Газеты — у барацьбе з ворагам

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Упэўнены: СМІ ў інтэрнэце ніколі не змогуць замяніць друкаваныя выданні. Больш таго: напрыклад,  асаблівы гонар адчуваеш, калі ў Нацыянальнай бібліятэцы гартаеш пажоўклыя ад часу газеты Вялікай Айчыннай вайны. Да цябе нібы праз рукі прыходзіць святое пачуццё памяці і ўдзячнасці нашым дзядулям і бацькам, што змагаліся за наш сённяшні шчаслівы дзень.

Адразу заўважу, што ў Вялікую Айчынную вайну на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі выходзіла больш за 160 газет падпольных партыйных органаў і партызанскіх фарміраванняў. А ў варожы тыл досыць  актыўна  засылаліся газеты «Савецкая Беларусь», «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь». Асаблівым поспехам карысталіся газета-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» і сатырычны лісток «Партызанская дубінка».

Ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму газеты дамапагалі глыбока патрыятычным  словам змагацца з ненавіснымі захопнікамі. Ужо з канца 1941 года падпольшчыкі выпускалі лістоўкі і бюлетэні — пераважна на пішучых машынках ці самаробных друкарскіх станках. А ў снежні 1941 г. Мінскі падпольны гарком КП(б)Б стварыў першую ў сталіцы нелегальную друкарню, якая выпускала перыядычны лісток «Вестник Родины». На пішучай машынцы і гектографе з красавіка 1942 г. Магілёўская падпольная арганізацыя «Камітэт садзейнічання Чырвонай Арміі» выдавала газету «За Родину». У маі надзвычай цяжкага 1942 г. выйшаў першы нумар газеты «Звязда» — органа Мінскага падпольнага гаркома КП(б)Б, у якім былі змешчаны перадавы артыкул «Шырэй партызанскую барацьбу!», заклік  Якуба Коласа да беларускага народа. У пры-франтавой паласе з чэрвеня 1942 г. выдавалася газета «Віцебскі рабочы».

15 снежня 1942 г. ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне стварыць у снежні 1942 — студзені 1943 г. 10 абласных і 50 раённых падпольных друкарняў. У Маскве быў наладжаны выпуск партатыўных друкарскіх машын, якія па заданні ЦК сканструяваў механік фабрыкі «Палесдрук»                       Ф. Пільціенка. І ў ліку першых пачалі выходзіць клічаўскі «Голас партызана», «Бобруйский партизан», «Большевистская правда» — орган  партызанскай брыгады «Дзядзькі Колі» Мінскай вобласці. Трэба адзначыць, што ў 1942 — 1943 гг. быў наладжаны выпуск 134 газет.

У тыле ворага выдаваліся газеты «Чырвоная змена», баранавіцкая «Чырвоная звязда», брэсцкая «Заря», «Гомельская праўда», магілёўская «За Радзіму», мазырская «Бальшавік Палесся», пінская «Палеская праўда», сенненская «Бальшавіцкая трыбуна», брэсцкая «За Родину», слонімская «Барацьба».  У ваенных СМІ  змяшчаліся творы Янкі Купалы ( «Беларускім партызанам», «Зноў будзем шчасце мець і волю»), Якуба Коласа «Адпомсцім», «На абарону», «Душою і сэрцам мы з вамі, героі», «Фашысцкім бандытам»), а таксама П. Броўкі, К. Крапівы, А. Куляшова, П. Панчанкі, А. Астрэйкі, П.Глебкі  і іншых аўтараў. Цэлы зборнік вершаў А. Астрэйкі  «Слуцкі пояс» у 1943 г. быў выдадзены ў друкарні слуцкай газеты «Народны мсцівец». Актыўна змяшчаліся ў газетах ваеннага часу партызанскія песні, прыпеўкі, фельетоны, сцэнарыі партызанскай мастацкай самадзейнасці, малюнкі баявых эпізодаў і даваеннага жыцця, партрэты народных мсціўцаў.

А першы беларускі часопіс «Народный мститель» быў выдадзены 208-м партызанскім атрадам імя І.В. Сталіна яшчэ ў лютым 1942 г.  Сярод найбольш працяглых выданняў можна  адначыць кіраўскі «Кіравец», гомельскі «Альманах партизанского творчества», бешанковіцкую газету  «За Савецкую Беларусь», бярэзінскую  «Путь партизана».

Сатырычнае выданне «Раздавім фашысцкую гадзіну» выходзіла  на беларускай мове ў Гомелі, Навабеліцы, Мінску з сакавіка 1942 да мая 1945 г. (да студзеня 1942 г. — на рускай мове). Выдавалася  і як агітплакат, і як газета-плакат, і як сатырычны часопіс. Рэдактарамі выдання былі  М.Чавускі (1941 — 1943 гг.)  і К. Кра-піва (1943 — 1945 гг.). І менавіта гэтае сатырычнае выданне стала бацькам рэспубліканскага часопіса «Вожык», які пачаў выдавацца ў Мінску са жніўня 1945 года.

Чытаючы ваенныя СМІ, адчуваеш і напружанае гучанне друкаванага радка, і тонкі сплаў палымянай публі-цыстычнасці, грамадзянскай страснасці і спавядальнасці аўтараў матэрыялаў. Мы  яскрава бачым, што ўвесь свой талент аўтары скіроўвалі на тое, каб паказаць жорсткасць і бесчалавечнасць ворага, натхніць салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, партызан на рашучую барацьбу, уславіць мужнасць, адвагу, самаахвярнасць, асудзіць маладушнасць і здраду. А галоўнае — упэўніць веру людзей ў непазбежную перамогу над фашызмам, чумой не толькі ХХ стагоддзя, але  нават і сучаснага жыцця.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,  педагог, краязнаўца


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.