След подзвігу, след працы на зямлі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

К.І. Пакумейка

Аповеды пра Вялікую Айчынную вайну — гэта «Урокі мужнасці», гэта сувязное звяно паміж старэйшым і малодшым пакаленнямі. Імя ўдзельніка вайны, пра якога зараз пойдзе размова, Канстанціна Іосіфавіча Пакумейкі, разам з імёнамі многіх іншых нашых мужных зямлякоў, што змагаліся на франтах вайны, занесена ў шматтомнае выданне, створанае паводле рашэння ўрада Рэспублікі Беларусь, гісторыка-дакументальную хроніку гарадоў і раёнаў Беларусі «Памяць. Нясвіжскі раён».

Ева Адамаўна Пакумейка жыла ў вёсцы Вялікая Ліпа. Родам яна была са Стаўбцоўшчыны. З»яўлялася  сваячкай  знакамітага Якуба Коласа. Выгадавала пяцёра дзяцей. Муж рана памёр,  і сям»я засталася без кармільца. Аднак жанчына не ўпала  духам. Як усе, працавала, каб быў кавалак хлеба. Радавалася, гледзячы  на паслухмяных дачок. Спадзявалася на сыноў, якія  падрасталі магутнымі, як дубы. Хлопцы былі працавітымі, не баяліся ніякай работы. Цікавіліся  цяслярскай справай. Маці радавалася, што ў маладых мужчын рукі растуць, як кажуць, адкуль трэба.

Але грымнула вайна. Калі прыйшоў час сынам ісці на фронт, сэрца маці  сціскалася ад жудаснага болю. А вусны шапталі: «Толькі вярніцеся, сыночкі».

Далей было цяжкае чаканне. Чаканне вестак з фронту…

У вёску варочаліся камісаваныя пасля шпіталяў землякі. І гэта было такім шчасцем!

Пасля ранення вярнуўся дадому сын Іван. Ад сына Канстанціна звестак не было.

Аднойчы на адрас сям»і Пакумейка прыйшла  папера, якая не была падобная  на трохкутнічак салдата. Выгляд яе выклікаў самыя горшыя здагадкі. Расклеілі дома канверт, прачыталі першыя радкі і  ўздыхнулі з палёгкай. Камандаванне часці, дзе служыў Канстанцін, паведамляла наступнае:  «Дорогой товарищ! Покумейко Ева Адамовна! Сообщаем Вам радостную весть. За героизм и мужество в борьбе  против немецких захватчиков Ваш сын Покумейко Константин Иосифович награжден орденом Красной Звезды.

Горячо поздравляем Вас и всю Вашу семью с высокой наградой.

Желаем Вам успехов на трудовом фронте в тылу. Будьте здоровы и счастливы» (арфаграфія і пунктуацыя захаваны).

Гэты досыл і сёння беражліва захоўваецца ў сям»і Пакумейка. Разам з ордэнам  і медалямі, сярод якіх і ордэн Славы ІІІ ступені, медалі  «За отвагу», «За победу над Германией в Великой  Отечественной войне 1941-1945 гг.», «За взятие Берлина». Тут жа — падзякі згодна з Загадам Вярхоўнага Галаўкамандуючага  Маршала Савецкага Саюза таварыша Сталіна: «от 16 января 1945 года — за овладение крупным промышленным центром Польши городом Радом», «от 19 января 1945 года — за отличные боевые действия в боях при овладении городами: Лодзь, Кутно, Томашув (Томашов), Гостынин и Ленчица»,  «от 4 марта 1945 года — за прорыв сильно  укрепленной обороны немцев восточнее города Штаргард и выход на побережье Балтийского моря»,»от 20 марта 1945 года — за  овладение городом Альтдамм».

23 красавіка і 2 мая 1945 года  Гвардыі чырвонаармейцу Пакумейка  Канстанціну Іосіфавічу, аб»яўлены падзякі «за прорыв обороны немцев на зап. бер. Одера» і «За овладение г. Берлин» (арфаграфія захавана).

Такая яна — геаграфія  вайны Канстанціна Пакумейкі з вёскі Вялікая Ліпа. Чаго каштаваў кожны гэты дакумент, ведалі толькі тыя, хто прайшоў пекла баёў. Вярнуўшыся дадому, Канстанцін Іосіфавіч  ні аднаго разу не расказаў родным, што прыйшлося перажыць. Ведалі толькі, што быў у акружэнні, пасля трох дзён выхаду  з  якога, ад яго батальёна  засталося толькі пятнаццаць  чалавек.

Аднойчы быў захоплены ў палон, адкуль праз некалькі дзён удалося ўцячы.

Лёс і малітвы маці  ахоўвалі нашага  земляка. А ў ваенным білеце ў раздзеле  «имеет ли ранения и контузии» стаіць адзнака «Не имеет». Аб тым, што ён удзельнічаў  у вызваленчых баях, гаворыць наступны радок білета «Имеет ли правительственные награды и какие». І тут  цэлы спіс узнагарод…

3

4

5

Дамоў вясковец вярнуўся жывым і цалюткім. Толькі не зажывала душэўная рана, глыбокая настолькі, што ніякі час не суцяшаў  той боль за таварышаў, што змага-ліся  плячо ў плячо і гінулі. За дзяцей і жанчын каля  разбураных дамоў. За  мацярок, якія пасівелі раней часу, чакаўшы з вайны  сыноў… Так ніхто з  родных і не пачуў ад яго расказаў пра тое, як ішлі ў атаку, як аглушалі артылерыйскія  выстралы, як кожны дзень заглядвалі смерці ў твар, каб вярнуцца дадому з Перамогай.

— Ён так і казаў: «Вайна — гэта цяжкая і страшная работа. І больш нічога», — расказвае  жыхар вёскі Вялікая Ліпа  Юрый Вітальевіч Чыжэўскі, пляменнік К.І. Пакумейкі. — Дзядзька Косцік сябраваў з маім бацькам. Бывала, сядуць мужчыны за сталом і гутараць, а мы, малыя, се-дзячы на печы, слухаем. Дзядзька Іван (брат  дзядзькі Косціка) расказваў, як яго, раненага, з акружэння  прыйшлося перапраўляць на крыле «кукурузніка». Самалёт быў перапоўнены, таму лётчык  прапанаваў: «Хочаш, прывяжу на крыло?» Дзядзька Іван згадзіўся. Так і пераправілі яго, параненага, да сваіх.

Ад бацькі таксама  ведаў пра выпадкі, якія адбыліся на вайне. Напрыклад,  як яму пашанцавала, калі ад выбуховай хвалі параскідала яго  аднапалчан ў бакі, параніла. А вось яму толькі абцас у ботах адарвала. Шчаслівы абутак аказаўся!

А дзядзька Косцік расказваў, як  трапіў у шпіталь. Яго трэба было аперыраваць. Але ён уцёк, бо не хацеў адстаць ад сваёй часці. Свой  апендыцыт «рабіў» пасля вайны.

Помню, што з вайны многія вярталіся з трафеямі. Нехта нёс губны гармонік, нехта акардэон. А дзядзька Косцік за плячыма прынёс  цэлы салдацкі  мяшок інструментаў — малаток, пілкі, рубанак. У нашай акрузе, мабыць, не было такой хаты, дзе б ён па-майстэрску не прыклаў сваю руку. Будаваў ён добра. Іншы  раз мы, малыя, падыдзем да яго, а ён  дасць у рукі рубанак і пакажа, як трэба з дрэвам  працаваць.

Памятаю, гадоў дванаццаць мне было. Прыйшоў я да яго са зламанымі лыжамі. А ён, сварачыся ды прыгаворваючы  па-вясковаму «Няма чаго скакаць з горак!» Але гэта было зусім  някрыўдна, бо дзяцей ён вельмі любіў. Ды і ўвогуле чалавек ён быў душэўны. Такіх мала. Ніколі нікога не  пакрыўдзіў, ні з кім не пасварыўся. Для мяне, пасля бацькі, дзядзька Косцік быў першы дарадца. Калі ў армію праводзіў, то наказваў, што Радзіму трэба  абараняць смела і добрасумленна. Пачуць ад былога салдата гэтыя  словы было так ганарова! Гэта ж былі сапраўдныя патрыёты і абаронцы Айчыны. Нездарма сустракалі іх усёй вёскай. А потым арганізоўвалі святочны стол для ўсёй радні.

Традыцыя гэтая захоўвалася ў сям»і. Бацька, дзядзькі, суседзі штогод у свята Перамогі апраналі сваё лепшае адзенне, даставалі свае  ўзнагароды, якія да гэтага  дня былі да зіхацення начышчаны, і садзіліся за стол. Першы тост быў заўсёды за Перамогу. Другі — абавязкова за тых, хто не вярнуўся з вайны…

Пасляваенныя голад і разруха паступова адыходзілі. Людзі  будаваліся. Канстанцін  Іосіфавіч Пакумейка  працаваў у будаўнічай  брыгадзе калгаса «17 верасня». Адпрацаваўшы дзень у гаспадарцы, ішоў дапамагаць вяскоўцам, калі тыя прасілі. Дома таксама быў парадак. Падрастаў сын Васіль, якога вучыў усяму, што ўмеў сам. Дачакаўся Канстанцін Іосіфавіч і ўнука. Праўда, паняньчыць прыйшлося яго зусім  нядоўга. Вось што  ўспамінае нявестка К.І. Пакумейкі Вольга Аляксандраўна  Пакумейка.

— Калі я прыйшла да яго ў хату, сустрэлі мяне  па-простаму і прыязна: «Вось, невястачка, сала — у кубле, а каўбасы — пад столлю вісяць», — пажартаваў свёкар. Ён заўсёды быў спакойны і ўраўнаважаны. Але хвароба перамагала яго ўсё больш і больш. Ну а для чалавека, які некалі мог нават бервяно з лесу прынесці на  плячах, гэта было, вядома, цяжка. Усё ж духам ён не падаў. Сказаў: «Не памру, пакуль унука не дачакаюся». Так і здарылася. У нас нарадзіўся Валодзя. Ляжыць малы ў калысцы, а свёкар занямог  тады ўжо зусім, але  прысядзе, падкладзе рукі пад дзіця, і як бы трымае. Мне гаворыць: «Ідзі, рабі  што, калі трэба. Мы тут самі справімся».

Так Канстанціну Іосіфавічу  лёс падараваў яшчэ некалькі месяцаў жыцця…

У той калысцы, якая, дарэчы, была зроблена рукамі дзеда Косціка (так яго  ўспамінаюць у сям»і), пасля Валодзі гадаваліся многія дзеці. Захаваліся  і маленькія ночвы, каб  купаць дзіця. яны былі выразаны  дзядулем з дрэва і мелі  спецыяльныя выемкі, каб пакласці галоўку,  апусціць ножкі…

Канстанціна Іосіфавіча пахавалі на мясцовых вясковых  могілках. Яго не стала ў 1975 годзе.

2

Арцём Пакумейка з узнагародамі прадзеда

Сёння на магілку дзеда   прыязджае той самы ўнук Уладзімір, якога так чакаў дзед Косцік. І  не адзін, а разам з праўнукам К.І. Пакумейкі — Арцёмам. У сям»і Уладзіміра Васілье-віча  Пакумейкі захоўваюцца  дзедавы ўзнагароды ваеннага часу, ваенны білет і ордэнская  кніжка з іншымі пасведчаннямі. Час ад часу іх дастаюць, дакранаючыся да халоднага металу, і ўспамінаюць таго, каго не давялося  ведаць асабіста, але хто  пакінуў добры след  пасля  сябе — след подзвігу, след працы.

Іна ВАСІЛЕВІЧ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.