ШЧАСЛІВЫ САЙТ

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

u00092

Ля фантана стаяла маладая жанчына ў чырвонай клятчастай спадніцы, светлай блузцы і з чырвонай  сумачкай. Яе прыгожыя, класічныя рысы твару прыцягвалі погляды мужчын. Але яна не звяртала на іх увагі, была засяроджаная, задумлівая. З такога стану яе вывеў жыццярадасны вокліч:

— Анжэлка, ёсць добрая навіна! На сайце “У кантакце” адгукнуўся дастойны кадр. Табе якраз падыходзіць.

Анжэла незадаволена сказала:

— Ну што ты крычыш, Сонька? Ды пры людзях. І наогул, з чаго ты ўзяла, што мне патрэбна віртуальнае знаёмства?

— А як цябе вывесці з дэпрэсіўнага застою?— адказала сяброўка. —  Выратаванне тапельцаў — справа іх асабістая, а ў даным выпадку — мая, бо ты ж не ў адэкваце. Падумай, паглядзі.

— О, Божа, — уздыхнула сяброўка, —  тваю энергію ды ў карыснае рэчышча.

— А хіба карысна набірацца песімізму і няньчыць яго?  Жывём, красуня! Ты яшчэ рада  будзеш. Пайшлі да мяне, палюбуешся на патэнцыяльнага бойфрэнда.

Анжэла павольна накіравалася за сяброўкай, што з ёй зробіш, не адчэпіцца ж. Калі Соня ўключыла камп’ютар і зайшла на сайт “У кантакце”, адкрыла выяву маладога чалавека са светлымі валасамі і цёмнымі вачамі, Анжэла зацікаўлена глянула і сказала:

— Нечаканае спалучэнне: бландзін з чорнымі вачамі. І як завуць гэта  шчасце?

— А я што казала, — узрадавалася сяброўка. — Імя яго — Дэн. А?

— Ну, гэта хутчэй за ўсё яго нік.

— А мы праверым, пры сустрэчы, — бадзёра адказала Соня. — Вось падкінем яму тваё фота і ён прыляціць.

— Не забудзься крылы яму вы-слаць, — іранічна парыравала Анжэла.

— Трэба будзе, прыладзім. Абы ты не сумавала.

Дзяўчаты пасмяяліся, выпілі кавы і разышліся. Анжэла не прыняла ўсур’ёз Соньчыны клопаты пра сваё асабістае жыццё і занялася справамі. А вечарам пайшла прагуляцца да возера і залюбавалася яго ціхай плынню, шустрымі дзікімі качкамі,  якія  плылі  па вадзе, потым спрытна ныралі  ў пошуках ежы.

А далей  паказаліся  прыгожыя, гордыя птушкі з тонкімі  доўгімі  шыямі:  лебедзі.

“Вось дзе прыгажосць і спакой, — падумала дзяўчына, — яны жывуць нармальным жыццём, дадзеным прыродай. Наўрад ці здольныя на падман ці подласць. Ім так мала трэба: паесці, паплаваць і палятаць. А мы? Увесь час шукаем нешта недасягальнае, мала таго, што маем. Калі дасягаем, надыходзіць спакой і расчараванне. Ці мы так задуманы кімсьці, каб не мець спакою? А можа гэта і добра, чым плыць у ціхай затоцы і жыць, як набяжыць.

Але мая сітуацыя не такая простая, як думае Сонька. Атрымаўшы  ўдар лёсу, не вельмі лёгка кідацца ў новую авантуру. А раптам зноў бу-дзе не тое, што трэба? З другога боку, бедаваць аб няўдачным вопыце таксама не варта, бо можна  нажыць душэўную хваробу. Урэшце, я маладая, прыгожая, ёсць адукацыя і добрая работа, сяброўка-жыўчык. Усё, прэч пакуты і мукі, пачынаем новае жыццё, адкрываем новы сайт пад назвай “наперад, аптымісты!” З такім пазітыўным самалячэннем  душэўнай траўмы (ужо былой) Анжэла накіравалася дадому.

 Назаўтра на работу ў банк яна прыйшла вясёлай, з  прыгожым ма-кіяжам. Жанчыны-калегі паглядалі на яе і  непрыкметна  ўсміхаліся. А бухгалтар Марына Сцяпанаўна сказала: ”Маладзец, Анжэлка. Нарэшце бачым каралеву, а не заклапочаную папялушку.”  Сакратарка шэфа Алёна адабральна кіўнула Анжэле і сказала: ”Мы яшчэ пакажам сябе, прыгожыя і знакамітыя.” І ўсе прыступілі да работы.

Вечарам прымчалася Соня і зноў павяла атаку:

— Анжэла, заходзім на сайт, ловім кантакт. Вось ён, прыгажун-мужчына. Так.

Пішам: маладая дзяўчына жадае мець знаёмства з Вамі. Я сціплая, у меру прыгожая, магу гатаваць смачную ежу, цікаўлюся тэатрам, люблю плаваць.

Калі нашы захапленні супадаюць, можам сустрэцца. Так, слаўненька, чакаем.

 Праз хвілін дзесяць на экране манітора  з’явіўся адказ: “Мне пасуе ваша захапленне плаваннем і ўменне гатаваць, бо я люблю смачна паесці. Ну, але гэта другарадна. Дзе сустрэнемся?”

— Клюнуў, — узрадавалася Соня. — Месца сустрэчы? Анжэлка, думай, заадно, што апранеш.

— А закручуся ў чырвоную матэрыю, як індыйскае сары будзе, — пажартавала Анжэла.

— Чаму б і не? — Соня энергічна страсянула галавой і дадала:

— Трэба яго шакіраваць, зачараваць, каб галаву страціў.

— А навошта мне безгаловы?

— Ну, дык гэта алегорыя, так  сказаць. Вось што, даражэнькая сяброўка, слухайся мяне.  Апранешся ў той касцюм, што ў Італіі купіла, ты ў ім нагадваеш мадэль. А сустрэча адбу-дзецца  ля замка, гэта так рамантычна. Напішам, што ў руках будзе галін-ка бэзу, якраз цвіце. Ну, акурат  пушкінская Таццяна ці  блокаўская незнаёмка.

— Ну, Сонька, —  засмяялася сяброўка, — з табой не засумуеш.

— А ты як думала? Мы іх пакладзём у штабель!

Дэну паведамілі пра час і месца сустрэчы і разышліся. Анжэла ішла дамоў і думала, ці трэба ўсё гэта, але нейкая вясёлая гарэза загаварыла і ў ёй. А чаму б і не? Зрэшты, я нічога не трачу. А там паглядзім. Вечар быў цёплы, лісце клёнаў ледзь шапацела, нібы ціха перагаворваючыся. Вясна цвіла зялёным колерам надзеі і радасці, і настрой быў адпаведны. Маладосць брала сваё, ёй хацелася дзеяння, новых уражанняў , кахання. Ну, калі не ўдалося першае, гэта не азначае, што трэба страціць цікавасць да  ўсяго і жыць мінулым. Ёсць сёння і будзе заўтра, узыдзе сонца і асвятліць душу, сагрэе цяплом.

Назаўтра яна стаяла ля замка і хвалявалася: усё ж такі новы чалавек, як ён успрыме ўсё. Але калі да яе падыйшоў светлавалосы мужчына з цёмнымі вачамі, трывога чамусьці рассеялася. У яго поглядзе былі цеплыня і добразычлівасць, павітаўшыся, пацалаваў дзяўчыне руку. Яна сарамліва апусціла вочы, а ён прыветліва сказаў:

— Вы — Анжэла, а я — Дэн, калі хочаце — Даніла. Проста ўсе сябры завуць мяне на амерыканскі лад, дык я прывык.

— Ну, у гэтым няма нічога дрэннага, — адказала дзяўчына, — галоўнае, які чалавек.

— Куды пойдзем? — пацікавіўся Дэн.  — Можа, у парк?

— Давайце, — згадзілася Анжэла. — Там цяпер прыгожа, кветкі цвітуць, лісты такія зялёныя, як ізумруд.

— А Вы  — паэтычная натура, — прамовіў мужчына. — Мне падабаюцца такія.

— Раскажыце пра сябе, — папрасіла Анжэла.

 — Ахвотна. Я закончыў юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, працую ў судзе г. Мінска, мне дваццаць восем гадоў. Не жанаты, была рамантычная гісторыя з аднакурсніцай, але яна хацела ўсё і адразу: машыну, вялікія грошы. А як маладому такога хутка дабіцца? Без пратэкцыі, вядома, цяжка.

Вось на такіх жыццёвых рознагалоссях і разышліся. Я потым доўга ў сур’ёзныя адносіны ні з кім не заходзіў, думаў.

— А што, рашылі, усе дзяўчаты такія?

— Не, я не такі закаранелы песіміст. Проста ўзяў паўзу, скажам так. А сябры пачалі падштурхоўваць, маўляў, спрабуй шчасце праз інтэрнэт, бывае ж і такое. А Вы, Анжэла,  верыце ў гэта?

— Не зусім. Проста цікава стала, чаму яшчэ адна душа шукае некага.

— Вось бачыце, усе мы, людзі падобныя, цяпло патрэбна кожнаму.

Я хачу думаць, што ў нас атрымаецца нешта добрае.

— Вы не спяшаецеся з вывадамі? Вы ж мяне зусім не ведаеце. А раптам я таксама лаўлю багатых ды крутых?

— Вы не падобны на такую, у Вас вочы чыстыя, шчырыя. І давайце пяройдзем на “ты”.

— Я згодна. У нас у банку амаль ці не з першага дня ўсе навічкі так  гавораць.

 Я чытала, што ў Амерыцы падобная форма зносін лічыцца нармальнай, а чым мы горшыя?

Маладыя людзі засмяяліся і пайшлі далей, разглядаючы белыя кветачкі, што выбеглі на палянку ля высокага дрэва, недзе ўверсе заспявала нябачная птушка. Дэн усклікнуў: — Як слаўна! А я даўно не быў у парку, хаця прыязджаю дамоў часта. Цяпер буду хадзіць кожны раз, з табой, Анжэла. І запытальна глянуў на дзяўчыну. Яна адказала: — Усё магчыма, паглядзім.

Спатканне прайшло непрыкметна і цікава для абодвух бакоў. Дагаварыліся сустрэцца ў наступныя выхадныя, а спісвацца ў інтэрнэце. Анжэла вярнулася дамоў вясёлая, са светлым настроем. Праз дваццаць хвілін патэлефанавала Соня: — Ну, што ты маўчыш? Я ўся гару жаданнем ведаць падрабязнасці.

— Вазьмі халоднай вады і спаласніся, пажар і сціхне.

— Ну, Анжэлка, на цябе трэба стыхію агню, а не лядовага спакою. Я ж была ініцыятарам ідэі, а ты ў хованкі гуляеш.

— Добра, не кіпяціся, я раскажу. Хлопец, быццам, нядрэнны, працуе ў судзе ў Мінску, жыве ў Нясвіжы. Дагаварыліся сустрэцца праз тыдзень. А пакуль будзе сувязь праз нэт.

— Ну, слава Богу, нарадзіла газель цялятка. Я рада за цябе, мару на вяселлі пагуляць.

— Якая ты шустрая. Ні  села, ні пала, а птушку спаймала. Спакойна, Сонька, цішэй едзеш, далей будзеш.

— Ты сумная, як нізкапробны серыял. Добра, раскачвай воз, можа, калі і паедзеш. Гадкоў праз пяць, як пад трыццаць будзе падбірацца і ўсіх прынцаў расхапаюць.

— Не бурчы, Соня. Давай лепш падумаем, што мы заўтра будзем рабіць.

— У якім сэнсе?

— Ну, што напішам Дэну, дарэчы, Данілу, у кантакт.

— А, дык гэта няма праблем. Слухай і запамінай геніяльныя фразы лепшай сяброўкі: Я прыйшла дадому нейкая абноўленая, настрой быў добры. Спадзяюся, у цябе таксама. Дані-ла, я хачу ведаць твае планы на бліжэйшую будучыню, дакладней, на суботу.

Анжэла засумнявалася: — Ці не залішне, што “абноўленая?”

— Ах, Божа мой, ну чым кепска? Няхай парадуецца хлопец, што ты звярнула на яго ўвагу.

Сяброўка згадзілася. Праз некалькі хвілін прыйшоў адказ:”Я прапаную паехаць у Мірскі замак. Як ты на гэта глядзіш?”  Анжэла напісала:”—Ідэя нядрэнная, але на чым мы пае-дзем?” Даніла: ”У майго сябра ёсць машына, ён  таксама жадае туды наведацца.”

Прапанова была прынята і Анжэла чакала выхадных з нецярпеннем і сама дзівілася:”Чаго я так ? Не хапала яшчэ закахацца. А з другога боку, гады ідуць, ды і хлопец, па-мойму, нядрэнны, без пантоў.”

Надышла субота і маладыя людзі накіраваліся ў Мір. Сябар Дэна, Славік, усю дарогу жартаваў, казаў Анжэле кампліменты. Да варот замка падыйшлі з пачуццём дзіўнага захаплення, ва ўсякім разе, Анжэла. Яна  была ўражана веліччу старадаўніх сцен, навакольнай прыгажосцю, зялёнай травой і ціхай гладдзю вады. У залах палаца было шмат цікавых экспанатаў, экскурсавод вяла аповед пра даўнюю гісторыю, расказвала з веданнем справы пра экспанаты. У кіёску маладыя людзі купілі сувеніры, потым пахадзілі па мястэчку і  паехалі дамоў. Па дарозе Даніла пытаўся ў Анжэлы, ці спадабалася ёй паездка, на што дзяўчына сцвяр-джальна кіўнула галавой.

Дагаварыліся аб наступнай сустрэчы і разышліся.

 Соня зноў засыпала сяброўку пытаннямі, але тая была немнага-слоўнай.

 Назаўтра Анжэла зноў пайшла да замка на спатканне з Данікам, ёй так больш падабалася імя хлопца. Ён прыйшоў з букетам светла-чырвоных руж, нейкі ўрачысты і збянтэжаны. Дзяўчына падзякавала за кветкі і яны пайшлі да возера, селі на лавачку. Хлопец расказваў пра цікавыя моманты са сваёй работы, а потым нечакана прамовіў: — Анжэла, выходзь за мяне замуж, я кахаю цябе.

 Дзяўчына сумелася: — Што ты? Так хутка, мы ж яшчэ не ведаем добра адзін аднаго.

— А мне здаецца, што я цябе ведаю даўно, і чакаў іменна такую: прыгожую, сціплую, разумную.

Анжэла сказала: — Ну, я не магу адразу табе нічога сказаць, мне трэба падумаць.

— Вядома, — згадзіўся Данік. — Я буду чакаць.

 Дома Анжэла сказала маме аб прапанове Данілы, тая задумалася, а потым   заявіла: — Ну, можа, прыйшоў твой час, будзем рыхтавацца да вяселля.

А калі, дарэчы?

— Я не ведаю, — разгублена адказала дачка.

— Ну, дык трэба, каб ён прыйшоў з бацькамі на дагавор. Як у людзей заведзена.

 Яна  падумала: “Вось як адгадаў маміны думкі”. Услых адказала:  “Ну, праз тыдзень.”

Той тыдзень Анжэла не жыла, а была ў незразумелым стане ці то эйфарыі, ці то нейкага забыцця. А калі жаніх з бацькамі пераступілі парог іх кватэры, засаромелася, а ў душы была радасць. “Няўжо я кахаю гэтага чалавека? Мабыць так, бо хачу быць з ім назаўсёды.”

І была прыгожая белая сукенка, і шчаслівы погляд каханага, кветкі і віншаванні, светлы дзень. Без адзінай хмаркі. І словы Даніка:”Я пастараюся, каб і наша жыццё было такім светлым і чыстым. “Анжэла засмяялася і адказала: “Я веру. “Падбегла Сонька ў блакітнай пышнай сукенцы і сказала сяброўцы на вушка: “А ты не верыла, што можа быць шчаслівы сайт. Дружнага жыцця вам і вечнага кахання!”

   Раіса ХВІР, г. Нясвіж


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.