліна Саковіч з 10 «а» класа заняла другое месца ў вобласці (на трэцім этапе рэспубліканскай алім-піяды па вучэбных прадметах), Елізавета Толсцік з 9 «б» прывезла Дыплом трэцяй ступені. А на абласной канферэнцыі навукова-даследчых работ Ангеліна Саковіч заваявала Дыплом першай ступені.

Ёсць цікаўныя, творчыя дзеці і ў іншых класах: Кацярына Плакса, Настасся Зубовіч, Ангеліна Еўшаль і Надзея Язвінская з 7 «а», Эвеліна Кудраўцава, Кацярына Пазняк, Кацярына Субоціна, Маргарыта Кейда і Кацярына Каменка з пятых класаў. Іна Уладзіміраўна ўпэўнена, што і сярод іх будуць пераможцы прадметных алімпіяд, розных творчых конкурсаў.

урбан

Тамара Аркадзьеўна УРБАН, рабочая парнікова-цяплічнай вытворчасці ЗАТ «Росіч»

У цяпліцы ЗАТ «Росіч» зацвітаюць памідоры. На плошчы ў 1,5 га іх высаджана на пастаяннае месца 36 тысяч каліў. Усю такую скрупулёзную работу — падрыхтоўку грунту, сяўбу, пікіроўку раслін, догляд за імі, збор ураджаю, уборку раслінных рэшткаў      — выконваюць дзевяць агароднікаў. Сярод іх — Тамара Аркадзьеўна Урбан. У красавіку будзе 14 гадоў, як прыйшла яна ў цяпліцу гаспадаркі. Ёй падабаецца тут працаваць, даглядаць расліны, збіраць ураджай. Асаб-ліва даспадобы вырошчваць сорт «Раіса».

— Мы ўжо некалькі гадоў ім займаемся, — расказвае Тамара Аркадзьеўна. — Сорт сярэдняплодны, памідоры акуратныя, кругленькія.

— Што вы робіце ў цяпліцы ў гэтыя сакавіцкія дні? — пацікавіліся мы.

— Фарміруем кусты: адшчыпваем пасынкі, ніжнія лісты, падкручваем галінкі вакол шпагату, уручную апыляем, пакуль не завезены для гэтага чмялі.

Побач з нашай субяседніцай шчыруюць Наталля Глінская, Таццяна Ліпай, Лілія Наумовіч і іншыя рабочыя. Яны стараюцца, каб у красавіку даць на прылаўкі магазінаў свежыя чырвоныя памідоры.

— Тамара Аркадзьеўна — вельмі працалюбівы і сціплы чалавек, — гаворыць пра рабочую начальнік парнікова-цяплічнай вытворчасці ЗАТ «Росіч» Уладзімір  Захарчэня.

БОГУШ

Яўгенія Пятроўна Богуш, аператар машыннага даення ААТ «Грыцкевічы»

На ферме «Нялепава» Яўгенія Пятроўна працуе дзевяць гадоў. У яе групе — 46 кароў. За 2013 год ад кожнай у сярэднім атрымала па 5528 кілаграмаў малака.

— Цудоўная жанчына, добрая працаўніца, — так характарызуе яе загадчыца фермы Ірына Века. — Пільна сочыць за каровамі, асемяненне ў яе групе -лепшае, чым у астатніх. Ніколі ніякіх праблем не ўзнікае.

З работай даяркі Яўгенія па-знаёмілася даўно, яшчэ школьніцай, калі прыходзіла на ферму да мамы, Яўгеніі Паўлаўны Сіліцкай. Дапамагала ёй даіць кароў і калі прыязджала дамоў на выхадныя, працуючы ў Дзяржынску. А потым сама засталася на той жа ферме. Цяпер сюды наведваюцца яе дочкі-школьніцы.

— Дзяўчынкі любяць тут бываць. Асабліва даспадобы ім карова па мянушцы Вішня. Гладзяць яе пысу, а жывёліна ліжа іх рукі, — расказвае Яўгенія Пятроўна. — І не толькі Вішня ў мяне такая ласкавая — ёсць яшчэ Птушка, Івалга… Яны — мае любіміцы.

_MG_8986

Галіна Іванаўна КАЧУРА, кантралёр-касір Нясвіжскага раённага ўнітарнага гандлёвага прадпрыемства «Магазін № 10»

У гэтым магазіне Галіна Іванаўна працуе больш за 37 гадоў, з таго часу, як трапіла ў некалішнія «Гаспадарчыя тавары» пасля заканчэння Гро-дзенскага гандлёвага вучылішча. Часам у яе пытаюць са здзіўленнем: «І не надакучыла столькі часу на адным месцы?!» Галіна Іванаўна адказвае : «Не». Бо разумее, адчувае важнасць, патрэбнасць людзям сваёй прафесіі. Правільна і прыгожа выкладаць тавар, умела прапаноўваць яго, вывучаць навінкі і падказваць пра іх пакупнікам, абслугоўваць хутка і ветліва — вось яе задача і задача калег па працы. У аддзеле бытавой хіміі магазіна № 10 з ёю яшчэ працуюць Людміла Краміна і Вольга Ляхновіч. Асартымент аддзела даволі разнапланавы: мыйныя сродкі і мінеральныя ўдабрэнні, парфумерна-касметычныя вырабы і посуд, гадзіннікі і насенне… Дарэчы, да новага агародніннага сезону насенне завезлі ўжо чацвёрты ці пяты раз. Разбіраюць.

— Асабіста мне больш падабаецца прадаваць посуд, — расказвае Галіна Качура. — Фарміруем таксама падарачныя наборы да свят — Новага года, 23 лютага, 8 Сакавіка. Дапамагаем тым самым ствараць людзям добры настрой, нейкую ўзнёсласць, дорым радасць. І гэта прыемна.

(Працяг будзе).

Падрыхтавала Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.