Дзядуля Антон і яго нашчадкі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_8355

Мой дзед па матчынай лініі, Антон Фёдаравіч Усовіч, быў удзельнікам Першай сусветнай вайны. З 1914 па 1917 гады служыў і ваяваў у царскай арміі радавым 25-га Сібірскага стралковага палка (на фота 1 дзед — з белай хусцінкай у руцэ — са сваім аднапалчанінам). Атрымаў два раненні: у 1915 годзе — паранены ў грудзі, а ў 1916-м — агульная кантузія.  Захаваліся білеты, выдадзеныя Антону Усовічу пры паступленні ў лячэбныя ўстановы пасля раненняў.  Першы датаваны 14 мая 1915 года, атрыманы ў гарадскім шпіталі пры рамеснай багадзельні ў Маскве, другі — 28 сакавіка 1916 года, выдадзены шпіталем № 19 пры Мікалаеўскай  гімназіі г. Арла (фота 2 і 3).  Узнагарод не меў. Нягледзячы на раненні, дзед захаваў добрае здароўе, быў фізічна моцны, шмат працаваў на зямлі, не курыў і знаў меру ў тым, што ў чарцы, — можа, таму і пражыў да 90 гадоў.

IMG_8359

IMG_8344

Нарадзіўся ж дзядуля ў вёсцы Карцэвічы  цяперашняга Нясвіжскага раёна ў 1893 годзе. Бацька яго памёр рана, таму, як старэйшы сын у сям’і, дзед Антон клапаціўся пра трох малодшых братоў (Сцяпана, Сяргея і Рыгора) і сястру Марыю, якую вельмі любіў і шанаваў. Зямлі сваёй у сям’і не было, займаліся конегадоўляй і пчалярствам. Апошні занятак, дарэчы, дзед не пакідаў да 85 гадоў.

Пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся дадому, у 1921 годзе ажаніўся з Надзеяй з суседняга сяла Малева і перабраўся ў прымы да жонкі, бо цешча аддала зяцю добры кавалак зямлі. Маладая сям’я збудавала вялікі дом і шмат гаспадарчых памяшканняў. Дзед завёў каня, карову, авечак, свіней, птушку. Дзед Антон і баба На-дзя выгадавалі чатырох дачок і мелі сямёра ўнукаў. Я — самая малодшая ўнучка — памятаю: калі прыязджалі на лета ў Малева, то з цікавасцю разглядалі сцены дома, увешаныя фота-здымкамі ў рамках. Даваеннымі, дзе маладыя дзед і бабуля, малыя цёткі і мама, сёстры-браты стрыечныя, шматлікая радня… Большасць фота-здымкаў захавалася і знаходзіцца цяпер у мяне, а вось хаты дзедавай ужо няма, толькі падмурак застаўся.

Мая мама і ўсе цёткі пакінулі вёску. Старэйшая, Маня, жыла ў Нясвіжы, бо ў 1948 годзе дзед пабудаваў тут хату (у ёй цяпер жыву я), працавала кастэлянкай у рэстаране і добра шыла адзенне. Сярэднія дочкі (Вольга — зубны ўрач, і Ірына — выхавальніца ў дзіцячым садку) апынуліся ў Косаве Брэсцкай вобласці. Малодшая, Наташа (мая мама), настаўніца пачатковых класаў, працавала па размеркаванні ў вёсцы Волька, а потым пераехала ў вёску Бытань, таксама ў Брэсцкай вобласці; там сустрэлася з бацькам, ажаніліся, нарадзіліся брат і я…

IMG_8345

Нават не верыцца, што так хутка мінуў час. Вось агульная сямейная картачка (фота 4), зробленая напрыканцы 1950-х: у верхнім ра-дзе цётка Вольга з мужам Міхаілам, мае бацькі Наталля і Віктар, Ірына з мужам Юрыем, а ў ніжнім — дзед Антон з унукамі Анатолем і Уладзімірам (дзеткамі Вольгі) і Марыя з мужам Канстанцінам. Усе дочкі, зяці маладыя, прыгожыя, яшчэ даволі дужы дзед, старэйшыя ўнукі — зусім малеча. Цяпер жа тыя ўнукі самі пенсіянеры, а з цётак жывая толькі Вольга, якой пайшоў 90-ы год. Але традыцыя збірацца як мага большай колькасцю сваякоў і фатаграфавацца на памяць засталася. І мы заўсёды ўспамінаем дзеда Антона.

Ларыса МАКАРЭВІЧ, г. Нясвіж


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.