“Жывая класіка” па-беларуску

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Яшчэ некалькі гадоў таму, збіраючыся на святкаванне дня нараджэння сябра ці сяброўкі, не прыходзілася нават задумвацца, што падарыць. «Самы лепшы падарунак — кніга», — гаварылі ўсе знаёмыя. І сапраўды, што можа быць каштоўней? Кніга — крыніца ведаў. Менавіта кнігі даюць патрэбную нам інфармацыю. Аднак за апошні час роля кнігі ў жыцці чалавека змянілася. Мы жывём у час развіцця, шырокага распаўсюджання і прымянення камп»ютарных тэхналогій. Электронныя кнігі набываюць большую папулярнасць, чым друкаваныя. Але ў гэтым заключаецца асаблівасць часу. А вось ці змяніліся адносіны людзей да чытання ўвогуле? Здаецца, што не. На мой погляд, змяніліся толькі крыніцы атрымання інфармацыі, а значыць — і набыцця ведаў.

Вельмі добра, што сённяшнія школьнікі маюць магчымасць выбраць: наведаць ім бібліятэку з мэтай пошуку неабходнага твора пэўнага аўтара ці з дапамогай Інтэрнэту атрымаць патрэбнае. Галоўнае ў тым, што яны шукаюць. Для ўдзелу 22 мая на базе ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Нясвіжа» ў раённым этапе абласнога конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка» вучні 5-8 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна знайшлі і падрыхтавалі для дэкламацыі вельмі цікавыя творы.

Конкурс праводзіўся з мэтай прапаганды беларускай культуры, роднай мовы, нацыянальных традыцый, падтрымкі юных талентаў і прыцягнення да працы з імі творчай інтэлігенцыі, пісьменнікаў, выхавання ў дзяцей высокіх маральных якасцей, пачуцця любові да прыгожага, высакароднага, фарміравання творчых здольнасцей у дзяцей і падлеткаў, прапаганды беларускамоўных выданняў: кніг, часопісаў, газет.

Свае здольнасці да дэкламацыі літаратурных твораў дэманстравалі 18 удзельнікаў, пераможцаў школьнага этапа конкурсу, з 18 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна. Дзяўчынкі і хлопчыкі чыталі ўрыўкі са сваіх любімых твораў. Выбар дзяцей уражваў сваёй разнастайнасцю. Неабходна адзначыць, што многія творы, менавіта іх тэматыка і праблематыка, характарызаваліся актуальнасцю, патрыятычнай накіраванасцю, значным выхаваўчым уплывам.

У спаборніцтве па чытанні ўголас урыўкаў з празаічных твораў беларускіх пісьменнікаў варта адзначыць Ангеліну Чурак, навучэнку ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Нясвіжа», Ганну Камлач, навучэнку ДУА «Нясвіжская гімназія», Ульяну Яблонскую, навучэнку ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Гарадзея», Дзіяну Болтуць, навучэнку ДУА «Грыцкевіцкая сярэдняя школа», Настассю Паўлючэнка, навучэнку ДУА «Пагарэльцаўская сярэдняя школа»,  Людмілу Быбко, навучэнку ДУА «Сярэдняя школа № 4 г. Нясвіжа», Вікторыю Рабачэўскую, навучэнку ДУА «Затур»янскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа», Ілью Скачко, навучэнца ДУА «Лысіцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа».

Са сцэны актавай залы ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Нясвіжа» прагучалі такія творы, як «Званы Хатыні» Казіміра Камейшы, «Музыка» Максіма Багдановіча, «Воблакі» Івана Грамовіча, «Я настаўніца» Ільі Лапато, «Скажы мне праўду» Алеся Савіцкага, «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» Міхася Лынькова,  «Мама» Лідзіі Арабей, «Маці» Янкі Брыля і іншыя.

Навучэнцы 5-8 класаў вельмі адказна аднесліся да конкурсу: паказалі свае здольнасці ў выразным, эмацыянальным чытанні, імкнуліся пранікнуцца ў вобразную сістэму і сэнсавую структуру тэксту, праявіць артыстычныя здольнасці.

Аддзел адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама выказвае словы ўдзячнасці ўсім удзельнікам раённага этапа абласнога конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка» і педагогам, якія падрыхтавалі пераможцаў школьнага этапа конкурсу, і жадае поспехаў і новых перамог. Няхай кніга, друкаваная ці электронная, будзе вашым пастаянным спадарожнікам!

Алена ТУРКО, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.