Дай Бог сустрэць і векавы юбілей

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Музыка, песні пад баян, вясёлы гоман і смех гучалі ў мінулыя выхадныя дні ў кватэры па вуліцы Савецкай у Нясвіжы. У тутэйшых жыхароў было значнае свята — яны адзначалі 80-годдзе Наталлі Аляксандраўны Савенка. Разумная, спагадлівая юбілярка заўсёды ў акружэнні добрых людзей, ладзіць з суседзямі. Таму і ў дзень юбілею яна атрымала шмат віншавальных паштовак, родныя, сябры і суседзі прыйшлі з кветкамі і падарункамі. Унучка Наталля вельмі ўдзячная сваёй бабулі за цеплыню і пяшчоту, шчырасць і любоў, і таму старалася ад усёй душы, каб гэты юбілейны дзень ёй запомніўся.

Сёння ж, азіраючыся назад, Наталлі Аляксандраўне прыгадваюцца і цяжкія хвіліны, і светлыя моманты — усяго было ў яе жыцці.

Нарадзілася яна ў 1934 годзе ў сялянскай сям»і ў вёсцы Сараўляны Беластоцкага раёна (зараз тэрыторыя Польшчы). У бацькоў было чацвёра дзяцей, Наталля Аляксандраўна — старэйшая. Што такое цяжкая сялянская праца ведае з маленства, з шасці гадоў хадзіла пасвіць кароў. Да вайны паспела скончыць першы клас беларускай школы. У гады ваеннага ліхалецця жыхарам акупіраванай тэрыторыі давялося нялёгка. Пра далейшае навучанне размова не ішла. Дзяцей немцы ганялі на працу, яны збіралі на палях каменне…

У Беларусь сям»я пераехала ў 1945 годзе, спачатку жылі ў Бабруйскай вобласці, праз некалькі месяцаў перабраліся ў Нясвіж.

— Наш тата стараўся, каб мы былі накормленыя, апранутыя, — прыгадвае Наталля Аляксандраўна. — Лепшай долі шукаў сваім дзецям, каб мы вучыліся і дамагліся чагосьці ў жыцці. Сам ён быў не вучоны, але, як кажуць у народзе, жыццём навучаны, вельмі камунікабельны. Прыехаў у Нясвіж і напрамую пайшоў да кіраўніка раёна, а той выслухаў і ўзяў тату да сябе фурманам. Нам далі кватэру. З часам і тут пачалі арганізоўваць калгасы, мае бацькі адны з першых уступілі ў калгас імя Ракасоўскага. Маці была вельмі працавітай, таму неўзабаве стала адной з лепшых калгасніц  на Нясвіжчыне.

Пасля заканчэння сямігодкі Наталля Аляксандраўна вырашыла нікуды не ехаць, паступіла ў Нясвіж-скае педагагічнае вучылішча.

Дзяўчына вылучалася тут выдатнымі ведамі, добрымі паводзінамі і актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Была лепшай сярод студэнтаў на стомятроўцы, у скачках у даўжыню, удзельнічала ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па канькабежным спорце. Знаходзіла час і для заняткаў у акрабатычным гуртку. Яшчэ ў студэнцкія гады праявіліся яе выдатныя арганізатарскія здольнасці і Наталлі Аляксандраўне даверылі весці танцавальны гурток для сваіх аднакурснікаў. Але больш за ўсё ёй падабалася наведваць заняткі па працы Ніны Арцем,еўны Саўчанка, дзівілася, як у «залатых» руках майстрыхі нараджалася неапісальная прыгажосць.

Працоўную дзейнасць Наталля Аляксандраўна пачала старшай піянерважатай у дзесяцігадовай школе ў вёсцы Возера Уздзенскага раёна. «Возераўскі» калектыў цёпла сустрэў маладую калегу. Увогуле, у школе панавала сяброўская атмасфера ўзаемападтрымкі і разумення. І дзяўчына з вялікім энтузіязмам узялася за справу: сабрала дзяцей, арганізавала актыў, у хуткім часе запрацавалі хор, танцавальны і драматычны гурткі.

— Для мастацкай самадзейнасці ў школе нам патрэбен быў акампаніятар, — прыгадвае мая суразмоўца, — параілі звярнуцца да баяніста сельскага клуба. Анатоль быў вясёлым, сімпатычным бландзiнам, які ахвотна згадзіўся папрацаваць і са школьнікамі. Памятаю наш першы навагодні «агеньчык», які нарабіў фурору, атрымалася сапраўдная навагодняя казка. Мой кампаньён апынуўся да таго ж майстрам на ўсе рукі і змайстраваў электрычную гірлянду з лямпачак. 1957 год мы сустракалі з электрычнасцю, калі класы ў той час яшчэ асвятляліся керасінавымі лямпамі.

Актывістка Наталля і проста прыгожая дзяўчына адразу ж прыглянулася маладому музыку. Усё часцей ён пачаў заходзіць да яе ў госці і ў хуткім часе маладыя згулялі вяселле. У сям»і з»явіўся сын Віця, а потым — Сяргей. Бацькі стараліся зрабіць усё магчымае, каб дзецям было ўтульна і добра. Жыллёвая праблема прымусіла маладую сям»ю пераехаць у пасёлак Самахвалавічы, а пазней і зусім да бацькоў жонкі. Нясвіж іх ветліва сустрэў, як быццам бы вакансіі піянерважатай і настаў-ніка спеваў ў Нясвіжскай школе-інтэрнаце чакалі мужа і жонку. Тут нара-дзіўся ў іх і трэці сынок Саша.

— У той час у раёне развіваўся піянерскі рух, — працягвае Наталля Аляксандраўна. — У 1967 годзе прыняць удзел у конкурсе на лепшую піянерскую дружыну вырашыла і я са сваімі рабятамі. Рыхтаваліся грунтоўна, у гэтай справе дробязяў няма. У маіх выхаванцаў на ўзроўні было ўсё: сцяг, дэвіз, форма, знакі адрознення. Агляд дружын праходзіў на гарадской плошчы, і мы ў зялёна-белай форме выдатна выглядалі, нас прызналі лепшымі. Ацэньвалася таксама і мая гуртковая работа па выхаванні піянерыі.

Вядома, добрасумленная праца дае свае станоўчыя вынікі. Піянерскую дружыну школы-інтэрната пры-зналі лепшай у раёне. Наталлю Аляксандраўну ўзнагародзілі Ганаровай граматай ЦК ЛКСМ Беларусі за плённую працу па камуністычным выхаванні падрастаючага пакалення і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.

Пасля гэтага таленавітага педагога запрасілі перайсці на працу ў Дом піянераў. Згадзілася. З дзецьмі яна ладзіла выдатна, да таго ж было яшчэ шмат нерэалізаваных планаў і задум. У Доме піянераў заўжды знаходзілася ў пошуку, разам з выхаванцамі адкрывала і для сябе нешта новае, нязведанае. Гурткі вязання на спіцах, мяккай цацкі, драматычны, арыгамі, фларыстыкі, лялечны тэатр, якія вяла Наталля Аляксандраўна, дзеці наведвалі з задавальненнем. Пад яе кіраўніцтвам несвіжане часта перамагалі ў разнастайных абласных конкурсах.

— Калі твае сябры — дзеці, — прызнаецца жанчына, — ты атрымліваеш права забывацца пра свой узрост, смяяцца ад душы, ісці побач са сваімі выхаванцам па шляху жыцця, радавацца разам з імі іх першым сур»ёзным перамогам і пераадольваць цяжкасці.

У педагагічным калектыве Наталля Аляксандраўна заслужыла аўтарытэт і павагу, ёй прапанавалі пасаду метадыста. Узначаліла клуб старшых важатых «Гайдаравец». Займалася распрацоўкай праграм мерапрыемстваў, сачыла за працай на месцах. Дарэчы, на базе Нясвіжскага Дома піянераў тады праходзілі шматлікія абласныя мерапрыемствы і семінары для піянерважатых. Наталля Аляксандраўна была ініцыятыўнай і творчай, ладзіла сваю работу і работу калектыву ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Спалучала высокую патрабавальнасць з добразычлівасцю, шукала падыход да чалавека, абапіраючыся на яго лепшыя якасці.

Безумоўна, працаваць трэба сумленна, тады і вынік будзе добры. Наталля Аляксандраўна — ветэран працы, узнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік народнай адукацыі» БССР, Ганаровымі граматамі ЦК ВЛКСМ і ЦК ЛКСМ Беларусі. Удзельнічала ва ўсесаюзным семінары старшых піянерважатых, яе рэферат  выстаўляўся на ВДНГ у Маскве. Але самым дарагім для сябе сёння лічыць словы падзякі ад былых навучэнцаў і шчырую любоў пяці ўнукаў і трох праўнукаў.

Аксана Грох


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.