У чаргу да… робата

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Ідэю стварэння  новай малочна-таварнай фермы яны  выношвалі даўно. Яны — гэта Віктар Міхайлавіч Азарка, на той час дырэктар  ААТ «Юшавічы», і Алег Сцяпанавіч Вінаград, які працаваў галоўным заатэхнікам гаспадаркі, а з 2012 года ўзначальвае адкрытае акцыянернае таварыства. Час і абставіны  прымушалі гэта рабіць. У простай, радавой гаспадарцы, якой з»яўляюцца «Юшавічы», з яе старымі  кароўнікамі і даільнымі ўстаноўкамі, сярэдні надой на адну  фуражную карову дасягнуў 7000 кілаграмаў і перавысіў гэты паказчык.

— З тымі ўстарэлымі тэхналогіямі, якія ў  нас былі, і дасягнуць такога  — проста неверагодна! — гаворыць Алег  Сцяпанавіч  Вінаград (фота 1). — Мы маглі б і далей спакойна  так працаваць, даіць па 7 тысяч, але гаспадарка спынілася б у развіцці, не змагла б рухацца наперад. А гэтага дапускаць было нельга. Хацелася штосьці памяняць… І так тры гады ўжо стаялі, лічы, на месцы.

Варта ўдакладніць, што на месцы «Юшавічы» ўсё-такі не стаялі. Прадуктыўнасць каровы ў 2009 годзе складала тут 6946 кг, у 2010-м — 6949 кг, у 2011-м — 7039 кг, у  2012-м — 7079 кг, летась — 7125 кг. Прыбаўка, канешне, невялікая, але ж яна ёсць. Па надою на фуражную карову гаспадарка заняла  пятае месца ў раёне пасля «Снова», «Гара- дзеі», «Нясвіжскіх Астровак» і «Новага жыцця». І ні здаваць пазіцый, ні таптацца  на адным  месцы ў акцыянерным таварыстве не збіраюцца. У гэтым ім ужо дапамагае першая чарга новай МТФ № 2 «Затур»я» (фота 2, 3), якая  дала першае малако ў кастрычніку 2013 года. Кароў на ёй дояць робаты.

— Мы з Віктарам Міхайлавічам доўга вывучалі розныя  тэхналогіі, перш чым брацца  за будаўніцтва фермы. Стаялі перад выбарам:  даільная зала  ці робаты? Да таго ж, для любога абнаўлення  неабходны сродкі. Трэба было рызыкнуць і ўзяць крэдыт. І Азарка прыняў рашэнне… Кароўнік пабудавалі за свае грошы, затраціўшы 10 мільярдаў рублёў. Каб закупіць абсталяванне, узялі ў  Белагра-прамбанку 14 мільярдаў рублёў валютнага крэдыту  пад 9 працэнтаў гадавых на 5 гадоў, — працягвае аповед Алег Вінаград. — Канешне, выплата крэдыту —  справа няпростая. Толькі мы не шкадуем,  бо ўжо маем некаторыя вынікі. Першая  чарга фермы працуе, ад каровы ў сярэднім надойваем за суткі па  25 кілаграмаў малака. Штодзень новая ферма прыносіць каля  25 мільёнаў рублёў. Падлічылі, што за 5 гадоў затраты акупяцца. Да канца 2014 года выйдзем на робатах на 8-тысячны надой ад каровы. На сённяшні дзень усе  спецыялісты і рабочыя  акцыянернага таварыства настроены на тое, што трэба ўзвесці яшчэ адзін такі ж кароўнік — на 240 галоў, на атрыманне такога ж малака. Будаўніцтва ўжо распачата.

Экскурсію па робатызаванай  ферме нам арганізаваў галоўны заатэхнік гаспадаркі Васіль Халопіца (фота 6). Аператары Алег Главінскі (фота 5) і  Сяргей Новакрашчонаў (фота 4) (трэцім тут працуе Аляксандр Марціноўскі) наводзілі парадак у памяшканні. Яны ж прадэманстравалі работу  электрычнай машыны, якая падсоўвае корм на кармавым стале.

— Пусціш яе разоў восем за суткі, пройдзе па крузе — і ўвесь корм  акуратна прыбраны, праход  у парадку, — пракаменціраваў Васіль Мікалаевіч.

Працу робатаў (а іх тут чатыры) дэманстравалі самі каровы. Пакуль адна даілася, абедаючы канцэнтратамі, другія  цярпліва стаялі за ёй у чарзе.

— Прынцып работы робата — гэта інстынкт кармлення жывёлы, інстынкт даення — гэта  другаснае, — тлумачыць заатэхнік. — Карова ведае, што толькі  ў даным месцы яна можа  паесці камбікорм, што болей яго  нідзе няма. Таму і прыходзіць сюды. На першым часе, калі кароў прывучалі да механічнага дояра, больш неспакойныя жывёліны маглі і з нагамі ў кармушку  залезці. Такіх робат проста  акуратненька выправаджваў з даільнага  месца.

Задаволены галоўны спецыяліст, які сам шмат увагі  надае гэтай ферме, і работай  аператараў:

— Справіліся і з расцёламі, і з раздоем.

І хоць сутачны надой на карову на  новай ферме (25 кг) значна перавышае сярэдні па гаспадарцы (18,6 кг), Васіль Халопіца даволі  стрыманы ў ацэнцы дасягнутага:

— Пакуль рана гаварыць тут пра вялікія поспехі. Каровы яшчэ маладыя. Трэба, каб  жывёліны прайшлі ўвесь  цыкл — адаптацыю, расцёл, раздой, пакрыццё, запуск, новы ацёл. Вось тады ад каровы ўжо можна  чакаць вялікага малака. А наша задача — захаваць яе ў дойным статку.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.