Песні, памяць і …карціны

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Мір — вышэйшае дабро, якога людзі жадаюць у гэтым жыцці.

М.Сервантэс.

Хутка семдзесят гадоў, як наша рэспубліка жыве ў міры,  дзякуючы мужнасці і подзвігу  воінаў і партызан, што вызвалялі краіну ад нямецка-фашысцкай навалы. Да гэтай  падзеі  рыхтуецца ўся краіна, у тым ліку і работнікі культуры — артысты прафесіянальныя і самадзейныя. Пацвярджэнне таму — нядаўні абласны фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў, які праходзіў у Смалявічах. Сюды сабраліся  прыхільнікі песні, паэзіі, танцаў,  майстры-умельцы. У цэнтры горада стаяла шмат аўтобусаў, а з іх выходзілі жанчыны і мужчыны ў прыгожых сцэнічных касцюмах, неслі  баяны, гітары, акардэоны. Плошча  Смалявіч  расцвіла  ад  жыццесцвярджальных колераў мірных убораў.

Усе ўдзельнікі сабраліся спачатку ў выставачнай зале, каб палюбавацца  вырабамі працавітых рук  людзей паважанага ўзросту, якія прыехалі з усіх раёнаў вобласці. Нельга было не захапіцца карцінамі-вышыванкамі Л.А.Кулаковіч з вёскі Крыніца Смалявіцкага  раёна, фотавыставай  А.В.Камінскага з Вілейкі,  драўлянымі вырабамі У.Ф. Ходатава з Нясвіжа і іншымі добрымі работамі выдатных майстроў. Кампетэнтная камісія агледзела ўсё гэта хараство і ўручыла аўтарам дыпломы. Іх атрымалі і нашы землякі: Г.І. Ярма-лінская — за прыгожыя і далікатныя  вязаныя кручком сурвэткі, каўнерыкі, накідкі,  а таксама У.Ф. Ходатаў — за арыгінальныя  прадметы, выразаныя з дрэва: келіх, падсвечнік, сонейка і г.д.

А затым пачалося  ўрачыстае адкрыццё  абласнога свята  «Паклонімся вялікім тым гадам», якое праводзілася ў рамках рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў  «Не старэюць душой ветэраны». Прадстаўнікі  мясцовай  улады шчыра віталі ўдзельнікаў мерапрыемства, і асобна — ветэранаў вайны, што былі ў зале. Вядучыя зачыталі прывітанне старшыні аблвыканкама  С. Шапіры. У ім былі словы ўдзячнасці  ветэранам, даніна памяці воінам, што прынеслі перамогу на зямлю беларускую, і тым, хто аднаўляў разбураную вайной краіну. А тым, хто сёння сваёй творчасцю ўносіць уклад у справы культурныя, беражэ народныя традыцыі, нясе зарад бадзёрасці і добры настрой людзям — асаблівая пашана і ўдзячнасць.

Свае  творчыя здольнасці прадэманстравалі на свяце ветэранскія калектывы вобласці. Гучала шмат цудоўных песень, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне і яе мужным саладатам-пераможцам. Кожны нумар быў своеасаблівым і непаўторным. Усім спадабалася музычная кампазіцыя на ваенную тэматыку артыстаў з Жодзіна. Нікога не пакінула раўнадушным «Яблычка» танцавальнага калектыву з Маладзечна, што выступаў у марской форме. Павесялілі нас і «Чэрвеньскія балагуры», прыпевачнікі, спадабалася  выдатнае вакальнае майстэрства Слуцкага хору ветэранаў і іншых. Не горш, спадзяюся, выступілі і прадстаўнікі Нясвіжа. Група  хору  ветэранаў «Аптымісты» выканала  песню «На ўсё астатняе жыццё» з кінафільма «Поезд міласэрнасці». Мы ўдзячны гледачам за апладысменты, а першымі іх пачулі ад школьнікаў, што асабліва прыемна. Яны сядзелі на першых  радах. Цёпла прымалі і нашых калег —  спевакоў вакальнай групы  «Элегія», бо знакаміты марш «Развітанне славянкі»  любімы  многімі  пакаленнямі. Калі гаварыць пра  ўсіх  самадзейных  артыстаў, то кожны паказаў сваё ўменне, разнастайны талент. А гэта сведчыць пра тое,  што нашы ветэраны здольныя на многае, у іх сэрцах гарыць агонь няўрымслівасці, творчасці і любові да песні.

За ўдзел у фестывалі калектывы ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі прызамі.

Была ў той дзень  і яшчэ адна прыемная падзея: пасля канцэрта мы выехалі да Кургана Славы, дзе ўсклалі да яго падножжа букеты вясновых кветак у знак  удзячнасці  салдатам і афіцэрам трох  Беларускіх  франтоў  і Прыбалтыйскага, якія вызвалялі нашу Беларусь у памятным 1944 годзе. Усе разам  спявалі песню «Дзень Перамогі», саліраваў наш зямляк Іван Буглай, які  з поспехам выступаў і  на  фестывальным канцэрце. А несвіжане выканалі ўрачыстую «Паклонімся вялікім тым гадам». Усе адчувалі  нейкі ўзвышаны настрой,  душэўнае  адзінства, панавала святочная атмасфера. Падтрымлівалі яе непадалёк ад Кургана і гаспадары свята: самадзейныя артысты  са Смалявіч, якія выконвалі песні ваенных гадоў. Побач стаяла  паходная кухня, павары  частавалі нас смачнай салдацкай кашай і чаем. Жадаючыя танцавалі пад любімыя мелодыі, падпявалі выканаўцам. Словам, свята атрымалася цудоўным, запамінальным і радасным, як сімвал мірнага жыцця.

Раіса ХВІР, г.Нясвіж


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.