Гімназісты-фізікі на інтэлектуальных спаборніцтвах

Поделитесь с друзьями
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Каманда Нясвіжскай гімназіі на другім этапе алімпіяды па вучэбным прадмеце “фізіка” (злева направа): Віктар  Некраш, Уладзімір Ждан, Кірыл Шчасны,  капітан Яраслаў Тамашэвіч, Павел Парэйка і Аліна Пушачкіна разам з кандыдатам фізіка-матэматычных навук, загадчыкам  кафедры агульнай фізікі БДУ, старшынёй журы турніру юных фізікаў Анатолем Слабадзенюком

Каманда Нясвіжскай гімназіі на другім этапе алімпіяды па вучэбным прадмеце “фізіка” (злева направа): Віктар Некраш, Уладзімір Ждан, Кірыл Шчасны, капітан Яраслаў Тамашэвіч, Павел Парэйка і Аліна Пушачкіна разам з кандыдатам фізіка-матэматычных навук, загадчыкам кафедры агульнай фізікі БДУ, старшынёй журы турніру юных фізікаў Анатолем Слабадзенюком

У цяперашні час ролю фізікі немагчыма пераацаніць. Яна з’яўляецца асновай навукова-тэхнічнага прагрэсу. Метады і сродкі фізічнага пазнання неабходны ў розных галінах дзейнасці. Інфармацыя, атрыманая на ўроках і пазакласных занятках у школе, спатрэбіцца для вырашэння практычных задач у штодзённым дарослым жыцці. Не сакрэт, што вучыцца гэтаму трэба паступова, крок за крокам набываючы веды, уменні і навыкі.

Відавочна, што поспех вучня залежыць не толькі ад яго інтэлектуальных магчымасцей, але і ад жадання і здольнасці ўпарта працаваць над складанымі заданнямі на працягу вельмі доўгага часу. Пры гэтым сучасная школа патрабуе ад навучэнцаў мабільнасці, уменняў дзейнічаць у нязвыклых абставінах, увесь час параўноўваць свае набытыя ўменні з тымі, што маюць вучні іншых устаноў адукацыі. А гэта магчыма толькі тады, калі браць удзел у розных інтэлектуальных спаборніцтвах па прадмеце, якія ладзяцца не толькі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, упраўленнем адукацыі Мінаблвыканкама, аддзелам адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама, але і міжнароднымі арганізацыямі, зацікаўленымі ў развіцці адораных маладых людзей.

Якія ж вынікі ўдзелу вучняў у алім-піядах, конкурсах і турнірах?

У першай навучальнай чвэрці вучні 6-8 класаў Міншчыны мелі магчымасць прыняць удзел у дыстанцыйнай алімпіядзе па фізіцы. Не адмовіліся ад гэтага і вучні Нясвіжскай гімназіі. Маргарыта Бядуля, Яўген Коршун, Дзіанісій Броўка, Дар’я Мякіш, Паліна Праскурава і Марына Раманчук упарта ўзяліся за выкананне заданняў, і поспех не абышоў  бокам. Вынікі іх удзелу ў алімпіядзе адзначаны Дыпломам першай ступені, двума Дыпломамі другой ступені і Дыпломам трэцяй ступені.

Пачатак навучальнага года — гэта і чарговы старт рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Спачатку — першы этап. Ён праводзіцца ва ўстанове адукацыі і дае магчымасць любому вучню паказаць узровень сваіх ведаў па прадмеце. Стаць удзельнікам другога этапу можа толькі той, хто стаў пераможцам. Каманда Нясвіжскай гімназіі на другім этапе алімпіяды па вучэбным прадмеце “фізіка” была прадстаўлена 7 вучнямі 9 і 10 класаў (Аляксей Казлоўскі, Елізавета Толсцік, Аляксандр Карачун, Кацярына Макеенак, Яраслаў Тамашэвіч, Віталь Багдзевіч і Алег Бяжок). Вучань 9 класа Аляксандр Карачун і вучань 10 класа Яраслаў Тамашэвіч па выніках удзелу былі ўзнагароджаны Дыпломамі першай ступені і дастойна прадстаўлялі Нясвіжскі раён на трэцім этапе алімпіяды.

Штогод каманда Нясвіжскага раёна прымае ўдзел у турніры юных фізікаў. Гэта камандныя спаборніцтвы, вынік удзелу ў якіх залежыць не толькі ад таго, якія веды мае асобны вучань, але і як ён можа працаваць у складзе інтэлектуальнай групы. Падрыхтоўка да  спаборніцтваў пачынаецца яшчэ ў жніўні, калі вучні атрымліваюць даследчыя задачы, рашэнні якіх неабходна прадстаўляць  падчас турніру. Складанасць іх рашэння  заключаецца ў тым, што вынік, які павінен атрымацца, не мае дакладнага рашэння ў сучаснай фізіцы і можа быць патлумачаны з рознага пункту гледжання. У час падрыхтоўкі да такіх спаборніцтваў пад кіраўніцтвам педагогаў вучні маюць магчымасць набыць навыкі правя-дзення даследчай дзейнасці, вучацца ставіць мэты, планаваць эксперымент, апрацоўваць атрыманыя даныя, рабіць вывады і прадстаўляць вынік сваёй работы публічна.

У мінулым навучальным годзе каманда Нясвіжскага раёна складалася з вучняў трох навучальных устаноў. Яраслаў Тамашэвіч (капітан), Павел Парэйка — вучні Нясвіжскай гімназіі, Уладзімір Ждан, Кірыл Шчасны — вучні Сноўскай сярэдняй школы, Віктар Некраш — вучань СШ №1 г. Нясвіжа. Па выніках удзелу ў абласным турніры юных фізікаў каманда ўзнагароджана Дыпломам першай ступені.

Прымаць удзел у рэспубліканскім турніры — справа не толькі адказная, але і вельмі складаная, бо сапернікамі становяцца каманды, якія неаднаразова перамагалі на Міжнародным турніры юных фізікаў. Гэта дзве каманды ліцэя БДУ, каманда гімназіі № 29 г.Мінска. Сярод удзельнікаў турніру — каманды некаторых мінскіх ліцэяў і гімназіій, гімназій з усіх абласцей рэспублікі, а ў мінулым навучальным годзе ў турніры прыняла ўдзел і каманда з г.Варонеж Расійскай Федэрацыі. Каб быць у ліку пераможцаў, трэба па выніках кожнага бою атрымліваць не менш за 40 балаў з магчымых 60.  Несвіжане з гэтай задачай удала справіліся:  каманда па выніках першага бою займае чацвёртую пазіцыю, набраўшы  42,5 бала.  Так і не саступіўшы яе ні ў адным баі, каманда Нясвіжскага раёна па выніках спаборніцтваў заняла чацвёртае месца і была ўзнагароджана Дыпломам трэцяй ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Кожны турнір адкрывае свае зоркі. Вельмі прыемна, што сярод іх ёсць і  наша. Павел Парэйка, вучань 10 класа Нясвіжскай гімназіі, быў удастоены Дыплома Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за лепшае рэцэнзіраванне на рэспубліканскім турніры юных фізікаў. Дыплом юнаку і каштоўны падарунак уручыў арганізатар турніраў юных фізікаў на тэрыторыі СНД Яўген Юносаў.

На жаль, не ўсе вучні, якія прымаюць удзел у падрыхтоўцы да турніру, могуць стаць удзельнікамі каманды, бо колькасць ігракоў абмежаваная. Аднак без іх удзелу не можа быць перамогі. Сёлета такую дапамогу аказвалі вучаніцы 10 класа Нясвіж-скай гімназіі Аліна Пушачкіна і Алеся Мельнік. Менавіта  яны маглі пад-трымаць сваіх аднакласнікаў у час няўдачнага правядзення эксперыменту або складанасцей пры рабоце з сучаснымі праграмамі, якія апрацоў-ваюць даныя.

Такі вынік — гэта вынік работы не толькі вучняў, але і педагогаў раёна, якія дапамагалі рыхтаваць каманду. Вялікую ўдзячнасць вучні выказваюць настаўніку Аношкаўскай сярэдняй школы П.В. Ялковічу, настаўніку СШ№1 г. Нясвіжа А.А. Ахрыменю, настаўніку Лысіцкага педагагічнага комплексу школа — дзіцячы сад А.М. Атліванчыку, настаўніцы СШ №4 г. Нясвіжа Т.А. Мірашнічэнцы.  А самыя шчырыя словы падзякі — настаўніку працоўнага навучання Нясвіжскай гімназіі В.І. Шыцько, які не толькі даваў  карысныя парады пры рашэнні задач, але і стварыў неабходныя ўстаноўкі, дзякуючы якім вучні маглі правільна правесці эксперымент і зрабіць дакладныя вымярэнні.

Аказвалі дапамогу ў падрыхтоўцы да спаборніцваў і былыя ўдзельнікі турніраў: студэнты  БДУІіР Алена Хмарук і Васілій Апановіч і студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Крысціна Чурыла. Яны знайшлі час быць разам з камандай і ў час спаборніцтваў, давалі парады, распрацоўвалі стратэгію гульні.

Развіццё сеткі інтэрнэту дазваляе кожнаму жадаючаму паспрабаваць свае сілы ў міжнародных дыстанцыйных алімпіядах па прадмеце, сярод якіх і алімпіяда Санкт-Пецярбургскага тэхнічнага ўніверсітэта. У мінулым  навучальным годзе вучні гімназіі Ян Самойлік, Арцём Панасюк, Аляксандр Карачун, Яраслаў Тамашэвіч, Аляксей Казлоўскі і Марына Раманчук прымалі ўдзел у спаборніцтве. Журы гэтай алімпіяды ўзнагародзіла ўдзельнікаў граматамі рознай каштоўнасці. Да ўдзелу ў вочным этапе была запрошана вучаніца 8 класа Марына Раманчук. Ён праводзіўся ў  г. Гомелі.

Вучаніца Нясвіжскай гімназіі Марына Раманчук

Вучаніца Нясвіжскай гімназіі Марына Раманчук

Удзел у такім спаборніцтве — справа адказная, таму і хвалявалася Марына вельмі моцна, але толькі пакуль не пераступіла парог Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Там, у фае, яе сустрэлі ветлівыя арганізатары, хутка адбыліся новыя знаёмствы. Так, разам з многімі вучнямі Беларусі, яна прыступіла да выканання заданняў алімпіяды ў рэжыме “он лайн”. І ўжо праз 2 гадзіны, шчаслівая, яна бегла па калідоры ўніверсітэта, дзелячыся сваімі ўражаннямі. “ Я набрала 33 балы. Я і сама такога не чакала. Прадстаўнік аргкамітэта мяне пахваліла, сказаўшы, што гэта дастаткова добры вынік”.  Па выніках удзелу ў вочным этапе алімпіяды Марына Раманчук узнагароджана Граматай за выдатныя поспехі на вочным этапе алімпіяды.

Фізіка — навука, якая дазваляе праводзіць шмат даследаванняў. Над пытаннем, ці захоўваюцца ў сучаснага чалавека прапорцыі цела, якія былі ўстаноўлены яшчэ ў XVI стагоддзі Леанарда да Вінчы, працавалі вучні 6-га класа Юлія Чарнюк і Яна Шумоўская. Журы раённай канферэнцыі даследчых работ па фізіцы адзначыла іх работу Дыпломам удзельніка.

Не адзін раз некаторыя з нас дзіўляліся, чаму шпуля з ніткамі ко-ціцца то да нас, то ад нас (калі не, то паспрабуйце, нацягвайце нітку пад рознымі вугламі). Чаму так адбываецца? Адказ на гэта пытанне шукала вучаніца 8 класа Марына Раманчук. Яе даклад “Паслухмяная непаслухмяная шпуля” быў адзначаны Дыпломам другой ступені.

Чым старэйшы вучань, тым больш глыбокія даследаванні яму пад сілу. “Падзенне стрыжня вялікіх памераў”, работу пад такой назвай на раённай канферэнцыі прадставіў вучань 10 класа Яраслаў Тамашэвіч і стаў пераможцам, атрымаўшы Дыплом першай ступені.

Не адстаюць ад старшакласнікаў і вучні першай ступені навучання. Ужо ў такім узросце яны здольны праводзіць некаторыя доследы і іх апрацоўваць. Удалым у гэтым годзе было выступленне вучня  4-га класа Уладзіслава Сідаровіча, які пры падтрымцы настаўніцы пачатковых класаў Жанны Міхайлаўны Скрыцкай стаў пераможцам раённага этапу конкурса “Я — даследчык” і атрымаў спецыяльны прыз на абласным фестывалі ў секцыі “фізіка і матэматыка”.

Конкурс — гэта стымул у асваенні новага і рух наперад, імкненне да развіцця асобы, набыццё вопыту творчай дзейнасці, першы крок да будучай прафесіі. Усе ўдзельнікі інтэлектуальных конкурсаў плануюць у будучым вывучаць фізіку ў ВНУ, а трывалыя і глыбокія веды па прадмеце, набытыя  імі ў школьным узросце, дадуць магчымасць займацца даследаваннямі на высокім узроўні, рабіць адкрыцці, быць годнымі і запатрабаванымі спецыялістамі ў будучым.        

Словы ўдзячнасці трэба накіраваць і ў адрас бацькоў вучняў, бо менавіта яны ствараюць неабходныя ўмовы для дзіцяці, падтрымліваюць яго падчас няўдачы і шчыра радуюцца разам з ім падчас перамогі,  будуюць планы на будучыню і закладваюць жаданне многа, не шкадуючы сябе, працаваць, атрымліваючы асалоду ад набытых ведаў і самога працэсу навучання.

Жанна СКАЧКО, настаўнік фізікі ДУА “Нясвіжская гімназія”


Поделитесь с друзьями
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.