Вялікая радасць ад маленькай лялькі

Алена Фёдараўна Лабко (на здымку) знаёмая, напэўна, многім жыхарам нашага раёна як галоўны спецыяліст службы «Адно акно» Нясвіжскага райвыканкама. Аднак далёка не ўсе ведаюць, што яна не толькі, што называецца, «офісны работнік», але і цікавы, таленавіты чалавек, пад рукамі якога звычайныя кавалачкі тканіны ператвараюцца ў маленькія копіі людзей і казачных ці міфалагічных персанажаў. Як вы ўжо здагадаліся, размова ідзе пра лялькі.

Займацца іх вырабам яна пачала выпадкова — наткнулася ў інтэрнэце на сайт, зацікавілася. Так і пачала шыць — у асноўным, з натуральных матэрыялаў, што ёсць у запасе дома, бывае, нешта і дакупляецца. Тканіну для цела лялькі фарбуе чаем ці кавай, якія даюць бэжавае адценне, адзенне шые з кавалачкаў старых рэчаў — такога дабра хапае ў кожнай гаспадыні. Аб»ём лялькам стварае пры дапамозе сінцепону — яго можна набыць і праз інтэрнэт-магазін, калі няма ў звычайным.

Вобразы бярэ і з інтэрнэту, і прыдумвае сама. Нядаўна сшыла Дамавіка Кузю, зараз робіць яшчэ аднаго — на падарунак да 8 Сакавіка. Любі-мая лялька — гэта карэйская ці японская трыпіенцэ. Яны паўтараюць фігуру і памер лялек Барбі.

— Цікава, што пачынаеш шыць ляльку і ўяўляеш сабе адно, а атрымлі-ваецца зусім іншае, — гаворыць Алена Фёдараўна. — Бывае, нават лепшае, чым хацела, а бывае, і наадварот. І зрабіць дзве аднолькавыя цацкі немагчыма, нават калі бярэш адны і тыя ж матэрыялы, адзін малюнак, адну форму. Усё роўна крышку не так падвядзеш вочка на лялечным тварыку — і ўжо зусім іншы вобраз. Работы свае ў асноўным раздарваю. Бывае, раблю на заказ, але ў асноўным — на падарункі. Вельмі цікавае захапленне. Усё шыецца рукамі. Можна, канешне, і машынай, але дробныя дэталі зрабіць ёю акуратна амаль немагчыма.

Для душы гэта захапленне дае незвычайны азарт, прыліў энергіі. Усё робіш так, як хочаш сам, потым — любуешся і радуешся. Асабліва зімой і ў непагадзь восені і пачатку вясны, калі не хапае цяпла і сонца, лялька аддае табе тую часцінку душы і цяпла, якое ты на яе траціш.

З рукадзеллем Алена Фёдараўна знаёма даўно і, як кажуць,  не па чутках. Раней вязала кручком і спіцамі, па выкрайках з «Бурды» шыла сабе рэчы. Калі нарадзіліся дзеці, стала не да гэтага — пабольшала другіх хатніх клопатаў. Зараз, калі яны ўжо дастаткова самастойныя, у мамы з»явілася больш часу на свае захапленні, і дзеці з задавальненнем падтрымалі яе — дапамагаюць рабіць для лялек драўляныя стойкі, дзякуючы якім яны трымаюцца вертыкальна. Муж спачатку паглядаў на гэту работу скептычна, але з цягам часу і сам стаў падтрымліваць жончыну любоў да самаробных фігурак, кожная з якіх, непаўторная і арыгінальная, захоўвае ў сабе дабрыню і цяпло рук сваёй стваральніцы.

Соф»я ЛЮБАНЕЦ

Фота Іны ВАСІЛЕВІЧ

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.