«Матчыны кросны». Ткацтва адраджаецца

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Майстрыхі  Нясвіжчыны ўдзельнічаюць у свяце-конкурсе «Матчыны кросны» ў Старых дарогах

Узровень культуры кожнага народа вызначаецца тым, як ён ставіцца да сваёй спадчыны, як яе захоўвае, адраджае для сваіх нашчадкаў.

Нядаўна ў Старадарожскім  раёне прайшло  VI рэгіянальнае свята-конкурс па ткацтву «Матчыны кросны», у якім прынялі ўдзел майстрыхі Нясвіжскага раёна. Папулярызацыя  старажытнага ткацкага  рамяства сярод насельніцтва, захаванне і адраджэнне  традыцый  нацыянальнага  мастацтва, выяўленне дыяпазону традыцыйных і сучасных форм  вырабаў, арнаментальных матываў, разнастайнасці  тэхналогій, а таксама заахвочванне  моладзі да заняткаў беларускім народным ткацтвам — мэты і задачы гэтага мерапрыемства.

Народныя ўмельцы спаборнічалі ў розных намінацыях, сярод якіх: хуткасць і якасць ткацтва, лепшы выраб нацыянальнага ручніка, высокае прафесійнае майстэрства і мастацкі густ, лепшы выраб дарожкі і інш. Для выканання  выставачных экзэмпляраў  канкурсантам прадастаўлялася  некалькі гадзін. Улічва-ліся  адпаведнасць вырабаў  мясцовым традыцыям ткацтва,  майстэрства валодання рознымі  тэхнікамі, шырыня асартыменту. Кожны ўдзельнік  павінен быў падрыхтаваць да конкурсу  арнаментальны  матыў, прадумаць узор.

У выніку свята-конкурсу ў прадстаўнікоў  Нясвіжчыны — некалькі дыпломаў.

Першае месца ў намінацыі «За зберажэнне  і развіццё традыцый пляцення і ткацтва паясоў» — у Алы  Лазюк. Дыпломамі за  трэцяе месца ўзнагароджаны  Наталля Салаўёва і Алена  Мокат (намінацыя «За лепшы тканы пояс на дошчачках»). У намінацыі «Творчы  дэбют» узнагароджана Ірына Малейка.

Расказаць пра захапленне ткацтвам на Нясвіжчыне, пра яго гісторыю мы папрасілі вядучага спецыяліста Нясвіжскага раённага цэнтра  народнай творчасці Наталлю Салаўёву.

— Нясвіжчына мае даўнія цікавыя традыцыі, багата таленавітымі людзьмі, народнымі ўмельцамі, рамёствамі. Здаўна ў раёне развіваецца ткацтва. Аб развіцці гэтага промыслу захавалася нямала  звестак. Яшчэ ў часы праўлення Радзівілаў ткацтва дасягнула пэўнага ўзроўню развіцця. Бываючы часта ў Заходняй Еўропе, Радзівілы бачылі, якой папулярнасцю карыстаюцца там прыгожыя вырабы з ільну. Цікава і тое, што князь Радзівіл вывозіў у Прусію тканіны старажытных майстроў. Ды і на штогадовых кірмашах, на якія з’язджаліся купцы з суседніх краін, вырабы несвіжан карысталіся попытам. Па сённяшні час у  нашчадкаў захоўваюцца сапраўдныя рэліквіі, якім цяпер няма цаны. Не верыцца, што такая прыгажосць зроблена на звычайных кроснах.

Ужо даўно няма  патрэбы вырабляць неабходнае ўласнымі рукамі, але ткацтва ў раёне традыцыйна развіваецца. Ім займаецца адзінаццаць ткачых. Кожная з іх уносіць асабісты ўклад у адраджэнне і развіццё гэтага промыслу. Яны перадаюць сваё майстэрства маладому пакаленню.

Неад’емнай часткай народнага касцюма з’яўляецца пояс. Самаробныя, узорныя паясы ў пачатку XX стагоддзя на Нясвіжчыне насілі ў будні і святы дарослыя і дзеці, мужчыны і жанчыны. Увага, якая надавалася поясу, тлумачыцца не толькі функцыянальнай неабходнасцю, але і глыбокім сімвалічным зместам. Пачэснае месца займаў пояс у абрадах: ён быў адным з абавязковых падарункаў на вяселлі, выкарыстоўваўся падчас радзін, выконваў ролю медыятара паміж «тым» і «гэтым» светам. На жаль, многае ў тэхналагічным ланцужку стварэння пояса на сённяшні дзень страчана, але беларускі пояс працягвае сваё жыццё. Страціўшы былое значэнне ў якасці абавязковага элемента  адзення, ён усё больш прыцягвае ўвагу як твор мастацтва ці арыгінальны сувенір.

2_498x320
Алена Мокат, Ала  Лазюк, Наталля Салаўёва, Ірына Малейка і старшыня журы конкурсу, прафесар, доктар мастацтвазнаўства, старшыня Беларускага Саюза  майстроў народнай  творчасці Я.М. Сахута

Плённа працуе адкрыты пры Нясвіжскім раённым цэнтры народнай творчасці гурток па пляценню паясоў «Беларускія паясы». Яго кіраўнік — таленавітая майстрыха А.Я. Лазюк, якая з задавальненнем перадае сваё майстэрства не толькі дзецям, але і дарослым, праводзячы майстар-класы. За кароткі час гурткоўцы асвоілі тэхналогію ткацтва, вырабляюць нескладаныя рэчы. Заняткі праходзяць цікава і захапляюча. Не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі вызначаюцца сваім стараннем. Творы, зробленыя рукамі самой майстрыхі, здзіўляюць наведвальнікаў Цэнтра народнай творчасці. Кожная работа мае свой непаўторны стыль, пошук, душу. Ала Яўгенаўна актыўна ўдзельнічае ў раённых, рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах.

З задавальненнем праводзяць свой адпачынак  жыхары вёскі Вялікая Лысіца ў «майстэрні», якая дзей-нічае пры сельскім клубе. Загадчык клуба — Алена Георгіеўна Мокат — здолела прывіць любоў і зацікаўленасць дарослым і дзецям да народнага  мастацтва. Яна на практыцы перадае навыкі ткацтва. «Майстэрня» заўсёды шчыра запрашае ўсіх жадаючых наведаць і павучыцца гэтаму віду творчасці.

Ірына Барысаўна Малейка — вучаніца А.Г. Мокат па ткацтву паясоў на дошчачках. Яна — кіраўнік гурткоў Лысіцкага сельскага клуба. Свой вопыт па развіцці і зберажэнні  традыцый ткацтва з задавальненнем перадае сваім навучэнцам.

Вельмі прыемна, што з кожным годам колькасць пераемнікаў павялічваецца, а гэта значыць, што цікавасць да гэтага віду мастацтва натхняе іх на працу, выклікае жаданне навучыцца стаць такімі майстрамі, як іх настаўнікі. А кіраўнікі гурткоў, якія маюць вялікі вопыт у гэтай справе, з задавальненнем перадаюць сваё майстэрства маладому пакаленню.

Сама Наталля Салаўёва пераняла майстэрства ткацтва  паясоў у Алы Лазюк.  Цяпер вядучы спецыяліст НРЦНТ валодае тэхнікай ткацтва паясоў на дошчачках і браных па бёрдзечку. Акрамя  гэтага, дасканала валодае традыцыйнай вышыўкай «процяг». Неаднаразова  яе вырабы дэманстраваліся на выставах рознага ўзроўню.

Традыцыя ткацтва паясоў на Нясвіжчыне не згінула, яна бытуе і развіваецца як каштоўны пласт нацыянальнай культуры, мастацкай творчасці.

Іна ВАСІЛЕВІЧ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.