Прыгожы, пяшчотны, запатэнтаваны

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

DL4A9597

Яшчэ здаўна нашы продкі  выкарыстоўвалі вышыты ручнік як абярэг. Чараўніцтва і магічную сілу яму надавала вышыўка сваім колерам, узорам, сімволікай. Ручнік быў сімвалам пажадання шчаслівага лёсу ў будучыні і памяці пра родны дом, а таму самым дарагім падарункам маці ў дарогу сыну, калі той ішоў у новае жыццё.

З каласоў жытнёвых ён сатканы,

Наш ручнік, нясвіжскі наш узор,

Васільком, пралескай вышываны,

Хвалямі блакітнымі азёр.

Зіхаціць ручнік наш саматканы,

Роднай нам Нясвіжчыны узор,

І глядзіш, глядзіш зачараваны

На дзівосны, казачны убор.

Гэтым цікавым вершам распачалася прэзентацыя сувенірнага руч-ніка “Нясвіж” (фота 1, 4), падрыхта-ваная супрацоўнікамі цэнтральнай раённай бібліятэкі.

З даўніх часоў ручнік з’яўляўся сімвалам беларускай гасціннасці, адкрытасці і дабрабыту. У яго кожны майстар уплятае нешта сваё, непаўторнае, звязанае з жыццём, уласнымі пачуццямі, роднай Бацькаўшчынай. Не выключэнне і Алена Дубініч — аўтар сувенірнага ручніка “Нясвіж”, які з’яўляецца не толькі простым тканым вырабам, але і носьбітам асаб-лівага значэння. Гэта не проста ручнік, гэта сімвалічны, мнагазначны зашыфраваны аповед пра Нясвіжчыну і людзей, якія тут жывуць.

Як зазначыла аўтарка,  па свое-асаблівым узоры на яе вырабе можна не толькі пазнаць сваю радзіму, але і спазнаць яе, зазірнуць у гісторыю роднага краю.  На ручніку бачны сімвал горада — яго герб, які Нясвіж атрымаў у 1586 годзе разам з Магдэбургскім правам. Пад ім змешчаны стылізаваны сімвал продкаў як вобраз яднання даўніх часоў з днём сённяшнім. Герб абрамляе раслінны арнамент з блакітнымі кветкамі ільну, якія сімвалізуюць  сінявокую Беларусь. 

Сімвалічнае і  выкарыстанне колераў. Блакітны колер — гэта азёры і рэкі Нясвіжчыны, зялёны — сімвал нясвіжскіх лясоў і паркаў. Край руч-ніка ўпрыгожаны стылізаваным беларускім арнаментам чырвонага колеру, а сам ён аздоблены карункамі са стылізаванымі выявамі дубоў, якія сімвалізуюць магутнасць і духоўную моц жыхароў Нясвіжскай зямлі. Такой яна была раней, у далёкім мінулым, такой застаецца і зараз.

Ручнік быў запатэнтаваны ў 2013 го-дзе пры дапамозе дзяржаўнага гандлёва-вытворчага аб’-яднання “Белмастацпромыслы”. Дзякуючы гэтаму, жыхары Беларусі, бліжняга і далёкага замежжа маюць магчымасць набыць суве-нірны выраб, які доўгі час будзе нагадваць усім пра незабыўную, адметную сваёй непаўторнасцю і прыгажосцю Нясвіжчыну. А масавая вытворчасць ручнікоў у самы бліжэйшы час пачнецца на РУП “Слуцкія паясы”.

На прэзентацыю, акрамя ўсіх жадаючых, былі запрошаны  прадстаўнікі раённай улады і дэпутацкага корпусу. Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Майсеня ў сваёй прамове выказаў  удзячнасць майстрысе за яе творчасць і патрыятычны настрой, а дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў,  дырэктар філіяла “Нясвіжскі хлебазавод” адкрытага акцыянернага таварыства “Барысаў-хлебпрам” Алена Краўчэня вітала Алену Дубініч (фота 2) цёплымі словамі і прыгожым караваем нясвіжскай вытворчасці.

Запамінальным стала выступленне хора ветэранаў працы «Аптымісты» (фота 3), з якім, дарэчы, аўтарка ручніка выступае шмат гадоў. Акрамя іх, свае таленты падаравалі прысутным выканаўцы Любоў Дрык і Ігар Гарбачоў.

Усе прысутныя былі адзіныя ў тым, што неабходна падзякаваць народнай майстрысе за сувенірны ручнік — сімвал чыстага і светлага жыцця. Няхай ён вандруе па ўсім свеце і расказвае пра непаўторны Нясвіжскі край з яго блакітнымі азёрамі, зялёнымі лясамі, велічнымі ар-хітэктурнымі помнікамі, няхай расказвае пра людзей, якія тут жывуць: добрасумленных і працавітых, якія шануюць сваю Бацькаўшчыну як найвышэйшы духоўны і багаты скарб.

DL4A9631

DL4A9604

DL4A9607

Прысутнічаў Дзмітрый ЯШЧАНКА


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.