Так гартаваліся мы

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_8309

З успамінаў Уладзіміра Пятровіча Гуля

Падчас вайны  Польшчы з Расіяй (1919-1921 гг.) 12 кастрычніка 1920 г. быў заключаны дагавор аб перамір’і і  папярэдніх умовах міру, згодна з якім ваенныя дзеянні спыняліся з 18 кастрычніка 1920 г. Дасягнутая на  гэты дзень лінія фронту павінна  была стаць дзяржаўнай мяжой. 18 сакавіка 1921 г. была заключана  рыжская дамова паміж Польшчай і Расіяй, паводле якой  Нясвіжчына аказалася  пад уладай Польшчы.

Працоўныя Заходняй Беларусі пакутавалі ад эксплуатацыі  і нацыянальнага прыгнёту. Нашы землі былі адсталай  аграрнай ускраінай Польшчы.  Рабочы дзень дасягаў 10-12 гадзін,  заработная плата была нізкая. Рабочыя беларускай нацыянальнасці працавалі на пасадах, якія не патрабавалі  кваліфікацыі. Карэннае насельніцтва абмяжоўвалася таксама ў сацыяльных і палітычных правах.  Польская мова стала  афіцыйнай ва ўсіх  дзяржаўных установах, органах самакіравання, школах.

Але беларусы не хацелі мірыцца з такім становішчам, з  перашкодамі захаванню іх духоўных каранёў, нацыянальнай культуры. Паўсюдна рос  нацыянальна-вызваленчы  рух…

1 верасня 1939 г. гітлераўская Германія напала на Польшчу. Пачалася другая сусветная вайна. У сярэдзіне верасня немцы падышлі да зямель Заходняй Беларусі. 17 верасня  Чырвоная Армія  перайшла граніцу, каб узяць пад абарону жыццё і маёмасць  насельніцтва Заходняй Беларусі. У Нясвіж савецкія вайсковыя часці ўступілі ў 4 гадзіны раніцы…

Народны сход у Беластоку, які праходзіў 28-30 кастрычніка 1939 г. звярнуўся ў Вярхоўны Савет СССР з просьбай аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і ўз’яднання з БССР.

14 лістапада 1939 года нечарговая 3-я сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон, у якім было запісана: “Прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і ўз’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай Беларускай дзяржаве”.

У першыя дні вызвалення была створана Часовая ўправа горадам Нясвіжам і паветам. Старшынёй выбралі М.І. Сіротку. Народную міліцыю ўзначаліў Касічкін, начальнікам райаддзела  ўнутраных спраў стаў Сурнін, старшым оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку — былы гарадзейскі падпольшчык К.П. Кудзін.  Створаныя мясцовыя  ўпраўленні і сялянскія камі-тэты бралі на ўлік  дзяржаўную маёмасць, пачалі падзел памешчыцкай  зямлі.

У карыстанне сялян да Вялікай Айчыннай вайны  перадалі 13600 га памешчыцкай і асадніцкай зямлі. У ліку першых у раёне, у лютым 1940 г., 30 сем’яў учарашніх парабкаў пана Абуховіча ў вёсцы Вялікая Ліпа аб’ядналіся ў калгас “17 верасня”.

Яскравым прыкладам удзелу ў нацыянальна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі з,яўляецца жыццё вялікага патрыёта роднай зямлі Уладзіміра Пятровіча Гуля.

У.П. Гуль нарадзіўся ў 1914 г. у в. Вялікія Міцькавічы Нясвіжскага раёна. У 1929 г. стаў членам КСМЗБ, у 1936 г. — членам КПЗБ. За рэвалюцыйную дзейнасць неаднаразова арыштоўваўся ўладамі буржуазнай Польшчы, знаходзіўся ў турме ў Навагрудку і канцлагеры ў Картуз-Бярозе.      Удзельнічаў у рабоце  Народнага сходу Заходняй Беларусі ў кастрычніку 1939 г. У час вялікай Айчыннай вайны служыў ва ўнутраных войсках НКДБ у Маскве. У саставе асобных атрадаў выконваў даручэнні савецкага ўрада на Курскай дузе, у Саратаўскай вобласці. Дэмабілізаваны з арміі ў маі 1945 г. У Нясвіжы працаваў на розных партыйных, савецкіх і гаспадарчых пасадах. У т.л. і ў рэдакцыі раённай газеты «Чырвоны сцяг».   З 1964 г. да 1975 г. — старшынёй выканкама Няс-віжскага гарадскога Савета народных дэпутатаў. Закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені і “Знак Пашаны”. Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа.

Памёр у 1991 г.

Захаваліся яго ўспаміны аб барацьбе народа Заходняй Беларусі супраць прыгнёту і паланізацыі панскай Польшчай, якія мы і прапануем сёння чытачам.

Вёска наша Вялікія Міцькавічы  нічым не адрознівалася ад іншых вёсак Нясвіжскага павета. Наадварот, гэта быў адзін з глухіх куткоў Беларусі — далёка ад вялікіх гарадоў, чыгункі і трактаў. У ёй адчувалася нешта палескае. Аб гэтым гаварылі нават прозвішчы жыхароў. Больш за  ўсё ў вёсцы жыло Палешчукоў. У вёсцы было больш 40 двароў і каля  200 дзесяцін зямлі. Самая буйная гаспадарка мела 18 дзесяцін, дробныя — 2-3. Побач з вёскай, за ручаём, стаяў маёнтак памешчыка Вітольда  Булгака. Бацька мой меў 4,5 дзесяціны. Але з-за таго, што ён  быў слабасільным і меў вялікую сям’ю (10 дзяцей), жылі мы вельмі бедна. Асабліва цяжка жылося  нам у перыяд польскай акупацыі. Сельскагаспадарчая прадукцыя была выключна таннай, прамысловыя ж тавары, якія сяляне ў асноўным куплялі, — дарагія. На соль, запалкі, газу, тытунь, гарэлку ўстанаўліваліся манапольныя, вельмі высокія цэны.

Пачатковую адукацыю я атрымаў у роднай вёсцы. Спачатку ў нас  была руская школа. Памятаю, адзін год вучыўся ў ёй і я. Гэта было недзе ў 1920 годзе. Вучылі два настаўнікі па хатах, бо ўласнага  памяшкання школа не мела. Але вось польскія ўлады вырашылі закрыць рускую школу і адкрыць польскую. Сяляне доўгі час  супраціўляліся гэтаму. Многія ў знак пратэсту наогул не паслалі сваіх дзяцей. Паўгода не хадзілі і мы — я, брат і сястра. Урэшце рэшт  супраціўленне сялян было зломана, і мы пайшлі  вучыцца ў польскую школу. Займаўся я старанна, і па рэкамендацыі настаўніка бацька вырашыў вучыць мяне  далей. Справа спрасцілася тым, што ў горадзе Клецку, які знаходзіцца прыкладна за 10 км ад нашай вёскі, працавала беларуская гімназія. У яе было лягчэй паступіць і танней вучыцца. Займаліся тут у асноўным сялянскія дзеці з навакольных вёсак і г. Клецка. Вось у гэту гімназію восенню 1927 г. паступіў і я. Стараўся добра вучыцца і многа чытаць. Чытаў Пушкіна і Лермантава, Грыгаровіча і Ганчарова, Льва Талстога і Дастаеўскага, чуць пазней — Горкага. Захапляўся  і польскімі аўтарамі — Міцкевічам, Славацкім, Жэромскім, Прусам. З вялікім хваляваннем чытаў  Цётку, з любоўю — Максіма Багдановіча, Янку Купалу і Якуба Коласа. У гэты перыяд мне ўдалося пазнаёміцца з творамі вялікага ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі (у перакладзе і арыгінале).

Вось у такіх умовах  фарміравалася мая  свядомасць. Я пачаў імкнуцца да ўсяго  высакароднага, узвышанага, справядлівага. Гэта і прывяло на шлях пошуку свабоды і шчасця для народа, на шлях  барацьбы за гэтыя ідэалы.

У 1929 г. да нас у Клецкую гімназію прыехала  група вучняў Віленскай беларускай гімназіі, выключаных адтуль  за рэвалюцыйную барацьбу. Прыехала таксама некалькі вучняў  Радашковіцкай беларускай  гімназіі, закрытай польскімі ўладамі. Уплыў прыбыўшых адразу стаў прыкметны. Пасябраваў з імі і я. Гэта дружба мне падабалася, таму што ў іх у хуткім часе з’явілася невядомая нам літаратура, асабліва савецкіх, беларускіх і рускіх пісьменнікаў. З якім  натхненнем мы ўсё гэта чыталі! А “Біблію” Крапівы  многія з нас ведалі  на памяць. Непрыкметна з’явіліся і падпольныя лістоўкі. Паступова мы  пачалі асэнсоўваць палітычныя падзеі, што адбываліся ў свеце.

Летам 1929 г. мяне прынялі ў рады падпольнага камсамола. Нас  у ячэйцы было 5 чалавек. Сакратаром ячэйкі з’яўляўся  Іван Міско са Слонімскага павета. На сваіх сходах мы вывучалі падпольную літаратуру і слухалі гутаркі на палітычныя тэмы. Я пачаў прывучвацца да сістэматычнага чытання перыядычнага друку. Іван Міско-старэйшы  расказваў нам, як добра жывецца савецкай моладзі. І нашым братам — беларусам з усходу.

Восенню 1929 г. па патрабаванні паліцыі з гімназіі былі  выключаны Іван Міско-малодшы, Іван  Шыцік, Уладзімір Мазоль і Шыдлоўскі. Пазней з успамінаў Мікалая Бурсевіча я даведаўся, што іх выключылі  за тое, што адмовіліся ў царкве цалаваць крыж. Вестка аб гэтым хутка абляцела ўсю школу і выклікала абурэнне да глыбіні душы. Усе вучні ўступіліся за таварышаў. У гімназіі ўзнікла  забастоўка. Спыніліся заняткі ў другой змене. Вучні сабраліся ў самым вялікім класе і пачалі  выкрыкваць рэвалюцыйныя лозунгі. Пасыльны паклікаў з інтэрната вучняў другой змены. Многія, у тым ліку і я, прыбеглі ў гімназію, каб далучыцца да забастоўкі. Калі я падыходзіў, дырэктар Якубёнак выкрыкнуў: “Гуль, вярніся назад!” У гэты час з залы данёсся голас Міско: “Таварышы, хто не за нас, той супраць нас!” Доўга не думаючы, я пра-скочыў пад рукі Якубёнка і далучыўся да забастоўшчыкаў. Хутка з’явілася паліцыя. Вучні забарыкадзіравалі дзверы і вокны. Тут жа быў арганізаваны мітынг. Мы патрабавалі спыніць ганенне вучняў, прыняць назад выключаных, не дапусціць фашызацыі школы.

На патрабаванне паліцыі паскідаць барыкады і ачысціць памяшканне вучні адказалі рэвалюцыйнымі лозунгамі. Тады паліцэйскія самі пачалі  раскідаць лаўкі. Мы не ставілі сваёй мэтай фізічнае супраціўленне. І выключаныя з гімназіі таварышы былі тут жа ізаляваны, іх па адным пачыналі выклікаць на допыт да каменданта  паліцыі Рамановіча. Гэта быў, уласна кажучы, не допыт. Рамановіч спытаў, хто навучыў  мяне  прыйсці на забастоўку. Я адказаў: “Ніхто. Сам прыйшоў”. Тады ён  яхід-на прамовіў: “Калі не хацеў ты вучыцца, то цяпер будзеш свіней  пасвіць”. Мне было 15 гадоў. З паліцыяй я сустракаўся ўпершыню. Гэта было маё першае “баявое хрышчэнне”. І  як я радаваўся, што добра яго вытрымаў. Ніякага пачуцця нясмеласці ў нас не было. Усе  вялі сябе з годнасцю, горда і смела.Праўда, у нас была розная ступень свядомасці. Я многіх рэчаў тады яшчэ не разумеў. Але браў прыклад са старэйшых, якіх вельмі паважаў. І, думаю, адчуваў, што так трэба.

За ўдзел у забастоўцы каля 50 вучняў было выключана з гімназіі. цяжка было расставацца. Мы так хацелі вучыцца. Акрамя таго, нас чакала неразуменне з боку бацькоў. Але нічога, усё неяк  уладзілася. І я пачаў дапамагаць бацьку па гаспадарцы. Многім так і не ўдалося вярнуцца ў школу, а некаторых пасля 2-3-месячнага перапынку прынялі назад. У іх ліку быў і я. У студзені 1930 г. мы зноў селі  за парты. У ліку тых, хто вярнуўся, было многа актыўных  камсамольскіх важакоў. Думаю, што не памылюся, калі назаву Макалая Бурсевіча і Мікалая Мароза са Слонімшчыны, Івана Лойку з в. Канюхі Ляхавіцкага павета, Мікалая Казушчыка з        в. Дзямідавічы Нясвіжскага павета. У хуткім часе зноў наладзілі камсамольскую работу.  Яна была накіравана на выхаванне школьнай моладзі г. Клецка і бліжэйшых вёсак у духу рэвалюцыйнай барацьбы супраць буржуазна-памешчыцкага ладу, за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, за аб’яднанне ў адзіную Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. Камсамольская  арганізацыя праводзіла і вялікую практычную работу. У рэвалюцыйныя  святы 1 Мая і 7 лістапада ў Клецку і многіх вёсках упершыню з’явіліся чырвоныя сцягі, падпольная літаратура.

Мне таксама даводзілася неаднаразова насіць літаратуру ў сваю вёску і раздаваць яе моладзі. Работа наша не засталася незаўважанай польскімі ўладамі. Паліцыя правяла вобыскі ў інтэрнаце і на кватэрах вучняў. У канцы жніўня 1931 г. адбыліся масавыя арышты вучняў на вёсках. Да судовай адказнасці было прыцягнута больш 20 чалавек, у т.л. Бурсевіч, Казушчык, Громак. Большасць з іх была асуджана да турэмнага зняволення тэрмінам ад 2 да 6 гадоў. Правялі вобыск і ў доме маіх бацькоў. Паліцыя нічога не знайшла, ніхто з арыштаваных таварышаў нічога на мяне не данёс, і на гэты раз мне ўдалося пазбегнуць арышту. У 1931 г. быў вырашаны і лёс Клецкай беларускай гімназіі. Яе закрылі. З гэтай нагоды нясвіжскі павятовы стараста памешчык Чарноцкі заявіў: “А навошта мужыку школа?”

Перада мной паўстала пытанне: як быць далей? Па стане гаспадаркі бацькі я бачыў, што ён не мае сродкаў вучыць мяне  дзе-небудзь у далёкім горадзе. А вучыцца вельмі хацелася. Хацелася быць больш падрыхтаваным да жыцця і барацьбы. Пачаў прасіць бацьку паслаць мяне ў Навагрудскую беларускую гімназію. Мне дапамагала маці — яна таксама пачала ўгаворваць бацьку. Той спачатку  супраціўляўся, але потым зга-дзіўся. “Ну, калі хочаш вучыцца, — сказаў бацька пасля глыбокага  раздуму, — дапамагай малаціць”. Мы спынілі ўборку ўраджаю і сяўбу азімых, сталі ўдваіх на ток і  пачалі малаціць. Намалацілі за два дні  пудоў 15 ячменю і аўса, паклалі ўсё на воз. Маці хутка сабрала мае рэчы, харчы. Я развітаўся  з сям’ёй, і мы рушылі ў Клецк. Там прадалі збожжа, бацька даў мне 23 злотыя, і я паехаў у Навагрудак праз Ляхавічы, Баранавічы і Наваельню.

Спачатку я жыў у інтэрнаце. Затым пайшоў у рэпетытары да аднаго вучня з горада. Жыў у яго бацькоў, дапамагаў яму ў вучобе і крыху зарабляў на яду. Бацька па меры магчымасці дапамагаў, але гэтага было так мала, што часта даводзілася жыць галаднавата, апранацца вельмі дрэнна. Разам са мной у Навагрудак прыехала група былых вучняў Клецкай гімназіі. Па ўзроўні выкладання Навагрудская беларуская гімназія стаяла некалькі вышэй, чым Клецкая, і нам на першым часе было цяжкавата. Але з часам усё ўвайшло ў сваю каляіну. Хвалявала іншае пытанне. Восенню 1931 г., хутка  пасля  нашага прыезду ў Навагрудак, паліцыя  правяла арышты сярод вучняў, некалькіх пасадзілі ў турму. Да нас дайшлі чуткі, што іх злавілі ў вёсцы з падпольнай літаратурай. Пасля гэтага ў гімназіі не адчувалася падпольнай работы.

Мы, камсамольцы, не маглі доўга мірыцца з такім становішчам. Разам з вучнем 7 класа Міхаілам Літвінам са Скідзельскага павета пачалі шукаць магчымасць аргані-заваць падпольную камсамольскую работу.  Збіралі вакол сябе прагрэсіў-на настроеную моладзь. М. Літвіну ўдалося наладзіць сувязь з падпольнай партыйнай арганізацыяй, і мы прыступілі  да стварэння  камсамольскай арганізацыі ў беларускай гімназіі. Змест яе работы быў прыкладна такім, як у Клецку. Памятаю, мне  даручылі прачытаць даклад пра жыццё і дзейнасць кампазітара Манюшкі. Здавалася б, пытанне зусім не датычыць палітыкі. Але мы  выкарысталі яго для правядзення  масавай палітычнай работы сярод моладзі. На даклад запрасілі вучняў польскай гімназіі. Выкарыстоўваючы глыбокую народнасць музыкі  вядомага польскага кампазітара, блізкасць яе да беларускага фальклору, я пастараўся паказаць  адзінства класавых інтарэсаў і мэт працоўных палякаў і беларусаў  у барацьбе  з агульным ворагам — эксплуататарскім класам. Перад моладдзю была пастаўлена задача не толькі авалодваць ведамі, але і рыхтаваць сябе да барацьбы за народныя інтарэсы.

Работа камсамольскай арганізацыі ў гімназіі сур’ёзна ўстрывожыла ўладу. Паліцыі доўга не ўдавалася раскрыць яе, і быў  прыменены аблюбаваны метад — правакацыя. У студзені 1933 г. у час зімовых канікулаў прайшлі масавыя арышты. Мяне арыштавалі дома, у бацькоў. Нічога не знайшоўшы ў час вобыску, надзелі наручнікі і пад канвоем адправілі ў Навагрудак. У дэфензіве камсамольцаў жорстка збівалі. Дапытвалі звычайна позна ноччу. Першае, што  я ўбачыў, каля мяне ўвялі ў адзін з кабінетаў, — гэта бледная, пухлая морда дэфензіўшчыка Дзянбінскага, звёрнутая да мяне са словамі: “Ну, прызнавайся, як гэта было там, на Замкавай гары…” Ён гаварыў мне пра тое, што было на самай справе. Я разумеў, што хтосьці з нашых прагаварыўся. Авалодаўшы сабой, зрабіўшы  здзіўлены выгляд, я толькі паспеў сказаць, што мне нічога не вядома, як пасыпаўся град аплявух і ўдараў кулакамі. У галаве за-звінела, пацямнела ў вачах. Затым з пагрозай “Пачакай, ты ўсё нам скажаш!” ён выпхнуў мяне з кабінета.

У наступную ноч мяне, змучанага бяссонніцай, зноў прывялі ў дэфензіву. Сам яе выгляд  наводзіў на чалавека жах. Доўгія калідоры, цёмныя, змрочныя пакоі, страшныя фігуры дэфензіўшчыкаў. Здавалася, аднекуль даносяцца стогны. Мяне ўвялі ў адзін, другі, затым трэці пакой. Пасярэдзіне яго за сталом ся-дзеў вялізнага росту дэфензіўшчык Тамашэўскі. Мы пра яго ведалі яшчэ на волі. Пра яго хадзілі  слухі як пра самага лютага ката. Не паспеў я апамятацца, як дзверы зноў адчыніліся і ў пакой  увайшоў Дзянбінскі з нашым камсамольцам Норыкам. Дзянбінскі тут жа звярнуўся да Норыка: “Ну, расказвай, як было!” Норык збянтэжана паглядзеў на мяне, запнуўся, быццам не хацеў адказваць, але затым ціхім голасам пачаў расказваць пра нашы  сходы і пра нашу падпольную работу. Ён быў самым маладым з нас і не вытрымаў цяжкіх выпрабаванняў дэфензівы. Толькі ён закончыў расказваць, Дзянбінскі літаральна выкінуў яго за дзверы і накінуўся на мяне з пагрозамі: “Ну як, цяпер усё раскажаш?” Я быў гатовы да катаванняў. Страх, які ахопліваў часам, кудысьці прапаў. Я коратка адказаў: “Гэта хлусня, гэта няпраўда! Можна прыдумаць многа чаго”. Не паспеў я ўсё гэта сказаць, як дэфензіўшчык пачаў зноў біць. Спачатку кулакамі па галаве. Затым выбег у суседні пакой, узяў  тоўстую чатырохгранную палку і, схапіўшы мяне за валасы, пачаў біць палкай па шыі і спіне. Не атрымаўшы і на гэты раз ніякага адказу, ён зноў раз’юшана накінуўся на мяне і працягваў біць. Не памятаю, колькі разоў гэта паўтаралася. Затым у  допыт умяшаўся Тамашэўскі. Дзянбінскі выйшаў. Тамашэўскі “соладка” пачаў гаварыць прыкладна такое:  ён не любіць здзеквацца над людзьмі ды яшчэ над школьнікамі, гэта Дзянбінскі не шкадуе нікога і можа забіць чалавека, таму ён, Тамашэўскі, раіць усё расказаць і не  чакаць новых пабояў. Не дабіўшыся ніякага адказу, ён прапанаваў падпісаць пратакол допыту.

Пасля допыту ў дэфензіве нас пад канвоем адвялі да следчага пракуратуры, затым 12 чалавек пасадзілі ў Навагрудскую турму. Там мы прабылі каля месяца. За нас заступілася дырэкцыя гімназіі. Большасць арыштаваных адпусцілі да суда пад нагляд паліцыі. За траіх патрабавалі грашовага залогу. За мяне бацька ўнёс 100 злотых. Пасля выхаду з турмы нас запрасілі  класныя кіраўнікі і папрасілі пераказаць ход следства ў пісьмовай форме. Мы з усімі падрабязнасцямі  апісалі дзеянні дэфензівы. Вучні, якія не вытрымалі здзекаў і далі некаторыя паказанні, у пісьме дырэкцыі гімназіі растлумачылі, што гэтыя паказанні былі  навязаны ім дэфензівай. Увесь матэрыял нашай справы трапіў у друк. Нягледзячы на ўзняты шум, мы ведалі, што нас чакае расправа  польскага фашысц-кага суда.  Каб  пазбегнуць пакарання, у час канікулаў летам 1933 г. некаторыя таварышы спрабавалі перайсці граніцу ў Савецкі Саюз. 6 ліпеня 1933 г. у раёне Клецка па-спрабаваў “шчасця” і я.  Але знайш-ліся здраднікі, і я трапіў у рукі польскіх пагранічнікаў і зноў апынуўся ў турме. Да самага суда. Суд адбыўся 16-17 студзеня 1934 г. у Навагрудку. На лаве падсудных — 12 вучняў: Міхаіл Літвін, Канстанцін Алексіевіч, Канстанцін Ханько, Мікалай Норык, Мікалай Вінар, Кацярына Главінская, Зіна Еўтухоўская, Павел Анішчык, Пётр Чэрнік, Мікалай Гаўрылік, Кіган (імя не памятаю) і я. Мікалай Шаўко  на суд не з’явіўся. Усе атрымалі  розныя тэрміны зняволення. Мне далі год турмы без уліку папярэдняга  зняволення і два гады пазбаўлення грамадзянскіх правоў.

Такім чынам, мне давялося правесці ў турме больш 2 гадоў. У ёй  у той час знаходзілася больш 200 чалавек палітзняволеных. Мы ўключыліся ў іх пастаянную барацьбу з турэмнай адміністрацыяй. Камсамольцы былі  лепшымі сувязі-стамі, актыўнымі распаўсюджвальнікамі рэвалюцыйных  песен і ня-дрэннымі прапагандыстамі. Палітзняволеныя паважалі нас і давяралі нам. Аб гэтым сведчыць той факт, што нас (спачатку М. Літвіна, пасля мяне) выбралі ў турэмнае кіраўніцтва — ТК.

Раскажу коратка, як святкавалі ў турме 17-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. Партыйныя арганізацыі з волі забяспечылі нас доўгімі шоўкавымі стужкамі. 7 лістапада ўсе палітзняволеныя з самай раніцы ўпрыгожылі грудзі чырвонымі бантамі. На душы было радасна. Прадстаяла ранішняя праверка. Калі дзверы з грукатам адчыніліся, мы стаялі ў шарэнгах. Намеснік начальніка турмы Чэрвінскі загадаў зняць банты. Тады М. Літвін ад імя ўсёй камеры заявіў: “У нас, палітзняволеных, сёння рэвалюцыйнае свята,  і па традыцыі мы яго адзначаем упрыгожваннем нашых грудзей чырвонымі  бантамі. Таму вашага ўказання мы выканаць не можам”. Чэрвенскі пабялеў ад злосці. Ён крута павярнуўся да ахоўнікаў і крыкнуў: “Зняць ім!” Каля 20 бамбіз накінуліся на нас з кулакамі. Завязалася  схватка. Раптам хтосьці крыкнуў: “Прэч, каты!” Мы падхапілі і паўтаралі гэтыя словы да таго часу, пакуль ахоўнікі не перасталі нас біць. Нас падтрымалі  камеры на другім паверсе, затым у другім корпусе, мужчыны і жанчыны, многія крымінальнікі.

Пасля таго, што адбылося, нас не пусцілі на прагулку. З камеры за-бралі кнігі, газеты, прадукты, цёплыя халаты, абутак, пасцелі. Пакінулі начаваць у адной бялізне, пры адчыненых вокнах і няпаленых печках. Было вельмі холадна. На двары марозіла — наступала ранняя зіма. Спалі мы на падлозе, прыціснуўшыся адзін да другога. Так працягвалася два тыдні. Многія захварэлі. Але зламаць дух палітзняволеных не ўдалося.

25 чэрвеня 1935 г. я пакінуў сцены турмы. Па мяне прыехала  маці. (Бацька памёр у красавіку 1933 г.). Але дома жыць мне  не  дазволілі. У жніўні рашэннем  павятовага старасты выслалі на тры гады з пагра-нічнай паласы, да якой адносіўся і Нясвіжскі павет. Пасяліўся я ў Баранавічах. Тут было многа ссыльных. Я сустрэў былых вучняў Клецкай беларускай гімназіі Мікалая Казушчыка і Мікалая Громака, таварышаў з Нясвіжскага павета — Івана Ігнатаві-ча Ціхона з в. Вялікая Быхаўшчына, Паўла Фёдаравіча Казака  з в. Лазаві-чы, Дзям’яна Адамавіча Лукашэвіча з в. Іванава. З іх  дапамогай уладкаваўся працаваць у каўбасную майстэрню. Зарабляў у месяц 13 злотых, атрымліваў харчаванне і кватэру.

Мне споўніўся 21 год. На прызыўной камісіі быў прызнаны прыгодным да службы ў арміі. Але праз некаторы час атрымаў паведамленне, што ў сувязі з судзімасцю мяне пазбаўляюць права службы  ў арміі на 20 гадоў. Гэта характарызавала адносіны панскіх улад да былых палітычных вязняў…


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.