У памяці нашчадкаў

Ужо ў самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў раёне сталіцы нашай Радзімы — Мінска —  праходзілі надзвычай жорсткія баі войск Чырвонай Арміі супраць гітлераўскіх акупантаў. А ў выніку масіраваных налётаў на горад у Мінску ў першыя дні вайны было знішчана больш за 20 % забудовы, загінула шмат жыхароў.

28 чэрвеня 1941 г. Мінск акупіравалі фашысты, прычым горад стаў цэнтрам Генеральнага камісарыята Беларусі — вышэйшага органа гітлераўскага кіравання часткай акупіраванай тэрыторыі нашай краіны. У Мінску і наваколлі фашысты ўстанавілі жорсткі акупацыйны рэжым: яны стварылі 9 лагераў смерці, якія мелі аддзяленні: Масюкоўшчынскі, Трасцянецкі лагеры смерці, а таксама яўрэйскае гета.

Жыхары сталіцы з першых дзён акупацыі аказвалі супраціўленне немцам. Актыўна дзейнічалі патрыятычнае падполле, Мінскія падпольныя гаркамы КП(б)Б і ЛКСМБ, гарадскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. У падпольных друкарнях аператыўна  былі выдадзены лісток «Вестник Родины», газета  «Патриот Родины», чатыры нумары газеты «Звязда».

За час акупацыі гітлераўцы знішчылі ў Мінску і яго ваколіцах больш за 400 тысяч чалавек, у тым ліку больш за 70 тысяч мінчан. Адзін з самых прыгожых гарадоў свету быў пераўтвораны ў руіны, разрабаваны бібліятэкі і  музеі. Агульныя страты, нанесеныя гаспадарцы Мінска, склалі ў цэнах 1941 г. шэсць мільярдаў рублёў.

Мінск вызвалілі войскі 1, 2, 3-га Беларускіх франтоў ва ўзаемадзеянні з партызанамі ў выніку Мінскай аперацыі. У Мінскім «катле» было знішчана больш за 70 тыс. нямецкіх салдат і афіцэраў. На час  вызвалення ў горадзе  заставалася 80-90 тыс. жыхароў. За гераізм, праяўлены ў час Айчыннай вайны, мінскім падпольшчыкам У.С.Амельянюку, І.К.Кабушкіну, І.П.Казінцу, М.А.Кедышку, Я.У.Клумаву, А.Р. Мазанік, М.Б.Осіпавай, Н.В.Траян было прысвоена ганаровае званне Героя Савецкага Саюза.

Кожны раз, калі ў Мінску я наведваю Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны,  адчуваю незвычайнае хваляванне.  Адчуваю боль у сэрцы і адначасова гонар за тое, што наша гераічная зямля выстаяла, не скарылася ворагу.  Музей мае багацейшую калекцыю экспанатаў пра гісторыю партызанскага руху і баявыя дзеянні Савецкай Арміі на тэрыторыі Беларусі.

Многія госці сталіцы сёння наведваюць манумент Перамогі, архітэктурна-скульптурны комплекс «Мінск — горад-герой» (быў адкрыты 8 мая 1985 г. у гонар 40-годдзя Перамогі), мема-рыяльную капліцу-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі», помнік «Беларусь партызанская». Трэба нагадаць, што манумент Перамогі вышынёй 38 м, увянчаны ордэнам Перамогі, быў адкрыты ў 1954 годзе. А на 21-м кіламетры шашы Мінск-Масква знаходзіцца Курган Славы Савецкай Арміі —  вызваліцельніцы Беларусі, які быў адкрыты ў 1969 г.

За 54 км ад Мінска, за 5 км ад шашы Мінск-Віцебск, знаходзіцца мемарыяльны комплекс «Хатынь», створаны ў памяць аб 149 жыхарах аднайменнай вёскі, якая была спалена гітлераўцамі 22 сакавіка 1943 г. разам з жыхарамі.

На Вайсковых могілках у сталіцы сёння  знаходзіцца 42 брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан.  У парку імя Чалюскінцаў, на бульвары Талбухіна, на 9-м кіламетры Маскоўскай шашы, на месцы былых Масюкоўшчынскага і Трасцянецкага лагераў смерці — магілы шматлікіх ахвяр фашызму.

На вялікі жаль,  непасрэдных удзельнікаў ваенных паходаў з кожным годам становіцца ўсё менш і менш, як і тых, хто нарадзіўся ў цяжкія гады Вялікай Айчыннай.    Пайшлі ад нас і многія жанчыны-удовы, якія не дачакаліся з фронту сваіх мужоў. Вечарыны памяці, сустрэчы з ветэранамі, якія ладзяцца   шчыра і ад сэрца, будуць пасеяны надзейным зярняткам у маладыя душы і абавязкова прарастуць удзячнай памяццю будучых пакаленняў.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,  педагог

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.