“МАЦНЕЙ БЛАКАДЫ МЫ БЫЛІ…”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

27 студзеня 1944 года ў 20.00 у Ленінградзе  прагрымеў  святочны салют. 872 дні  асады засталіся ззаду. Гераічная  абарона горада да гэтага часу з,яўляецца сімвалам гераізму, стойкасці і мужнасці людзей. Сёлета грамадскасць адзначыла  70-годдзе зняцця блакады  Ленінграда. Гэта дата святая не толькі для грамадзян Расіі. У Беларусі таксама  жыве шмат блакаднікаў Ленінграда. Сённяшні наш аповед — пра несвіжанку Галіну Андрэеўну Трыбунскую.

Калі над Нясвіжам  нізка пралятае самалёт, у яе сціскаецца сэрца і ў душу зноў закрадваецца страх. Хаця розум дыктуе, што цяпер час мірны і няма чаго баяцца, але памяць не можа выкрасліць з жыцця тыя страшныя дні бамбардзіроўкі Ленінграда фашысцкімі самалётамі.

Галіна была тады маленькай дзяўчынкай, і ўсё ж памятае жудасныя дні блакады.

Нарадзілася яна перад вайной у сям»і  Ганны і Андрэя Станіслаўчыкаў на Вялікай Парахаўской вуліцы, назва, дарэчы, засталася ад таго, што пры царызме тут былі парахавыя склады. Жылі добра і весела,  у сям»і раслі трое дзяцей. Бацька працаваў на заводзе «Чырвоны выбаржац». Абжыліся, завялі гаспадарку на ўскраіне горада, трымалі козы.

Вайна перакрэсліла ўсе планы і бесклапотнае дзяцінства. Дзень 8 верасня 1941 года для Ленінграда стаў самым чорным: фашысты адрэзалі яго ад Вялікай зямлі і блакіравалі. Жыхарам не хапала ежы, паліва, адзення, кожны дзень на будынкі падалі варожыя бомбы, дарослыя і падлеткі дзяжурылі на дахах дамоў і скідвалі запальнікі. Бацька працаваў на заводзе, які выпускаў снарады для фронту, толькі два разы ў тыдзень прыходзіў дадому. Людзі былі ў напружанні і страху, і ўсё-такі працягвалі змагацца за кожны дзень. Ве-               рылі: вызваленне прыйдзе. Гэта вера надавала сіл. Хаця іх было так мала: 500 грамаў хлеба на 4 чалавекі. Выдавалі, і то не заўсёды, па 50 грамаў цукру на дзіця. Бацька набіраў снег, растопліваў у каструлі ў буржуйцы і так дзеці грэліся. А мама замешвала хлеб з вадой і соллю (называлася гэта цюра), каб дзеці больш пілі вады.

— Мая маленькая сястра Тоня (ёй быў годзік) заснула, — расказвае Галіна Андрэеўна, —  і не прачыналася. Мама думала, што яна памерла ад слабасці і збіралася хаваць.  Але ўсё яе дала ёй крышку саладкаватай вады, і дзіця расплюшчыла вочы, потым упала, заснула. А тут зайшла суседка з трэцяга паверху і сказала жудасныя словы: дзяўчынка, маўляў, усё роўна не выжыве, трэба яе ім аддаць, яны з»елі б, а  маме засталіся б дзіцячыя картачкі. Мама прагнала тую жанчыну…  Не ўсе маглі вытрымаць суровыя выпрабаванні, а  з-за страху і голаду адбыліся псіхічныя расстройствы.

Цяжкія рэаліі блакадных дзён мелі розныя праявы, але ў большасці людзі стараліся трымацца, дапамагалі адзін другому па меры магчымасці. Маці Галіны дзялілася з суседзямі бульбянымі ачысткамі, бо восенню ў іх заставалася бульба. Пяклі соевыя ляпёшкі. Яны былі  непрыемныя на смак, але трэба было выжываць. Працавалі школы, тэатр. Ленінградцы,  больш мацнейшыя, капалі траншэі, рабілі ўсё, што было неабходна. Горад не здаваўся. Каб сагрэцца,  ламалі мэблю, усё, што гарэла, але і гэтага было мала. Бацька Галіны здабываў нейкіх дошак і абрэзкаў, прыносіў  і паліў у буржуйцы.  Як на тое, зіма  1941-1942 года  была вельмі марозная: 30-34 градусы. Выжывалі мацнейшыя, а слабейшыя падалі на вулі-цы і іх не было каму падняць: калі нагнешся  — сам упадзеш. Памерлых вывозілі на Піскароўскія могілкі і групамі закопвалі ў вялікія магілы, запісвалі прозвішчы, імя, дату смерці.

— Не забыць такое ніколі, —  гаворыць Г.А.Трыбунская. — Гэты боль  застаўся на ўсё жыццё. Я памятаю, як падчас чарговай бамбёжкі ў нас выбіла вокны, і мы сядзелі ў цемры і холадзе, замярзаў хлеб…

Цяжкія дні вымушалі дзяцей не па гадах быць дарослымі.  Як сказаў паэт Юрый Воранаў:

В блокадных днях мы так и не узнали

Меж юностью и детством где черта…

І гэта сапраўды так, бо мы, як і ўсе дзеці вайны, хутка станавіліся дарослымі, а тое, што было, памятаем і сёння.

А хіба я забудуся красавік 1942 года, калі мы перабіраліся праз Ладагу на машыне і баяліся, каб не трапіла  фашысцкая бомба?! Тады бацька і яго  таварышы па рабоце перавозілі заводскае абсталяванне, каб эвакуіраваць яго. Дзеці крычалі, а дарослыя супакойвалі: «Цішэй вы, бо немцы пачуюць, утопяць!» З цяжкасцю, з малітвамі, з апаскай праехалі па Дарозе жыцця, як назвалі тады гэтую адзіную нітачку праз возера, што звязвала горад в Вялікай  зямлёй. Дабраліся да станцыі Кабола, адтуль паехалі на Урал.

З эвакуацыі сям»я Станіслаўчыкаў вярнулася ў Ленінград у 1946 годзе. Са слязьмі на вачах гля-дзелі на разбураны вайной горад, настрой быў прыгнечаны. Пачаліся галодныя пасляваенныя гады: чарга за прадуктамі, якую займалі ноччу,  каша з гарбуза, якой кармілі дзяцей у школе,   злосць, што  выплёсквалася з некаторых людзей… Праз год сям»я пераехала ў Беларусь, адкуль бацькі  былі родам. Пасяліліся ў Полацку. Дарослыя працавалі, дзеці вучыліся і падрасталі. Жыццё было цяжкім: хлеба не хапала, дзеці думалі толькі пра ежу. Галя пасвіла гусей,  а сама іх баялася. Свой сумны след блакада пакінула і ў тым, што дзяўчынка доўга не магла гаварыць. Гэта акалічнасць ускладняла яе жыццё, нават у вучылішча не магла паступаць.

Далейшы лёс  Галіны Андрэеўны склаўся ня-проста, давялося перабраць многа работ: і няньчыла чужых дзяцей, і працавала буфетчыцай, і была прадаўцом. Выйшла замуж за маёра  Мікалая Трыбунскага, які служыў у Чэхіі, а Галіна там працавала.  А потым шляхі-дарогі прывялі ў Нясвіж. Усёй душой палюбіла  яна наш старажытны гарадок, як і ўсю Беларусь. Тут выраслі дзеці, нарадзі-ліся ўнукі. Галіна Андрэеўна прачытала мне радок аднаго верша, які ёй спадабаўся:

Сейчас меня пригрела такая любимая мать

— Беларусь,

Я  братской любовью ее полюбила,

Я родиной этой горжусь.

А ўсім людзям яна жадае міру і дабрыні, шчасця жыць у вольнай краіне. Больш за ўсё баіцца голаду, вайны. Яна вельмі беражліва ставіцца да хлеба, кожную крошку падбярэ, і дзяцей таму сваіх вучыла. Як сказала яе дачка Таццяна: «Мама пастаянна корміць нас, хаця каб не былі галодныя…»

У 2005 годзе Г.А.Трыбунская ездзіла ў Ленінград  (цяпер Санкт-Пецярбург),  усклала чырвоныя гваздзікі да Піскароўскага мемарыяльнага комплексу (на здымку). Гэтае месца ніколі не забудзе той, хто перажыў чорныя дні, хто выжыў, аказаўшыся мацней  за блакаду.

Раіса ХВІР,  г.Нясвіж


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.