Падарожжа з Яе Вялікасцю Кнігай

Галоўны бібліятэкар раённай дзіцячай бібліятэкі  Аксана Рыжыкава ўручае падарунак Аксане Данчанка, вучаніцы СШ № 1 г. Нясвіжа

21 сакавіка, напярэдадні веснавых канікулаў, раённая дзіцячая бібліятэка запрасіла сваіх чытачоў у Нясвіжскі гарадскі маладзёжны цэнтр  на адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі і музыкі. Для школьнікаў была падрыхтавана забаўляльная праграма, розыгрышы прызоў, вясёлыя конкурсы. Самым актыўным чытачам былі ўручаны каштоўныя падарункі.

У мінулую пятніцу адбылося мерапрыемства, прысвечанае адкрыццю Тыдня дзіцячай кнігі і музыкі, якое прайшло на  базе Нясвіж-скага гарадскога  маладзёжнага цэнтра. Удзельнікаў свята ў гэты  дзень чакала незвычайнае плаванне па кніжных рыфах. Тэатралізаванае шоу са светлавымі  спецэфектамі  падрыхтавалі спецыялісты Цэнтра. У касцюмах піратаў яны  закруцілі дзяцей у віхуры  танцаў, конкурсаў і гульняў. Школьнікі з розных навучальных устаноў пазнаёміліся і знайшлі тут новых сяброў. Хвалі залы-палубы  калыхалі карабель юных  чытачоў пад гукі чароўнай  музыкі і захаплялі святочнымі прыгодамі. Дачка вядомага пірата Флінта Арабэла (ролю якой  удала выканала  Алёна Вінаград) разам з  памочніцамі  Алёнай Дабрыян і Ліліяй Драбеняй, запрашала школьнікаў на конкурсы, набірала  ў сваю каманду адважных маракоў, якія цвёрда  трымаліся на ўсіх іспытах, падрыхтаваных для пасвячэння  ў піраты. Разам з дзетварой весяліліся і роставыя лялькі, з касцюмамі якіх цудоўна справіліся Наталля Сіняўская і Кацярына Шчарбачэня.

_MG_0737

Ілля Мігун з СШ № 4 г. Нясвіжа — лепшы чытач-2014. Захапляецца літаратурай па гісторыі, фантастыкай

IMG_9483

Кацярына Чэркас вучыцца ў 2-м класе СШ № 1 г. Нясвіжа. Любіць чытаць казкі і апавяданні пра жывёл

Вядома, на дзіцячым свяце прагучаў ліст-зварот Каралевы Кнігі. У свой  дзень нараджэння  яна падзякавала школьнікам за сяброўства.

Не абышлося тут і без  сюрпрызаў. Капітан карабля (загадчык раённай дзіцячай  бібліятэкі Наталля Мірановіч) для  кожнай школы ўручыла ў падарунак кнігу. Павіншавалі на кніжчыных імянінах і навучэнцаў — рабят, якія любяць чытаць, часта наведваюцца ў чытальную залу бібліятэкі, прыводзяць туды сваіх сяброў.

IMG_9458

У час мерапрыемства ўсе жадаючыя маглі зрабіць на памяць малюнак у стылі бодзі-арт

Лепшымі чытачамі года на гэты раз сталі Кацярына Чэркас, Ульяна Вярцінская, Ангеліна Карачун, Валянціна Мархель, Кірыл Лугін з СШ № 1 г. Нясвіжа, гімназісткі Валерыя Беняш і Аляксандра  Віннік, навучэнка СШ № 3 г. Нясвіжа Паліна Пратасава, а таксама Ілля Мігун, Уладзіслаў Долмат, Вераніка Ярмашэнка з чацвёртай гарадской  школы і іншыя. Прадстаўнікі дзіцячай бібліятэкі на памяць пра свята ўручылі ім падарункі. А музычным сюрпрызам для ўсіх прысутных стала выступленне  выхаванцаў  Нясвіжскай дзіцячай школы  мастацтваў.

_MG_0716

Чытачы раённай дзіцячай бібліятэкі адпраўляюцца ў цікавае падарожжа Краіны кніг

Цікавае пазнавальнае плаванне  «Поўны наперад!» дало старт Тыдню дзіцячай кнігі і музыкі, які праходзіць у час школьных веснавых канікулаў. Далей дзяцей чакалі экалагічнае свята да Дня птушак, сустрэча з пушкінскімі героямі, прысвечаная 215-й гадавіне з дня  нараджэння вядомага рускага паэта, а  таксама  гульнёва-пазнавальная  праграма «Кніга — лепшы  сябар дзяцей». Усе гэтыя  мерапрыемствы прайшлі  ў Нясвіжскай цэнтральнай  раённай бібліятэцы на гэтым тыдні.

_MG_0740

У гульнях з Арабэлай і яе памочніцамі было весела

Многа слоў удзячнасці  было адрасавана арганізатарам  мерапрыемстваў ад дзяцей, педагогаў, бацькоў. У сваю чаргу, галоўны бібліятэкар раённай дзіцячай  бібліятэкі Аксана Рыжыкава адзначыла, што ў новым годзе яны чакаюць усіх жадаючых, хто зацікаўлены кнігай,  выказала  спадзяванне, што і далей  папулярнасць чытання будзе  ўмацоўвацца, таму што гэта спрыяе маральнаму выхаванню, выхаванню патрыятызму, цікавасці  да краязнаўства. А працэнт наведвальнасці бібліятэк няхай  расце, бо, як сцвярджаў Вальтэр, чытаючы ў першы раз добрую  кнігу, мы адчуваем такое ж  хваляванне, як пры набыцці новага  сябра. А паўторна прачытаць ужо знаёмую кнігу — значыць ізноў убачыць старога сябра…

Іна ВАСІЛЕВІЧ

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.