На паэтычнай хвалі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Хата-музей

Звычайная хата. Вясковая хата,

Гады і пажары пакінулі след,

У ёй не пачуеш сардэчнае «тата»,

У ёй не пачуеш гасціннае «дзед».

Жыве удава тут гадоў можа сорак.

Даўно адгрымела віхура-вайна.

— Давайце музей краязнаўчы

мы створым, —

Прасіла сваіх выхаванцаў яна.

Прыносілі дзеці свае экспанаты:

Лісты франтавыя і рэчы дзядоў,

Газеты і каскі, патроны, гранаты

І пахаванкі у адрас удоў.

У хаце старой невялічкая зала,

Стол, лаўкі, што тут прастаялі гады,

А колькі яны у сябе умяшчалі

І славы людской, і людское бяды!

Глядзіць гаспадыня на картачку мужа,

На кіцель, што ў ордэнах,

у медалях…

А быў ён вясёлы, ласкавы і дужы,

Камбайны вадзіў па шырокіх палях.

Яна не люляла дзяцей і унукаў,

У адзіноце трывожна жыла.

А колькі яе працавітыя рукі

Дарылі падлеткам ведаў, святла.

Суседзі жадаюць усхвалявана,

Як толькі яе пакідаюць парог:

— Здароўя табе, дарагая Таццяна,

Няхай цябе, любая, мілуе Бог!

Дзённік памяці

Калі страчаю сябра франтавога,

З кім радаваўся, ваяваў, дружыў,

У пыле, дыме паўстае дарога,

Акопы, наступленне, бліндажы.

Размотваецца стужка ўспамінаў,

Мільгаюць кадры тых суровых дзён,

Вось бачу курганок: зямляк загінуў,

Вось горад зруйнаваны мне відзён.

І мне здаецца: чую горыч дыму,

І песню баявую юнакоў,

І камандзірскі голас:

«За Радзіму!»

Мне бачны бляск адточаных штыкоў.

О памяць! Я жыву, табой натхнёны,

Ты летапіс і дзённік для жывых.

Хачу дарог у яблынях, у клёнах,

Хачу я дзён у сонцы, веснавых.

Паўлюк ПРАНУЗА


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.