Па працы — і пашана

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

(Працяг)

На раённым злёце перадавікоў па выніках работы за 2013 год старшыня райвыканкама  І.І. Крупко ўручыў З.І. Львовіч  Ганаровую грамату Нясвіжскага  райвыканкама, грашовую прэмію і кветкі

Зінаіда Іванаўна ЛЬВОВІЧ – бухгалтар КУП “Магазін № 3 г. Нясвіжа”. Летам споўніцца дзесяць гадоў, як з сістэмы Нясвіжскага гархарчпрамгандлю ў самастойны суб”ект  гаспадарання выдзеліўся  ўнівермаг, і галоўны  бухгалтар ГХПГ Зінаіда Іванаўна Львовіч  перайшла працаваць на новае гандлёвае прадпрыемства – таксама галоўным  бухгалтарам. У калектыве яе  вельмі цэняць.

– Магу сказаць пра Зінаіду Іванаўну  толькі станоўчае. Гэта  граматны спецыяліст ва ўсіх абласцях: у эканоміцы, бухгалтэрыі, фінансавай палітыцы. Добры кіраўнік, добры таварыш. Ніколі  не падвядзе, ёй заўсёды можна цалкам даверыцца, – гаворыць пра сваю супрацоўніцу дырэктар КУП “Магазін № 3 г. Нясвіжа” Сняжана Мікалаеўна Турко.

Працоўны стаж Зінаіды Іванаўны  складае 40 гадоў. А ў Нясвіжы яна – з 1977 года.  Пасля заканчэння тэхнікума  пачынала ў гархарчпрамгандлі радавым бухгалтарам. Але  паставіла перад сабой мэту дабіцца большага і ажыццявіла  яе: завочна закончыла інстытут  народнай гаспадаркі (цяпер гэта  Беларускі дзяржаўны эканамічны  ўніверсітэт), працавала  намеснікам галоўнага бухгалтара, з 1994-га – галоўным.  Яе глыбокія веды, скрупулёзнасць, акуратнасць дапамагалі падымацца  па службовай лесвіцы.

Усе гады КУП “Магазін № 3” працуе з прыбыткам. І гэта нялёгка даецца.

– Пастаянна – літаральна па месяцах – аналізуем, пралічваем, дзе на чым зэканоміць, куды  лепей укласці  сродкі, – расказвае Зінаіда Іванаўна. – Пачатак года неяк заўсёды ідзе цяжкавата. Летам лягчэй – выручае турыстычны сезон, больш запатрабаваны кропкі  грамадскага харчавання. Перад Новым  годам тавараабарот таксама  задавальняе. У 2009 годзе  да нас далучылі  рэстаран “Нясвіж”, які працаваў са стратамі – “выцягнулі”, як кажуць, і яго.

У складзе камунальнага ўнітарнага  прадпрыемства цяпер  шмат аб”ектаў. І кожны патрабуе ўвагі. Адрамантавалі будынак універмага, “начынілі” яго новым гандлёвым  абсталяваннем. Сучасны выгляд  набылі гандлёвыя залы  магазінаў “Радыётавары” і “Гаспадарчыя тавары”. Адрамантавалі  фасад, памяшканне ўнутры, паставілі новае  абсталяванне ў магазінах № 7 і № 8, абноўлены  магазін № 4. Добры рамонт  праведзены ў кафэ “Несцерка”, цяпер тыя ж пературбацыі перажывае кафэ “Чабарок”: заменяць сталовае і гандлёвае  абсталяванне, пасвяжэе само памяшканне.

– Зінаіда Іванаўна, Вы – чалавек з вялікім вопытам работы. Ці ёсць у Вас вучні?

– У гархарчпрамгандлі  падначаленай у мяне  працавала Алена Уладзіміраўна Васілеўская. Потым яе прызначылі галоўным бухгалтарам ва ўніверсам. А з верасня 2013 года  Алена Уладзіміраўна – галоўны  бухгалтар нашага  прадпрыемства, паколькі я пенсіённага ўзросту. Вырасціла  пераемніцу на сваё месца. Алена Уладзіміраўна – чалавек надзейны.

ЗАЛУЖНАЯ

Алена Аляксандраўна ЗАЛУЖНАЯ, аператар машыннага даення ЗАТ “1 Мая”

Сям”я Залужных  пераехала на Нясвіжчыну, у ЗАТ «1 мая», з Капыльскага раёна ў 1994 годзе. З часам гаспадарка выдзеліла ім дом  сядзібнага тыпу на 4 пакоі ў вёсцы Салтанаўшчына. І Алене Аляксандраўне, і яе мужу Аляксандру Барысавічу знайшлася работа ў жывёлагадоўлі. Яна на МТФ “Салтанаўшчына” раздойвае кароў пасля ацёлу, ён слясарыць на комплексе “Дубейкі”, у  памяшканні, дзе стаяць  малыя цяляты.

– Алена Аляксандраўна – вельмі добрая даярка, добрасумленны работнік. Таму ёй і давераны  такі адказны ўчастак, бо ад правільнага раздою кароў  у многім залежыць  іх далейшая прадуктыўнасць, – падкрэсліла  загадчыца фермы “Салтанаўшчына” Жанна Міхайлаўна Страшко.

У 2013 годзе А.А. Залужная  надаіла ад кожнай каровы па 5736 кілаграмаў малака.  Працу яна сваю любіць і лічыць, што  ёй  пашанцавала: добра мець  і рабочае месца на новай  ферме, і добраўпарадкаванае жыллё.

Іх сям”я – шматдзетная. Залужныя выхавалі пяцёра дзяцей. Старэйшаму, Дзянісу, ужо  27 гадоў. Жыве ў Мінску, мае сваю сям”ю. “Хутка я стану бабуляй”, – усміхаецца Алена  Аляксандраўна. Дачцэ Ірыне  таксама даспадобы  прыйшлася сталіца. Другі сын, Яўген, працуе, як і бацькі, у ЗАТ “1 Мая”. Ён механізатар, культывуе глебу, сее. А вось Саша  і Наташа пакуль школьнікі. Адзінаццацікласнік і дзевяцікласніца. Аляксандр любіць тэхніку, мяркуе звязаць з ёй сваю будучую прафесію. Наталля  таксама будзе заканчваць  сярэднюю школу, яна – добрая спартсменка. Жыве сям”я дружна. Дзеці дапамагаюць  па гаспадарцы. Наташа прыбірае ў доме, Саша – у хляве, дзе трымаюць свіней, птушку.

З Аленай Аляксандраўнай  мы размаўлялі якраз напярэдадні 8 Сакавіка. Яна  чакала прыезду сваіх мінчан. Усе сабраліся на свята пад бацькоўскі дах, каб  павіншаваць дарагую матулю.

_MG_9328

Сяргей Вячаслававіч ГАПАНОВІЧ, трэнер ДУ “Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву Нясвіжскага  райвыканкама”

Баскетболам Сяргей Гапановіч захапіўся яшчэ з чацвёртага  класа. Хадзіў на трэніроўкі ў тадышнюю ДЮСШ. Выступаў  на спаборніцтвах і па іншых відах спорту: лыжах,  лёгкай атлетыцы. Першым яго трэнерам стаў Анатоль Васільевіч Губараў. Вялікую ролю ў выбары  прафесіі адыграў і бацька,  Вячаслаў Аляксандравіч, настаўнік  фізічнага выхавання.

У1989 годзе Сяргей закончыў  Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры, аддзяленне па баскетболе, у 1997-м завочна – акадэмію фізічнага выхавання ў Мінску. Працаваў нейкі час разам з бацькам  у СШ № 1 г. Нясвіжа. Пасля службы ў арміі – у СШ № 3. А калі А.В. Губараў пакінуў трэнерскую работу ў ДЮСШ, перайшоў туды. Яму  хацелася быць іменна трэнерам.

– Калі ў агульнаадукацыйнай школе  абавязаны  займацца ўсе дзеці, то ў школу алімпійскага  рэзерву ідуць па жаданні, і ў  нас галоўнае – вынік. Калі адзін гуляе, другі – не, то гэта не гульня, выніку не будзе, – тлумачыць Сяргей  Вячаслававіч. – А мы на яго  нацэлены. Таму ідзе натуральны  адбор дзяцей.

Вынікі ўжо ёсць. Нясвіжскія  баскетбаліс-ты неаднаразова станавіліся чэмпіёнамі  вобласці. У 2013 годзе занялі  чацвёртае месца ў першынстве Рэспублікі Беларусь. Многія былыя выхаванцы Сяргея  Вячаслававіча абралі спорт  сваёй прафесіяй. Так, Арцём Скрыба  гуляе ў гандбол у камандзе вышэйшай  лігі “Вікторыя-Рэгія”. Эдуард Кемен – дзіцячы трэнер баскетбольнага клуба “Цмокі-Мінск”. 30 % падапечных С.В. Гапановіча  становяцца студэнтамі  вышэйшых навучальных устаноў іменна па профілі фізвыхавання.

Сярод цяперашніх лепшых  выхаванцаў СДЮШАР трэнер называе  Антона Апановіча, вучня гімназіі, Ілью Івахніна (СШ № 3), Радзівона Панкрата і Максіма  Гапановіча  з Нясвіжскай СШ № 1. Нядрэнна праяўляюць сябе і больш юныя баскетбалісты: Ягор Ярмольчык і Іван Гур”еў са спартыўнага класа  Нясвіжскай СШ № 1, Антон Ажэшка з Нясвіжскай СШ № 4. У спартыўным класе навучаюцца  12 чалавек, заняткі з імі вядзе і ставіць адзнакі  па фізкультуры трэнер Сяргей Гапановіч. Усяго ў яго трэніруецца 42 баскетбалісты. Са старэйшымі  (гэта вучні 9-11 класаў) сустракаецца пяць разоў у тыдзень, з малодшымі – тры разы.

– Мабыць, усе юныя  спартсмены-баскетбалісты  маюць высокі рост? – пацікавіліся мы.

– Не абавязкова. Ёсць у мяне  і маленькія  нядрэнныя ігракі.

Трэнерская работа – не толькі адпрацоўка гульнёвых  элементаў. Яна мае і выхаваўчы змест. Экскурсіі, паходы, наведванне  басейна,  паездкі з дзецьмі на розныя  спаборніцтвы ў якасці  балельшчыкаў – усё гэта аб”ядноўвае  калектыў, дапамагае трэнеру лепш разумець сваіх падапечных, раскрывае іх характары. Неяк ездзілі яны ў Мінск на гульню баскетбольных каманд Беларусі і Венгрыі. Былі на трыбунах і ў Нясвіжы, калі наш горад прымаў абласны  чэмпіянат сярод дарослых  у лістападзе 2013 года.

– Я сачу за спартыўнымі падзеямі краіны і свету, – расказвае Сяргей  Вячаслававіч. – Таму што  дзеці вельмі “падкованыя” ў гэтых пытаннях, любяць усё абмяркоўваць, і думка трэнера іх заўсёды  цікавіць. Шмат спрачаліся, хто  з беларускіх спартсменаў  які медаль заваюе на зімовай  Алімпіядзе ў Сочы. “Хварэлі” за іх, перажывалі. І вельмі парадаваліся  за нашых пераможцаў.

(Працяг будзе).

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.