Слова стала прафесіяй

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Раіса Нікадзімаўна Хвір.1989 год

Раіса Нікадзімаўна Хвір.1989 год

У школьныя гады я марыла быць настаўніцай, пазней — тэлефаністкай. А ў душы падсвядома жыла іншая мара: сачыняць, пісаць. І гэта вылілася ў выглядзе запісаў пра аднаго хлопца, які мне тады падабаўся. Я хавала свае за-пісы ад сясцёр   (хаця, магчыма, яны і чыталі). Паступіўшы на філалагічны факультэт БДУ, працавала на гадзін-нікавым заводзе зборшчыцай, бо  вучылася завочна. А ў Лысіцкай сярэдняй школе спачатку была піянерважатай, удзельнічала актыўна ў жыцці камсамольскай арганізацыі саўгаса “Гарадзейскі”. Было ў нас весела, мы наладжвалі канцэрты, шукалі цікавыя формы работы. А потым  усё, што лічыла  вартым грамадскай увагі, пачала занатоўваць і дасылаць у раённую газету “Чырвоны сцяг”. Надрукаваныя  заметкі мяне акрылялі. І з’явілася жаданне там працаваць. Але гэта аказалася не так проста: адсутнічалі вакансіі. Потым  даведалася, што патрэбен карэктар, і паехала да І.П.Тартоў-скага, тадышняга рэдактара газеты. Але ён мяне адгаварыў, сказаў, што гэта нецікавая работа, магчыма, бу-дзе месца літсупрацоўніка. І я чакала, пакуль тое месца вызвалілася. Пазней была вельмі ўдзячна яму за параду, бо праца карэспандэнта сапраўды аказалася цікавай, насычанай і захапіла мяне: знаёмства з калектывам рэдакцы і першыя матэрыялы, няўдачы, жаданне навучыцца пісаць, як вопытныя калегі. А Іван Паўлавіч Тартоўскі меў такую  практыку для навічкоў: кіне на “аб’ект” — і пішы, як ведаеш. А ведаў практычных, вядома, не было. І выдавала я “на гара” іншы раз блытаныя “опусы”, пра якія  рэдактар казаў: “У агародзе бузіна, у  Кіеве —дзядзька”. Я чырванела, на вачах былі слёзы, у душы — горыч.  І толькі супрацоўніца сельскагаспадарчага  аддзела Тамара Праль-Гуль растлумачыла мне простую ісціну: “Пішы паслядоўна, адно за другім, каб было ясна і плаўна”. Я і сёння ёй удзячна за тую навуку. Вядома, не ўсё адразу пайшло гладка, але час, парады старэйшых калег — Тамары  Пятроўны Ярмоленкі і Ле-аніда Канстанцінавіча Саланевіча — дапамаглі мне асвоіць нялёгкую прафесію журналіста, уменне працаваць са словам. А гэта вельмі складана, паверце. Мала напісаць, трэба, каб было цікава чытачу, каб былі дакладныя факты і не закралася памылка ці апіска. Для журналістаў памылкі — самае страшнае, бо газету чытаюць усе (ну, ці абсалютная большасць жыхароў раёна), і наш правал становіцца вядомым усім.   Як гаварыў І.П.Тартоўскі, мы падобныя да сапёраў: прайшла памылка — міна ўзарвалася. І калі такое здаралася, віноўны пісаў уласнаручна ў чарговы нумар сваё “апраўданне”. А за сур’ёзныя праколы і ганарар змяншалі.

Леанід Канстанцінавіч  Саланевіч.1989 год

Леанід Канстанцінавіч Саланевіч.1989 год

Кожны хлеб нялёгкі, і журналісцкі таксама, але затое гэта цікавая работа, сустрэчы з разнастайнымі людзьмі. Калі даводзілася выязджаць у калгасы ці саўгасы, заўсёды любіла гутарыць з лепшымі працаўнікамі, у мяне было так светла на душы, лёгка. Бывае, разгаворышся з чалавекам, і не хочам разыходзіцца. Размова вытворчая пераходзіць на жыццёвую, а то і пажартуем. Здаралася і так: прыедзеш у гаспадарку, а патрэбнага чалавека няма на месцы. Або тэма не атрымліваецца. Шукай іншае, раўнацэнную замену, бо без матэрыялу ў рэдакцыю не вярталіся. Такое было правіла. Было часам складана, але я любіла і люблю сваю работу.

На ўсё жыццё запомнілася мне сустрэча з Аленай Андрэеўнай Сцепановіч, свінаркай калгаса імя Калініна.  Як з ёй проста і лёгка было гаварыць, якім яна была слаўным чалавекам! Вельмі сціплая, адкрытая, гатовая да шчырай гутаркі. Ёю, як вядома, ганарыліся ў раёне,  за  самаадданую работу Алена Андрэеўна мела ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Сустракаліся на журналісцкім шляху многія працавітыя людзі, простыя і душэўныя, таленавітыя ў сваёй сферы. Напрыклад, Антон  Пятровіч  Аляшкевіч, разумны челавек, добры сябар нашай рэдакцыі.   Ён даследаваў гісторыю Нясвіжчыны, дасылаў нам змястоўныя артыкулы, якіх і апрацоўваць не было патрэбы. Сябравалі мы і з другім мясцовым краязнаўцам — Клаўдзіяй Якаўлеўнай Шышыгінай, якая прыносіла цікавыя матэрыялы з гісторыі роду Ра-дзівілаў і славутыя легенды пра Нясвіж. А як прыгожа выконвала яна рамансы на 50-гадовым юбілеі газеты, куды мы яе запрасілі! Шчырая, эрудзіраваная, улюбёная ў свой край жанчына пакінула незабыўны след у душах і сэрцах несвіжан. Успамінаю няштатнага аўтара “Чырвонага сцяга” Аліну Маркевіч, таленавітую паэтэсу, выканаўцу ўласных песень. Яна прыносіла нам і лірычныя замалёўкі, цікавыя нататкі.

У свой час я была загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, вяла школу юных карэспандэнтаў. Да нас прыязджалі дзеці з розных школ раёна і вучыліся пісаць заметкі, аналізаваць іх. У некаторых атрымлівалася лепш, у каго — не так. Але была ва ўсіх зацікаўленасць,  жаданне асвоіць азы журналістыкі. Мы ездзілі на прадпрыемствы, дзе  вучні знаёміліся з працаўнікамі  розных галін вытворчасці, а потым пісалі свае матэрыялы. Лепшыя мы друкавалі ў газеце. Прыемна, што некаторыя ў далейшым паступілі ў ВНУ па спецыяльнасці.   Добрымі памочнікамі  “раёнкі”  былі Наталля Гайдук, Вольга Новік, Вераніка Навоша, іншыя юнкоры.

Жыццё  ў рэдакцыі не абмяжоўвалася толькі работай: мы наладжвалі шахматна-шашачныя турніры, у якіх пераможцамі былі часцяком І.П.Тартоўскі і М.М.Яроцкі (у шахматах). Мне аднойчы пашанцавала  абыграць калег у шашкі.   Таксама ездзілі ў Мінск на цыркавое  прадстаўленне, а ў перыяд сельгасработ выязджалі ў гаспадаркі раёна і дапамагалі.  Словам, сумаваць не даводзілася.

Васіль Аляксандравіч Мядзведскі. 1989 год

Васіль Аляксандравіч Мядзведскі. 1989 год

Не магу не ўспомніць добрым словам нашага фотакарэспандэнта    Васіля  Аляксандравіча  Мядзведскага, самага вясёлага чалавека ў рэдакцыі. Ён ведаў шмат анекдотаў, жартоўных выказванняў. Меў залатыя рукі: мог дапамагчы, калі ў каго  разыходзіўся замок у боце, пастрыгчы мужчын-калег таксама ўмеў.

Многае можна расказаць, але фармат газеты абмежаваны.

Таму закончу свае прыемныя ўспаміны пажаданнямі сённяшняму калектыву “Нясвіжскіх навін”  удзячных  (і шматлікіх) чытачоў, цікавых аўтараў, творчага натхнення і даўгалецця. Пішыце так, каб сэрцы радаваліся, можна і слёзы выклікаць у людзей, настальгічныя ці ад вясёлых гумарэсак, карацей, пішыце пра ўсё, чым жывём.

Раіса ХВІР, г.Нясвіж


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.