На апошніх гектарах

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

imager4Адзін за другім бягуць спякотныя дні, напоўненыя руплівай працай. І вось ужо хутка будзе звязаны дажыначны сноп ураджаю 2014 года.

Як працуецца на жніве яго ўдзельнікам, мы даведаліся ў ААТ «Нясвіжскія Астроўкі», праехаўшы па палях і пагутарыўшы з галоўным аграномам гаспадаркі Аляксеем Грохам. Дарэчы, сюды ён прыехаў па накіраванні ў 2004 годзе пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. І вось ужо адзі-наццаты год працуе. Спачатку паўтара года быў аграномам-хімікам. У ролі галоўнага тэхнолага зямлі  Аляксей Яраслававіч праводзіць дзявяты па ліку сезон уборкі.

— Уся ўборачная плошча складала 1396 гектараў, з іх 760 га — азімыя: 280 — пшаніца, 480 га — тры-цікале. 736 га займалі яравыя збожжавыя. З іх 481 га — ячмень, 15 га — авёс і 140 га — зернебабовыя, — расказвае галоўны аграном.

Да ўборкі гаспадарка прыступіла 16 ліпеня. Першым пайшоў ячмень.

Намалочвалі спачатку нямнога — па 100-200 тон у дзень, таму што зерне было вільготным. На дадзены  момант, у спёку,  практычна няма патрэбы ў сушцы, а ідзе ачыстка збожжа.

На ўчарашні дзень было ўбрана 1293  га, што складала 92,6 % ад усёй уборачнай плошчы. Пры ўраджайнасці 71,1 ц/га валавы збор склаў 9192,3 тоны.

З самых ураджайных культур спецыяліст назваў азімую пшаніцу (77,9 ц/га) і азімае трыцікале (76 ц/га). Вельмі добры сорт азімай пшаніцы «Натуля» польскай селекцыі, ураджайнасць якой склала 83 ц/га. З азімага трыцікале — сорт «Грэнада» (85-87 ц/га), ячмень «Бровар» (да 74 ц/га).

Ва ўборцы ўраджаю задзейнічана 7 камбайнаў. Нагрузка на кожны складала 200 га. У гэтым годзе быў набыты новы гомельскі камбайн КЗС-1218, які даручылі Яўгену Ватазіну.

Мне таксама ўдалося пагутарыць з  удзельнікамі жніва, якія па 12 гадзін у суткі старанна шчыруюць на збожжавай ніве, — старшымі камбайнерамі.

Аляксандр Чыркун у мінулым годзе стаў пераможцам у гаспадарцы, занёсшы на свой рахунак  1633 тоны збожжа. Сёлета ён перавысіў гэтую лічбу. На камбайне «Мега» — чацвёрты сезон.

Для працы, кажа, створаны ўсе ўмовы. І тэхніка добрая, і харчаванне для ўсіх удзельнікаў жніва прывозяць. Кормяць два разы ў дзень. Дарэчы, пра меню я пацікавілася ў загадчыцы сталовай ААТ «Нясвіжскія Астроўкі» Аляксандры Ільінічны Баранавай. Яно разнастайнае, збалансаванае. У рацыёне прысутнічае гародніна, свініна, ялавічына, рыба, гарачыя і халодныя супы, абавязкова — выпечка, таксама сокі, мінеральная вада.

Аляксандр Сукала (на фота з Аляксеем Грохам) у мінулым годзе па намалоту быў другім у гаспадарцы, цяпер — першым.  Неяк другім выйшаў і ў раёне. Усяго ён працуе  дзесяць гадоў.

Стараюцца таксама камбайнеры Віктар Яцкевіч і Уладзімір Жэрка.

2_500x332
Зерне ад камбайнаў адвозіць 7 аўтамашын.  Сёлетнія перадавікі, вадзіцелі Віталь Куган  і Віталь Пашкевіч, былі першымі і  ў мінулым годзе. Акрамя таго, тры машыны кожны дзень дзяжураць на зернетаку.

На ўборцы саломы можна адзначыць  Аляксандра Ражкова на валакушы, Віктара Рачкоўскага на сціртаванні. На ўкладцы рулонаў задзейнічаны Пётр Хваль.

Добра працуе ўжо чацвёрты сезон зернесушылка КЗС-30 лідскай вытворчасці. Тут задзейнічаны аператары Віктар Рыбалтоўскі і Андрэй Аляшкевіч. Усё зерне дапрацоўваецца своечасова: пры дзённай норме сушкі 400-500 тон вялікага запасу на таку няма.

Жніво на зыходзе. А працаўнікі вёскі ставяць новыя задачы, складаюць планы, у іх пачынаюцца новыя клопаты: падрыхтоўка глебы, унясенне ўгнаенняў пад азімую сяўбу.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.