Ля вытокаў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_9645

Арцёма Пятровіча Саўчанку (злева) узнагародзілі ордэнам “Знак Пашаны”. Масква. 1938 г. Унізе — пасведчанне да ордэна. Уверсе — копія выпускнога пасведчання А.П. Саўчанкі, дзе гаворыцца, што ён паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у 1923 г. і закончыў у 1926 г., выканаўшы ўсе патрабаванні вучэбнага плана прыродазнаўчага аддзялення беларускай секцыі педагагічнага факультэта

Яркую старонку  ў гісторыю нашага  раёна ўпісаў

у свой час   выдатнік народнай  асветы, заслужаны

настаўнік Беларусі   Арцём Пятровіч  Саўчанка.

Арцём Пятровіч нарадзіўся ў 1886 годзе  ў Магілёўскай вобласці ў сям’і селяніна-бедняка. Закончыўшы двухкласную школу, экстэрнам здаў экзамены на званне настаўніка пачатковай школы. Але работу ў школе  не мог атрымаць з-за свайго  бядняцкага паходжання. Тады юнак  заключыў дагавор з сялянамі вёскі  Ржаўка Прапойскага раёна (цяпер — Слаўгарадскага) і за 10 рублёў у месяц пачаў вучыць іх дзяцей. Толькі праз дзесяць гадоў атрымаў прызначэнне на працу настаўнікам.

Пры савецкай уладзе Арцём Пятровіч Саўчанка паступіў ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, закончыў яго і ўсё жыццё прысвяціў педагагічнай дзейнасці.

Пасля вызвалення нашага горада  ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у 1944 годзе, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР А.П. Саўчанка прыехаў у Нясвіж, каб адкрыць тут  педагагічнае вучылішча. Вось што  расказваў пра гэта яго калега, педагог, выдатнік народнай асветы Беларусі Казімір Іосіфавіч Пагоцкі: “Урадам БССР была прынята пастанова аб адкрыцці ў краіне некалькіх  педагагічных вучылішчаў. Мяне і Арцёма Пятровіча Саўчанку Баранавіцкі абласны аддзел народнай  адукацыі накіраваў у Нясвіж, каб стварыць там  педвучылішча. А.П. Саўчанка быў прызначаны  дырэктарам гэтай установы. У канцы верасня 1944 года мы прыехалі ў горад… За першыя шэсць дзён  былі зарэгістраваны шэсць  чалавек паступаючых. Мы сталі думаць, што рабіць. Рашылі, што  мне трэба набіраць студэнтаў у Капылі ў сярэдніх школах. У кожным класе  я заклікаў вучняў паступаць у педвучылішча… У канцы верасня  адкрыліся дзве  групы на базе дзесяці, дзве — на базе дзевяці класаў і пяць  груп першага курса — усяго больш за 300 чалавек.

Арцём Пятровіч Саўчанка  падчас працы ў Нясвіжы.  1945-50-я гады

Арцём Пятровіч Саўчанка падчас працы ў Нясвіжы. 1945-50-я гады

Прыйшоў час, калі сталі прыбываць у Нясвіж будучыя студэнты. Інтэрната яшчэ не было. Мы сталі размяшчаць моладзь у падвальнай частцы будынка сярэдняй школы і  вучэбных класах. Затым за сем дзён раскватаравалі ўсіх студэнтаў у гараджан. Ложкі ў нас былі свае, яны  нам дасталіся ад ваеннага  шпіталю…”

Клопатаў па арганізацыі педвучылішча, якія ляглі на  плечы яго дырэктара Арцёма Пятровіча  Саўчанкі, было вельмі шмат: нельга забываць, што першы навучальны год праходзіў у цяжкіх умовах ваеннага часу.

У другім навучальным годзе ўжо  былі створаны лепшыя ўмовы для работы калектыву. З’явіліся  інтэрнат, сталовая для настаўнікаў і навучэнцаў. Апошнія не толькі набывалі прафесійныя веды, але і займаліся грамадскай работай. У вучылішчы працавалі розныя гурткі. Актыўна вялася  камсамольская работа. Так, у сту-дзені 1945 г. у раёне  праходзілі справаздачна-выбарчыя  сходы ў пярвічных  камсамольскіх арганізацыях. “На высокім ідэйна-палітычным узроўні  прайшоў справаздачна-выбарчы сход у педагагічным  вучылішчы, — адзначаў у сваёй заметцы, змешчанай у раённай газеце “Чырвоны сцяг” 3 лютага  1945 г., сакратар РК ЛКСМБ В. Бірукоў.  — Пасля змястоўнага справаздачнага даклада  сакратара  арганізацыі таварыша  Насевіч  у спрэчках выступілі  амаль  усе камсамольцы.  Выступаючыя адзначылі вялікую  выхаваўчую работу, якую прарабіла  камсамольская арганізацыя за час  свайго існавання.  Усе камсамольцы вучацца толькі на “4” і “5”. Арганізацыя вырасла на 8 чалавек…”

У маі 45-га камсамольская арганізацыя  педвучылішча  налічвала ўжо 74 чалавекі, а ў пачатку стварэння ўстановы, у 44-м, было толькі 7 камсамольцаў.

Вялікую ўвагу педагогі надавалі фізічнай падрыхтоўцы юнакоў і дзяўчат, будучых настаўнікаў. Навучэнцы педвучылішча  актыўна ўдзельнічалі ў раённых  масавых спартыўных мерапрыемствах. Найбольш хуткімі і спрытнымі былі Ігнатчык, Шумілін, Плакса, Гурына, Сцяпанава, Гуліцкая, Сцепаненка. Аб гэтым расказвае “Чырвоны сцяг” за 30 мая 1945 года.

Каб хутчэй павялічыць  сям’ю настаўнікаў рэспублікі, у пачатку студзеня 1945 года Нясвіжскае  педвучылішча аб’явіла набор  на сямімесячныя курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў 1-4 класаў. Прымалі на курсы тых, хто меў сямігадовую  адукацыю. Праўда, іх яшчэ чакалі ўступныя іспыты па рускай і беларускай мовах і матэматыцы. Курсанты забяспечваліся інтэрнатам, сталовай і стыпендыяй.

У маі таго ж года быў аб’яўлены набор  на 6-месячныя курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў  пачатковых класаў. На іх прымалі людзей, скончыўшых сярэднюю школу.

Арцём Пятровіч разумеў, што навучанне і  выхаванне дзяцей  — адказная і складаная справа. І даверыць яе можна толькі людзям, якія маюць добрыя прафесійныя навыкі і талент педагагічнай работы, людзям, якія любяць дзяцей. І ён стараўся прывіць гэтыя рысы навучэнцам, напраўляў  у даным накірунку сваіх калег-выкладчыкаў, перадаваў ім свой багаты педагагічны вопыт.

Вялікую работу А.П. Саўчанка вёў і як дэпутат  Вярхоўнага Савета БССР. Выраз “дэпутат — слуга народа” быў для яго  не проста  словамі, а ўвасабленнем  нястомнай працы ва ўсіх сферах. Добрасумленна выконваць  наказы сваіх выбаршчыкаў, заўсёды быць  праўдзівым і аб’ектыўным,  праяўляць мудрасць  і непаспешлівасць, пры вырашэнні  розных пытанняў улічваць усе плюсы і  мінусы, заўсёды  заставацца  на вышыні — такімі пастулатамі  кіраваўся   Арцём Пятровіч.

Ён быў не проста настаўнікам, дырэктарам установы адукацыі — ён быў сапраўдным інтэлігентам.

“Наша савецкая інтэлігенцыя ўвесь час  ішла разам з народам, аддавала ўсе  сілы і веды свае справе перамогі. Яна  і ў далейшым  выканае ўсе задачы, пастаўленыя перад ёй камуністычнай  партыяй і ўрадам”, — пад-крэсліў ён, выступаючы 9 мая 1945 г. у Нясвіжы на мітынгу,  прысвечаным перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

У красавіку 1946 года ў Нясвіжы адбыўся раённы сход інтэлігенцыі. Ён праходзіў у клубе педвучылішча. З дакладам на гэтым сходзе  выступаў Арцём Пятровіч  Саўчанка. Ён гаварыў пра задачы, якія патрэбна выконваць  інтэлігенцыі на дадзеным  этапе. І чырвонай лініяй у яго выступленні праходзіла галоўная думка —  самім быць прыкладам ва ўсім  і моладзь выхоў-ваць у духу патрыятызму, любові да Радзімы. Гэтую задачу сам Арцём Пятровіч стараўся выконваць пастаянна.

— Што пішуць «Известия»?

— Што пішуць «Известия»?

Такое жыццёвае крэда запатрабавана і з’яўляецца асновай маральнасці грамадства ва ўсе часы. Але ў тыя гады, калі краіна толькі-толькі пачала залечваць свае раны пасля вайны, перажыўшы велізарную трагедыю, гібель мільёнаў людзей, гэта было асабліва важна.

А.П. Саўчанку паважалі на Нясвіж-чыне. Нездарма ў кастрычніку 1945 г. кіраўніцтва раёна, грамадскасць цёпла павіншавалі яго з 40-годдзем педагагічнай і грамадскай  дзейнасці. У 1946-м ён атрымаў значок  “Выдатнік народнай асветы БССР”. А раней быў узнагаро-джаны  ордэнам  “Знак Пашаны”.

Арцём Пятровіч  пайшоў з  жыцця ў 1950 годзе. Але яго  справа  засталася жыць. Ён даў пуцёўку ў самастойнае жыццё многім і многім  сваім вучням школ, навучэнцам педвучылішча — і яны, сейбіты разумнага, добрага, вечнага, падхапілі яго факел, узнялі высока  і панеслі ўперад, асвятляючы шлях да ведаў.

У музеі Нясвіжскага дзяржаўнага  каледжа, былога пед-вучылішча, ёсць экспазіцыя, прысвечаная  яго першаму дырэктару. Фотакарэспандэнт “Нясвіжскіх навін” зрабіла здымкі гэтых экспанатаў, за што шчыра дзякуем супрацоўнікам каледжа. Сёння мы прапануем увазе  чытачоў гэтыя каштоўныя выявы.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.