5 ЧЭРВЕНЯ — ДЗЕНЬ АХОВЫ НАВАКОЛЬНАГА АСЯРОДДЗЯ: ДЗІЎНАЕ — ПОБАЧ

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Абняўшыся, дрэвы растуць пры дарозе ад алімпійскай трасы на Нясвіж.

Як вядома, зусім нядаўна Нясвіжчына славілася не толькі сваім знакамітым замкам і іншымі адметнымі збудаваннямі, але і вядомым на ўсю Еўропу ўнікальным прыродным помнікам. Я маю на ўвазе дуб і сасну. Колькі легенд складзена пра гэтую закаханую пару! Колькі турыстаў нашай краіны і замежных гасцей зачаравана спынялася перад незвычайнымі дрэвамі! А што адметнага, спытаецеся, можа мець асобны дуб альбо сасна? Гэтыя ж, што раслі пры дарозе Нясвіж — Гарадзея, здзіўлялі ўсіх: раслі яны, цесна абняўшы адно аднаго. Абняліся, сапраўды, як закаханыя хлапец з дзяўчынай. Іх шанавалі, аберагалі. У апошнія гады агарадзілі, паставілі памятна-ахоўную шыльду. Відаць, і праўда, дуб з сасной мелі вялікую каштоўнасць, бо, кажуць, падчас Вялікай Айчыннай вайны фашысты мелі намер вывезці гэтыя дрэвы ў Германію.

Аднак усемагутны час не шкадуе не толькі людзей, але і архітэктурныя ды прыродныя помнікі. З часам састарыліся закаханыя дуб і сасна. Памерлі, пакінуўшы толькі прыемныя ўспаміны ды шкадаванне ў душах спагадлівых людзей.

Не раз паказваў гасцям Нясвіжчыны гэтыя дрэвы (а пасля — месца іх жыцця) і я. Мой сум па зніклых закаханых дрэвах вярэдзіў душу. І вось сёлета да мяне прыйшла нечаканая радасць. Было гэта на Радаўніцу, калі ўсе мы, хоцькі ці няхоцькі, але, пакінуўшы свае родныя гнёзды, едзем да родных і дарагіх магіл нашых бацькоў, родных, сваякоў, аднасяльчан. Едучы ў сваю родную вёску Баяры, што на Нясвіжчыне, я міжволі скіраваў погляд на дарожную ўзбочыну. Было гэта на адрэзку асфальтавай дарогі, якая вядзе ад скрыжавання старой брэсцка-мінскай трасы (паралельна з так званай «алімпійкай») і дарогі на Гарадзею і Нясвіж.

Нечакана маё вока заўважыла тое, што прымусіла крыкнуць маёй дачцэ Надзеі, якая была за рулём: «Стой, спыніся!» Яна неўразумела зірнула на мяне, але затармазіла. Я паказаў ёй тое, што здзівіла мяне. Спачатку і сам не паверыў вачам. Але, калі падышоў да дрэў, што раслі на ўзбочыне, пераканаўся: вочы не падвялі, я не памыліўся. Сярод іншых дрэў сваёй асаб-лівай статнасцю (ці мо гонарам?) вылучалася адна гонкая бяроза. Не, я не маю рацыі, не адна. Бо хоць і ўзвышалася над іншымі менавіта бяроза, аднак жа расла яна не адна. Побач з ёй, практычна з самага кораня, ствол да ствала, расла крыху ніжэйшая за бярозу сасна. Ды не проста расла, прытуліўшыся сваім меднаколерным ствалом да белай бярозы, а некалькі разоў абвівала бярозу. Я адразу ўспомніў колішнія дуб з сасной і адзначыў, што тут сяброўскія повязі дрэў нават больш цесныя. Бо колькасць «абдымкаў» бярозы і сасны значна большая. Не, я не перабольшваю. Паглядзіце на здымак, і вы самі зразумееце, якімі цеснымі сумеснымі сяброўскімі повязямі назаўсёды звязаны гэтыя нясвіжскія бяроза і сасна.

Доўга стаяў я каля гэтых дрэў. Зачаравана пазіраючы на іх, згадваў іх папярэднікаў (не, бяроза з сасной растуць не на месцы колішніх дуба і сасны), разважаў і над лёсам лю-дзей, і над загадкамі прыроды. І тут жа нарадзілася ідэя займальнай казкі пра верагодны дагэтулешні лёс сасны і бярозы. А яшчэ прыйшло ціхае суцяшэнне — справядліва ўсё-ткі зладжана ў прыродзе: памерлых заўсёды замяняюць жывыя. Так і тут: нібыта працягваючы жыццё ссохлых дуба і сасны, з»явіліся на свет сасна і бяроза. Не, спярша бяроза, калі меркаваць па таўшчыні ствала, а затым ужо каля яе вырасла сасна. На здзіўленне людзям, як сведчанне неўміручасці прыроды, доказ таго, што прыродныя цуды не знікаюць бясследна.

І таму, думаецца мне, будзе цалкам справядліва, калі і гэты нованароджаны прыродны цуд набудзе статус ахоўнага прыроднага помніка з усімі неабходнымі ўмовамі яго зберажэння, адпаведнымі патрабаваннямі да яго догляду і аховы.

Турысты ж, спадзяюся, будуць не толькі наталяць сваю цікаўнасць, аддаючы належнае цудадзейству самой прыроды, але і паважліва ставіцца да таго, што яна падаравала нам для духоўнага задавальнення і як доказ неўміручасці сваёй творчай патэнцыі.

Анатоль БУТЭВІЧ. «Звязда»


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.