З цеплынёй і шчырасцю

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Генадзь Аляксандравіч Крэскіян. 1980-я гады

Генадзь Аляксандравіч Крэскіян. 1980-я гады

З намеснікам галоўнага рэдактара раённай газеты “Чырвоны сцяг”Генадзем Аляксандравічам Крэскіянам  я пазнаёмілася задоўга да таго, як прыйшла ў яе працаваць. Будучы школьніцай, ездзіла на заняткі школы рабселькораў. З намі супрацоўнікі газеты займаліся па чарзе. І калі ў плане яе работы  значылася  адпаведная тэма, якую павінен быў раскрыць  Г.А. Крэскіян, ён і выступаў перад слухачамі. А паколькі Генадзь Аляксандравіч быў сакратаром партыйнай  арганізацыі рэдакцыі, асвятляў  на старонках газеты партыйнае, камсамольскае, прафсаюзнае  жыццё на прад-прыемствах і ў арганізацыях, у калгасах і саўгасах раёна, ён з’яўляўся ідэолагам “раёнкі”. І тэмы асвятляў, выступаючы перад намі, адпаведныя. Добра памятаю, што на адных занятках мы (а ў мае часы слухачы школы рабселькораў былі школьнікі, гэта раней на заняткі прыходзілі і дарослыя, хто хацеў пісаць у газету) даведаліся, якія газеты выходзяць у іншых краінах. І мы не проста слухалі Генадзя Аляксандравіча, а занатоўвалі сказанае ім і запаміналі. У мяне доўгі час  захоўваўся блакнот з тымі запісамі. Можа, яшчэ і цяпер дзе-небудзь  ляжыць сярод старых папер у вясковай бацькоўскай хаце… Нам давалі веды, і мы стараліся папоўніць  імі свой багаж. Генадзь Аляксандравіч  ставіўся да ўсяго  гэтага вельмі сур’ёзна. Як, дарэчы, і да сваёй працы ў цэлым.

Асабліва яго пачуццё вялікай адказнасці праяўлялася, калі “заставаўся на газеце” — гэта значыць, рэдактар Іван Паўлавіч  Тартоўскі ішоў у водпуск, а яго намеснік  пад-пісваў газету “ў друк” і “ў свет”. Генадзь Аляксандравіч перажываў за кожную літару, за кожную коску на старонках “раёнкі” — каб хаця не прайшла памылка ці недакладнасць. Ён нікому не даваў спакою, і сам па некалькі  разоў пераглядаў, перачытваў палосы перад тым, як даць “дабро” друкарам. Такое яго хваляванне некаторымі работнікамі  ўспрымалася часам з гумарам ці лёгкай насмешкай. Але, як добра падумаць, то так і павінна было быць — кожны абавязаны добрасумленна выконваць сваю справу. “Душой хварэе за даручанае”, — так пісаў Генадзь Крэскіян у сваіх замалёўках пра лепшых працаўнікоў Нясвіжчыны. І сам за сваю  справу таксама хварэў душой. Ды і закраналіся, самалюбства, гонар за журна-лісцкую прафесію, калі, не  дай бог, памылка ўсё-такі  нейкім чынам праскоквала…

А да журналісцкай справы яго прывяла  няпростая жыццёвая дарога. Вясковае дзяцін-ства на Віцебшчыне, праца ў сельскай  гаспадарцы сталі пачатковымі прыступкамі яго ўніверсітэтаў. Любоў да слова прывіў бацька, Аляксандр Васільевіч, які настаўнічаў у пачатковай школе. А маці, Сцепаніда Аляксандраўна, уласным прыкладам давала жыццёвыя ўрокі праца-вітасці, сардэчнасці, умення знаходзіць  з людзьмі  агульную мову.

Яго “Асабістая справа” ўтрымлівае  шмат цікавых запісаў. Калгаснік, загадчык хаты-чытальні, літсупрацоўнік і загадчык  аддзела сельскай гаспадаркі рэдакцыі Пастаўскай раённай  газеты “Савецкі шлях”, інструктар  Пастаўскага райкама  Камуністычнай партыі Беларусі, карэспандэнт  абласной газеты “Віцебскі рабочы”…  А яшчэ былі служба ў радах Савецкай Арміі і вучоба ў Мінскай  Вышэйшай  партыйнай  школе на журналіста.

У 1948 годзе ён уступіў у камсамол. У 1953-м — у рады КПСС.

У Нясвіжскую раённую газету  “Чырвоны сцяг” Генадзь Крэскіян прыехаў на работу ў верасні 1963 года. І.П. Тартоўскі прызначыў яго адказным сакратаром. А ў кастрычніку 1964-га Генадзь Аляксандравіч стаў намеснікам  рэдактара. Вопыт работы ў газеце  ён ужо меў, з цягам часу вывучыў наш раён, пазнаёміўся з многімі цікавымі людзьмі, пра справы якіх і апавядаў на старонках “Чырвонага сцяга”. Вось як расказваў пра методыку работы Крэскіяна-журналіста беларускі паэт несвіжанін Павел Кузьміч Прануза: “Мне даводзілася  прысутнічаць у калгасах раёна і бачыць, як Генадзь  Аляксандравіч “арганізоўвае” матэрыял. Ён умее выслухаць субяседніка, пераконваецца ў праўдзівасці фактаў, паназірае сам за тым, што робіць яго  герой, і тады шчырыя, праўдзівыя  радкі кладуцца на аркуш чыстай паперы.

— Прэса павінна быць праўдзівай і аб’ектыўнай, — любіць паўтараць ён. — Яна нясе людзям новае, нязведанае, карыснае…”

Праз два гады работы ў “Чырвоным сцягу” Г.А. Крэскіян быў удастоены Дыплома Саюза журналістаў Беларусі за высокі прафесіяналізм.

Каб цікава пісаць, трэба добра ведаць тое, пра што збіраешся расказаць чытачам. Таму мы часта выязджалі на раён, былі ў гушчыні падзей. Слухалі і запісвалі ў блакноты расказы механізатараў  і інжынераў, даярак, свінарак і заатэхнікаў, паляводаў, брыгадзіраў і аграномаў, сакратароў партарганізацый і кіраўнікоў прадпрыемстваў.  Перапытвалі, удакладнялі, глядзелі на справе — вучыліся, адным словам. Каб потым праўдзіва, ярка і пераканаўча данесці да чытача. І камандзіроўка — гэта не прагулка для супрацоўніка рэдакцыі, пад-крэсліваў  Генадзь Аляксандравіч. “Гэта творчы і асэнсаваны пошук фактычнага матэрыялу, тая ж работа, што і за пісьмовым  сталом”, — гаварыў ён. І мы, маладыя супрацоўнікі, прыслухоўваліся да гэтых парад і  стараліся ўсё рабіць як след.

А вось што ўспамінаў Генадзь Аляксандравіч  пра першыя гады сваёй працы  ў “раёнцы” Нясвіжчыны: “Аднойчы, а было  гэта ў 1964 годзе, мы “прабіваліся” на сноўскай шашы да калгаса імя Калініна (цяпер агракамбінат “Сноў”). Снегу за ноч  столькі намяло, што наш “газік” хаваўся ледзь не па самы тэнт. Дарожнікі “прабілі” вузкі калідор у гурбах, размінуцца з сустрэчным транспартам было няпроста. Давялося штурхаць нашу машыну. Намоклі, стаміліся, але не страцілі пачуцця гумару. Настрой узняць  у такой сітуацыі ўмеў намеснік рэдактара Вітольд Іваноўскі, які, дарэчы, выбраўся ў той зімовы дзень у дэмісезонным паліто, у капелюшы і асенніх чаравіках”…

Усялякае здаралася. Але мы зноў і зноў з вялікай цікавасцю ехалі ў камандзіроўкі па раёне, бралі інтэрв’ю ў розных  людзей, каб потым расказаць пра іх усім чытачам “Чырвонага сцяга”. І з намі заўсёды  побач быў старэйшы таварыш і дарадчык — Генадзь Аляксандравіч Крэскіян.

Генадзь Крэскіян з любімай унучкай Волечкай. 1994 г.

Генадзь Крэскіян з любімай унучкай Волечкай. 1994 г.

19 лістапада 1993 года яму  споўнілася 60 гадоў. У 1994-м  пайшоў на заслужаны адпачынак, але сувязі з газетай не губляў: пісаў артыкулы, замалёўкі, даваў аператыўныя  інфармацыі.

Генадзь Аляксандравіч пайшоў з жыцця ў 2005 годзе.

Больш за 30 гадоў ён аддаў нашай раённай газеце. Гэта вялізны пласт сабраных фактаў, сотні і сотні сустрэч з людзьмі і мноства напісаных матэрыялаў розных жанраў. У яго было сваё кола  аўтараў і сваё кола чытачоў. Шмат добрых знаёмых і сяброў — прафесія журналіста абавязвае да адкрытасці і камунікабельнасці. І Крэскіян імкнуўся  пісаць пра сваіх герояў глыбока, шчыра, “цёпленька”, як казаў сам.

Мне даводзілася  мець стасункі з Генадзем Аляксандравічам не толькі на працы. Былі і святы: Дзень друку, юбілеі супрацоўнікаў рэдакцыі, у тым ліку і яго, Генадзя Аляксандравіча, круглыя даты. Ён любіў  спяваць, і мы заўсёды прасілі калегу аб гэтым. А любімай у Аляксандравіча была песня “Вы слыхалі, как поют дрозды?..”  І ён заўсёды з задавальненнем выконваў яе, зрываючы ў канцы дружныя апладысменты слухачоў…

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота з сямейнага архіву Г.А. Крэскіяна


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.