Захавальнікі спадчыны

Як мы паведамлялі раней, Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей па выніках работы за 2013 год заняў першае месца ў вобласці сярод аднатыпных устаноў і быў узнагароджаны Дыпломам упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама. Падрабязней аб справах калектыву мы даведаліся ад нашага  актыўнага няштатнага аўтара, старшага навуковага супрацоўніка музея Вольгі Шкрабінай, якая працуе тут ужо 19 гадоў. Вось што яна расказала:

— Гэтая ўзнагарода ў нас не першая. У 2008 годзе калектыў заваяваў званне «Лепшы музей года Мінскай вобласці».

Што галоўнае можна выдзеліць у рабоце на працягу 2013 года? Канешне ж, адкрыццё новай экспазіцыі ў кватэры-музеі нашага земляка, мастака Міхаіла Канстанцінавіча Сеўрука. Дзякуючы райвыканкаму, мы змаглі расшырыць музейную плошчу: у дадатак да аднаго пакоя і калідора мы атрымалі яшчэ два пакоі, дзе аформлены майстэрня мастака і жылы пакой. Быў праведзены вялікі рамонт, у які ўкладзены значныя сродкі. У нас атрымалася цудоўная кватэра-музей з захаваннем мемарыяльнасці, мы вельмі рады, што музею дасталося месца, дзе каля 40 гадоў жыў і працаваў вядомы беларускі мастак.

Паколькі фонд кватэры-музея налічвае больш за тысячу адзінак, маем магчымасць мяняць экспазіцыю выставачнай залы і знаёміць наведвальнікаў з багаццем творчасці мастака. Жылы пакой, дзе знахо-дзяцца арыгінальныя рэчы сям»і Сеўрук, цікавы яшчэ і тым, што знаёміць з бытам гараджан сярэдзіны ХХ стагоддзя.

Для мяне самым цікавым месцам з»яўляецца майстэрня Міхаіла Канстанцінавіча. Тут выстаўлены яго работы розных перыядаў і рознай тэхнікі (ёсць незакончаныя творы), інструменты, якімі і пісаў, і рэзаў — Сеўрук адрозніваецца вя-лікай разнастайнасцю творчасці, акрамя жывапісу і графікі, маем яго лінарыты і дрэварыты, медныя і цынкавыя дошкі, якія трэба было выразаць, а пасля адкатваць эстампы.

На адкрыццё выставы прыехалі людзі, якія ведалі Сеўрука, яго сябры, члены мемарыяльнай камісіі, якія рабілі вопіс карцін пасля смерці мастака. Госці падарылі музею рэчы, звязаныя з Міхаілам Канстанцінавічам, што вельмі важна: калекцыя папаўняецца.

Калі гаварыць пра новыя праекты, то варта назваць выставу «Гліняны звон мінулага», якая створана перад уваходам у сучасную ганчарную майстэрню музея. Гэта гістарычная частка, якая знаёміць наведвальнікаў з разнастайнымі ганчарнымі вырабамі на тэрыторыі нашага рэгіёну канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Мы крышку пашырылі гэты дыяпазон часу, прадставіўшы і археалагічныя знаходкі нашага рэгіёну.

У нашай дзейнасці значнае месца займае патрыятычнае выхаванне моладзі. Таму кожны год абавязкова афармляем выставу, звязаную з Вялікай Айчыннай вайной. Калі раней выкарыстоўвалі экспанаты са сваіх фондаў, то летась выставу «Беларусь. Салдаты Перамогі» прадаставіў прыватны калекцыянер з Мінска Ігар Міхайлавіч Бабіцкі. Яна ўтрымлівала  болей за 300 экспанатаў: розная форменная вопратка, дакументы, фотадакументы, салдацкія падзелкі, рэчы салдатаў Чырвонай Арміі і нямецкай. Выстава карысталася вялікай папулярнасцю.

Паколькі ў нас няма экалагічнай залы, супрацоўнічаем з Дзяржаўным музеем прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь. Адтуль прывозілі выставу «Птушкі ў горадзе» — чучалы вераб»ёў, галак, варон, сініц… Дзецям было цікава даведацца пра іх жыццё, звычкі.

Прыватны калекцыянер Мікалай Мікалаевіч Сечка прывёз выставу «Традыцыі чаяпіцця», якая ўтрымлівае больш за 50 самавараў. Мы дазвалялі дзецям паглядзець, як зроблены самавар, што ў яго ўнутры, які ён на вагу…

— Ці шмат наведвальнікаў у вашым музеі?

— Апошнім часам штогод музей наведвае каля 35000 чалавек. Мы практыкуем розныя формы работы. Гэта і стацыянарныя выставы, і лекцыі, і работа ў рамках праграмы «Дзень добры, музей» для школьнікаў малодшага ўзросту. Экскурсіі праводзім як для груп, так і для 1-2 чалавек, былі б толькі жадаючыя. Арганізуем выязныя выставы. Запомнілася святкаванне юбілейнага, 20-га, Дня беларускага пісьменства ў Быхаве Магілёў-скай вобласці, куды наш музей выязджаў з дзвюма выставамі. Паколькі горад Нясвіж у 1997 годзе прымаў такое ж вялікае рэспубліканскае свята, нас запрашаюць на яго юбілейныя даты.

І дзеці, і дарослыя з задавальненнем прыходзяць паглядзець наш музейны аб»ект «Кузня» — яе інтэр»ер, інструменты каваля. Мы заўважылі, што гэтым асабліва цікавяцца мужчыны.

3

Пашыраецца і такі нетрадыцыйны від дзейнасці, як правядзенне ў музеі вясельных абрадаў, рэгістрацыя шлюбаў. Гэтым самым папулярызуем народныя звычаі. Кожнай пары, што бярэ шлюб, адводзіцца гадзіна. Маладыя і госці могуць прайсці па ўсіх залах, пафатаграфавацца на фоне любых экспанатаў.

— Вольга Уладзіміраўна, Вы нядаўна на старонках нашай газеты расказвалі пра музейны ўрок «Вайна. Трагедыя. Подзвіг». Ці шмат дзяцей яго наведала? Як імі ўспрымаецца аповед? Колькі будзе доўжыцца гэтае мерапрыемства?

— Музейны ўрок «Вайна. Трагедыя. Подзвіг» наведала каля 500 чалавек. Трэба адзначыць, што дзеці слухаюць аповед і пра Першую сусветную вайну, і пра Вялікую Айчынную вельмі ўважліва. Для розных узростаў мы падрыхтавалі розныя ўрокі, адпаведныя іх успрыманню. Тым больш, што ў нас дзеці маюць магчымасць пабачыць арыгінальныя рэчы тых часоў.

Дзякуй добрым людзям, якія дапамагаюць музею ў пошуках новых матэрыялаў: фатаграфій, дакументаў, пісьмаў з фронту.

Гэты ўрок мы прысвяцілі 100-год-дзю пачатку Першай сусветнай вайны і 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое святкуецца сёлета 3 ліпеня. Але ж у 2015 годзе Рэспубліка Беларусь будзе адзначаць 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, таму музейны ўрок на гэту тэму застанецца актуальным і праз год. І наогул, патрыятычнае выхаванне немагчыма абмежаваць рамкамі часу. Падрастае новае пакаленне юных грама-дзян, якое павінна ведаць усю праўду пра вайну, пра гора і няшчасце, што прынесла на нашу зямлю карычневая чума вермахта. І мы стараемся ўнесці свой уклад у справу захавання памяці і справядлівасці.

— Да 3 ліпеня 2014 года што плануеце?

— Падчас святкавання ў Нясвіжы абавязкова будзе выязная выстава нашага музея, прысвечаная 70-годдзю вызвалення Беларусі.

— Багацце музея — гэта яго фонды. Чым сёння можа пахваліцца Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы?

— На пачатак 2014 года наш асноўны фонд налічваў больш за 9000 адзінак. Ён паступова папаўняецца. Самае значнае паступленне 2013 года — скульптура знакамітага жыхара Нясвіжа ХІХ стагоддзя, вядомага беларускага і польскага паэта, фалькларыста і краязнаўцы Уладзіслава Сыракомлі, які з 1840 па 1844 год служыў у канцылярыі па кіраўніцтве радзівілаўскімі маёнткамі. Скульптура называецца «Уладзіслаў Сыракомля ў Нясвіжы». Яе аўтар — народны мастак Беларусі Леў Мікалаевіч Гумілеўскі. А набылі мы скульп-туру на сродкі абласнога бюджэту.

2

Калекцыя музея папоўнілася таксама кнігамі і іншымі друкаванымі выданнямі, нумізматыкай, адзеннем, прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

— Раскажыце, калі ласка, пра сваіх супрацоўнікаў, захавальнікаў нашай спадчыны.

— Вялікая заслуга ў развіцці музея, канешне ж, нашага дырэктара Інэсы Станіславаўны Піваварчык, якая працуе тут 18 гадоў. Вялікі аб»ём работы даводзіцца выконваць галоўнаму захавальніку фондаў Аксане Іванаўне Фалей. Кожны прадмет праходзіць праз яе рукі некалькі разоў. Мала проста занесці яго ў камп»ютарную музейную праграму, кожны год калекцыю трэба пераправерыць, прывесці экспанаты ў парадак. Акрамя таго, захавальнік фондаў і выставы афармляе, і экскурсіі праводзіць. Дарэчы, у нас няма такой пасады «экскурсавод». Ёсць навуковыя супрацоўнікі, якія павінны ўмець вельмі многае.

Навуковы супрацоўнік кватэры-музея М.К. Сеўрука Ірына Юр»еўна Калібаба ўшчыльную займаецца гэтым музейным аб»ектам. А навуковы супрацоўнік Таццяна Станіславаўна Валчок падрыхтавала кнігу аб воінах-інтэрнацыяналістах — жыхарах і ўраджэнцах нашага горада і раёна, якую надрукавалі ў Нясвіжскай друкарні імя Буднага да 25-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана, што адзначалася 15 лютага 2014 года.

4

Добрыя работнікі нашы метадысты-ганчары — уседлівыя, працалюбівыя. Гэта Ірына Анатольеўна Мяленька, Жана Станіславаўна Сліва і Таццяна Анатольеўна Несцяркова. Маладымі спецыялістамі пасля Мірскага вучылішча яны прыйшлі да нас і ўжо зарэкамендавалі сябе майстрамі, удзельнічаюць са сваімі работамі ў розных конкурсах.

Добрасумленна выконваюць свае абавязкі наглядальнікі музея, дапамагаюць захоўваць экспанаты ў належным стане.

— 18 мая — Міжнародны дзень музеяў. Гэта ваша прафесійнае свята…

— І я хачу з гэтай нагоды павіншаваць усіх музейных работнікаў. Наша місія — адказная і асаблівая. Наша задача — збіраць па крупіцах, захоўваць праз дакументы і прадметы памяць народную. І не толькі таму, што надыходзіць нейкая канкрэтная дата. Не. Работа музея такая. Рупіцца трэба пастаянна. Жадаю поспехаў сваім калегам у іх шчырым памкненні даць людзям як мага болей цікавай інфармацыі, жадаю зрабіць карысныя ўласныя адкрыцці, выступіць з новымі праектамі. З гонарам нясіце свае веды, як паходню, праліваючы святло на старонкі нязведанага. Гэта патрэбна ўсім. Нездарма ж кажуць, што народ, які не памятае свайго мінулага, не мае будучыні.

— Вас таксама — са святам! Поспехаў у такой высакароднай справе!

Гутарыла Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

На здымках: фрагменты экспазіцый ДУ «Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей«

Фота Дзмітрыя ЯШЧАНКІ

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.