Гэта было пад Нясвіжам

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Чэрвеньская спёка. Хмары пылу над дарогай. А па ёй грукочуць цягачы з гарматамі. Плывуць, нібы караблі, грузавікі. Едуць кавалерысты на неспакойных конях. Дымяцца на хаду палявыя кухні… На гарматах, прычэ-пах, машынах стомленыя, але бадзёрыя салдаты.

Гэта байцы перадавых часцей конна-механізаванай групы генерала Пліева. Паспяхова прарваўшы варожую абарону, яны імкліва рухаюцца на захад.

…Пасля вызвалення Слуцка 12 гармат 1318-га знішчальна-процітанкавага палка даганялі наступаючыя часці. Яны ехалі ў напрамку Нясвіжа. На ўскраіне горада фашысцкія танкі з засады падбілі машыну, у якой знаходзіўся з разлікам камандзір батарэі капітан Патапаў. Адначасова была разбіта гармата. Камандзір узвода лейтэнант Лешчанка (на фота), які ехаў за 300 метраў ад Патапава, загадаў сваім байцам падрыхтавацца да бою, а сам з радавым Зімаўцом пабег да машыны.

Яе пярэдняя частка была ахоплена полымем, а ў кузаве — параненыя артылерысты. Яны сцякалі крывёю. Трэба было спяшацца. Вось-вось могуць выбухнуць боепрыпасы. А вораг не спыняў абстрэл дарогі з гармат і кулямётаў. Пад прыкрыццём пылу і дыму Лешчанка і Зімавец пачалі здымаць з машыны таварышаў. За 2 разы яны вынеслі ў бяспечнае месца чацвярых. Калі паўзлі да машыны ў трэці раз, цяжка раніла Зімаўца. Цяпер Лешчанка адзін выносіў параненых.

Толькі б паспець… I ён зноў і зноў вяртаўся да машыны. Пасля таго, як ён вынес апошнім свайго камандзіра батарэі, пачалі рвацца боепрыпасы.

Раненых на другой машыне ад-правілі ў напрамку Слуцка. 3 лейтэнантам засталося 6 байцоў і гармата. Уперадзе — вораг. Ні злева, ні справа нашых войск не відаць. Як пазней высветлілася, батарэя, ідучы па другой дарозе, апярэдзіла нашы наступаючыя часці і апынулася адзін на адзін з ворагам. Адступаць немагчыма — без машыны гармату з боепрыпасамі далёка не закоціш.

Размеркаваўшы паміж артылерыстамі абавязкі, лейтэнант Лешчанка пачаў назіраць за ворагам. 3 горада даносіўся гул матораў, а над шашой Нясвіж — Стоўбцы вісела пылавая заслона. Па ёй ішлі танкі. Чые яны? Каб высветліць гэта, афіцэр паўзком па жыце дабіраўся да дарогі. 3-за пылу нельга распазнаць машыны. Тады Лешчанка стаў ва ўвесь рост і прыклаў да вачэй бінокль. У гэты час адчыніўся вежавы люк аднаго з танкаў і таксама праз бінокль на яго глянуў чалавек. Не паспеў Мікалай добра разглядзець танкіста, як у яго бок павярнулася вежа і доўгая кулямётная чарга прарэзала збажыну…

— На шашы гітлераўскія танкі… Хутка яны могуць з»явіцца тут… Што бу-дзем рабіць? — спытаў, прыйшоўшы да артылерыстаў, камандзір узвода.

Усе разумелі, што з адной гарматай нялёгка змагацца з танкамі, але адказ быў адзін:

— Будзем прымаць бой і змагацца з ворагам так, як на Курскай дузе…

Артылерысты ўдала паставілі сваю гармату: з-за будынка, што знаходзіўся ля самай дарогі на ўскраіне горада, выглядаў толькі яе ствол. Злева гармата прыкрывалася тоўстай каменнай сцяной. На даху суседняга дома быў пастаўлены кулямёт. Астатнія байцы з аўтаматамі і гранатамі заляглі ў невялікай прыдарожнай яме.

Над імі было высокае, чыстае неба. Толькі зрэдку дзе-небудзь у недасягальнай вышыні бялелі лёгкія, як мярэжка, перыстыя воблакі ды белыя клубістыя ўзгоркі млелі на небасхіле. Было горача. Апоўдні стала так душна, што нават цяжка было дыхаць. Пот сцякаў па твары, заліваў вочы, на губах адчувалася соль. Марудна ішоў час. У чаканні чагосьці невядомага, якое не абяцала нічога суцяшальнага, байцы моўчкі ляжалі на зямлі. А вакол прырода, не зважаючы на вайну, выхвалялася сваёй прыгажосцю. Фіялетавыя званочкі, падобныя да сонца рамонкі, белая і чырвоная канюшына клікалі да сябе басавітых чмялёў, працавітых пчол, непаседлівых матылькоў.

Лешчанка вельмі любіў летнюю пару года. Раней ён гадзінамі бываў у полі. Цяпер яму было не да гэтага: ён разумеў, што ад яго залежыць лёс падначаленых і прадумваў да дробязей, як лепш правесці бой.

Праз некалькі гадзін у напрамку, дзе ляжалі артылерысты, з горада рушылі 8 варожых танкаў. Яны ішлі паходнай калонай на дыстанцыі 100-150 метраў.

— Страляць па маёй камандзе. Гранаты кідаць пры набліжэнні машын на 25 — 30 метраў! — распарадзіўся і сам стаў ля панарамы гарматы. Побач з ім заняў сваё месца зараджаючы Грышаеў.

Ляскаючы гусеніцамі і ўздымаючы клубы пылу, браніраваныя машыны падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй. I вось грымнуў першы выстрал. Снарад трапіў у вежу, але не прабіў яе. Танк развярнуўся і выпусціў у бок гарматы доўгую кулямётную чаргу. Ад другога выстралу гарматы ён ахутаўся чорным дымам. Цяпер Лешчанка наводзіў гармату на другую варожую машыну. Выстрал — нібы факел запалала яна. Астатнія 6 танкаў развярнуліся ў лінію і ў лютай злосці імчаліся на пазіцыю артылерыстаў. На асобных машынах сядзелі аўтаматчыкі.

— Па дэсантніках агонь! — крыкнуў афіцэр і прыпаў да панарамы.

Адлегласць паміж гарматай і танкамі хутка скарачалася. Свісталі кулі, рваліся снарады. Глуха стукалі аб шчыт гарматы асколкі. Не зважаючы на гэта, радавы Грышаеў пасылаў у ствол снарад за снарадам. Лейтэнант Лешчанка ва ўпор расстрэльваў браніраваных пачвар. Старшы сяржант Ваўчок з астатнімі байцамі з кулямёта, аўтаматаў і гранатамі знішчалі дэсантнікаў. Праз некалькі мінут 3 танкі палалі паблізу гарматы. Два снарады спатрэбіліся лейтэнанту Лешчанку, каб яшчэ 2 танкі застылі на месцы. Астатнія варожыя машыны, адстрэльваючыся, заднім ходам паспешліва пачалі адыходзіць да Нясвіжа…

Пяць варожых танкаў за адзін бой знішчыў лейтэнант Лешчанка. Стойкасць, бяспрыкладную мужнасць і бясстрашнасць паказалі ў гэтым баі і астатнія артылерысты. Усе яны адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. За выратаванне параненых байцоў, баявое майстэрства і ініцыятыву ў баі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 верасня 1944 г. лейтэнанту Лешчанку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

С. ГРАБОЎСКІ, «Мінская праўда», 1965 г. 30 ліпеня


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.