Свята юных талентаў

У  раённым цэнтры культуры адбыўся справаздачны канцэрт творчых калектываў і адкрыццё выставы работ мастацкага аддзялення Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў.

Падчас гэтага мерапрыемства, якое стала сапраўдным святам для тых, хто любіць музыку, танец і выяўленчае мастацтва, выхаванцы Нясвіжскай ДШМ прадэманставалі самае лепшае, чаму яны змаглі навучыцца ў сваіх педагогаў.

Так, выстава ў фае РЦК адкрыла гледачам непаўторны свет дзіцячай фантазіі і ўменне бачыць незвычайнае ў звычайных рэчах, якому юных мастакоў навучалі педагогі М.П. Канавалава, Ж.І. Шарапа і А.Ю. Шыцько. А на сцэне цэнтра, дзе панавалі музыка і танец, дзеці паказалі сваё ўменне іграць на музычных інструментах сольна і ў ансамблях, спяваць і танцаваць. Гледачы горача апладзі-равалі ансамблю народных інструментаў пад кіраўніцтвам Аляксея Буглая, юным дамрыстам пад кіраўніцтвам Алены Камлач, квартэту флейтыстаў пад кіраўніцтвам Таццяны Буглай, ансамблю гітарыстаў пад кіраўніцтвам Ларысы Астрэйкі, інструментальнаму ансамблю пад кіраўніцтвам Уладзіміра Гурына, ансамблям скрыпачоў (кіраўнік Святлана Ярмак) і цымбалістаў (кіраўнік Таццяна Ратомская), чароўнаму саксафону Уладзіслава Гурскага і рамантычнай трубе Дзмітрыя Багдзевіча, якіх рыхтаваў выкладчык Аляксандр Добыш. Цёпла сустракалі слухачы і дуэт баяністак — сясцёр Вольгі і Іны Платун, што займаюцца ў класах Аляксандра Бенедзіктовіча і Леаніда Шышко, і дамрыстку Крысціну Міклаш (клас Ларысы Астрэйкі). Шмат непаўторных эмоцый выклікалі танцавальныя нумары, якія падрыхтавалі педагогі Кацярына Лабаза і Алеся Злобіч. Непасрэднасць і экспрэсіўнасць юных танцораў, яркія касцюмы і захапляльныя мелодыі танцаў стварылі цэлыя харэаграфічныя замалёўкі, якія выклікалі шчырае захапленне залы.

Не горш, чым іграць і танцаваць, умеюць навучэнцы школы і спяваць. Гэта прадэманстравалі хор 1 класа, ансамбль хлопчыкаў і зводны хор навучэнцаў школы пад кіраўніцтвам Любові Сакалюк. Рознахарактарныя песні ў іх выкананні, кожная па-свойму, кранулі сэрцы слухачоў.

Па завяршэнні канцэрта з прывітальным словам да яго ўдзельнікаў, арганізатараў і ўсіх прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Іван Крупко. Ён выказаў удзячнасць педагогам, якія працуюць з юнымі талентамі, і запэўніў у тым, што на раённым узроўні для гэтых талентаў і надалей будзе рабіцца ўсё магчымае, каб яны раслі і развіваліся на радасць сваім бацькам, настаўнікам і ўсёй Нясвіжчыне.

І сапраўды, сёлета са сцен Нясвіжскай ДШМ выйдзе 49 выпускнікоў. Гэта значыць, што не менш адораных дзяцей тут будуць чакаць у верасні. І няхай не ўсе яны стануць вялікімі артыстамі, але ў іх душах назаўсёды застанецца любоў да прыгожага, асаблівае ўменне разумець яго і несці з сабой гэта разуменне ў дарослае жыццё.

Соф»я ЛЮБАНЕЦ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.