На тэму мінулай вайны

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Пра Вялікую Айчынную вайну напісана шмат. Беларускі мастацкі і дакументальны вопыт — самы перадавы ў сусветнай літаратуры, таму што пераважная большасць стваральнікаў ваеннай прозы сама брала ўдзел у самай крывавай вайне ХХ стагоддзя. І таму мы ў ХХІ стагоддзі павінны перадаваць гэты вопыт дзецям і унукам — каб ніколі не паўтарыліся ўрокі страшнай трагедыі.  І мне як педагогу вельмі горка і  балюча, што не ўсе нашчадкі хочуць памятаць і вывучаць урокі вайны, калі даспадобы больш камп»ютарныя амерыканскія стралялкі…

На жаль, і сёння яшчэ знаходзяцца тыя, хто жадае прынізіць гераізм савецкага народа ў Айчынную вайну, зменшыць значэнне Вялікай Перамогі. Камусьці так хочацца адабраць у нас права на Перамогу, зруйнаваўшы такім чынам нашу гістарычную памяць.  Знаходзяцца такія гора-чалавекі, што  пачынаюць казаць пра абсурднасць вайны і дарэмнасць шматмільённых ахвяр. Пачынаюць навязваць іншую шкалу каштоўнасцей.  Шмат развялося ілжывых прафесараў, што любяць распавядаць слухачам, асабліва неадукаваным, тэзісы так званай «правільнай» гісторыі.

І каб вы не паддаваліся на правакацыі такога кшталту, трэба звярнуцца яшчэ і  яшчэ раз да айчыннай ваеннай прозы гераічнага ХХ стагоддзя. Беларуская проза і здолела дасягнуць свайго найвышэйшага самавыяўлення менавіта ў раскрыцці вытокаў стойкасці і мужнасці  савецкага салдата, афіцэра, партызана. Дарэчы, на сусветным узроўні наша мастацкае слова і вядома найперш праўдзівай прозай пра тыя палымяныя і  незабыўныя 1418 дзён і начэй. А як жа інакш? На тэму мінулай вайны ў нас пісала цэлая плеяда празаікаў:  К. Чорны, М. Лынькоў, І. Мележ, А. Адамовіч, Я. Брыль, В. Быкаў,                 І. Шамякін, І. Навуменка, В. Адамчык, І. Чыгрынаў, І. Пташнікаў, Б. Сачанка, В. Казько, В. Карамазаў, А. Кудравец і многія іншыя.

Творчасць вышэйзгаданых аўтараў стала красамоўным дасягненнем не толькі айчыннай літаратуры (і найперш у спасціжэнні драматычнага і трагічнага вопыту), але і з»явай сусветнага маральна-духоўнага вопыту. І таму проза пра Вялікую Айчынную, дзе на змаганне ўзнялася ўся Айчына,  застаецца і сёння  не толькі  адным з галоўных  складнікаў нашых поглядаў на мінулае, але  і дазваляе ўтрымліваць сувязь з гісторыяй народа, працягваючы надаваць паглыблены маральны сэнс нашаму годнаму чалавечаму адчуванню ў сучаснасці і будучыні.  Вельмі часта беларускія пісьменнікі ставяць сваіх герояў на вайне ў такія складаныя ўмовы, дзе ад іх патрабуецца бескампрамісны маральны выбар, што, як вядома, зрабіць заўсёды складана.

Скажу больш: Вялікая Айчынная настолькі глыбока ўвайшла ў свядомасць і ментальнасць беларускага народа, што памяць аб ёй запісана ў беларусаў розных пакаленняў амаль на генетычным узроўні. Тут хочацца ўспомніць глыбокія словы В.Казько: «… Не проста кожны трэці загінуў. Гэта з нас трэць нашага чалавечага цела вырвалі і недзе пахавалі».  Асабліва скрупулёзна беларускімі аўтарамі была распрацавана тэма партызанскай барацьбы ва ўмовах акупацыі, пра якую нават сёння помняць ямкі ў нашых лясах і партызанскія сосны-сёстры… Мы і сёння адчуваем сябе народам, які дагэтуль не вярнуўся з вайны. Вайна працягваецца ў нашай памяці, свядомасці, нават у крыжах на вокнах хат нашых неперспектыўных вёсак. А нельга ж забываць, што многія беларускія вёскі былі ў вайну спалены разам з жыхарамі  і наогул пасля не ўзняліся з нябыту…

Заўважу, што ў беларускай прозе нямала твораў, у якіх народ і вайна разглядаюцца праз прызму ўспрыняцця мірнага жыхара: «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае чужынцы» І.Чыгрынава, «Чужое неба» Б.Сачанкі, «Знак бяды» В. Быкава. Трагедыя вайны ў тым,  што чалавек становіцца безабаронным перад жорсткасцю, несправядлівасцю.   Так,  Галгофай для герояў В.Быкава, месцам здзекаў і гвалту стаў маленькі  ўласны хутар, што падкрэслівае асабліва трагічнае становішча чалавека на вайне.

Алесю Адамовічу споўнілася 15 гадоў, калі ён стаў падпольшчыкам і партызанам. Вайна пакінула глыбокі след у свядомасці юнака, і гэта з»явілася адной з прычын таго, што тэма вайны стала асноўнай у творчасці пісьменніка. Вопыт перажытага падчас вайны знайшоў сваё адлюстраванне ў дылогіі «Партызаны» (раман «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой» ). Вялікая Айчынная вайна закранула кожны дом, кожную сям»ю. Пісьменнік, імкнучыся замацаваць у народнай памяці трагедыю кожнага чалавека, аб»ездзіў (разам з Я. Брылём і У. Калеснікам) амаль усю Беларусь, запісаў звыш 300 жахлівых маналогаў-успамінаў  удзельнікаў і ахвяр фашызму. З ваенных эпізодаў, фактаў, лічбаў, фотаздымкаў, галасоў людзей, якія цудам уратаваліся з агню, складваецца цэласны вобраз нязломнага беларускага народа. Са старонак кнігі паўстаюць маці, бацькі, дзяды, якія выжылі, каб расказаць усяму свету пра здзекі катаў-нелюдзяў, пра адну з самых трагічных старонак у гісторыі  не толькі беларусаў, але і ўсіх людзей планеты Зямля.

У дакументальнай аповесці С. Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» сабраны амаль 200 споведзяў жанчын-франтавічак, падпольшчыц і партызанак. Медыкі, сувязісткі, сапёры, лётчыцы, снайперы, стралкі, зенітчыцы, танкісты, дэсантніцы, шафёры — усе  яны, салдаткі,  прайшлі праз бязлітасныя выпрабаванні жорсткага часу.  «Не жаночая гэта  доля — забіваць», — заяўляе адна з гераінь. Але ж менавіта вайна, у якой зусім не жаночы твар, прымусіла ўзяцца за зброю і жанчын.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,  педагог, краязнаўца


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.