Жыццё не песціла, але ў яе хапала сіл вытрымліваць удары лёсу

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Рыхтуючы чарговы артыкул да юбілею раёна і шукаючы звесткі пра дзіцячы дом у вёсцы Вялікая Ліпа, я папрасіла намесніка дырэктара ААТ “17 верасня” па ідэалагічнай рабоце Вольгу Малец падказаць прозвішчы старажылаў, хто б мог штосьці ўспомніць аб гэтым. Вольга Уладзіміраўна даведалася, што ў Карцэвічах жыве Вера Іосіфаўна Грабоўская (у дзявоцтве — Шапавал), 1925 г.н. Родам яна з Вялікай Ліпы, працавала адразу пасля вызвалення нашай тэрыторыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у магазіне ў сваёй вёсцы, атрым-лівала праз яго прадукты і для дзіцячага дома. “Толькі тэлефануйце ёй вечарам, — папярэдзілі мяне. — Бо Вера Іосіфаўна — бабулька вельмі жвавая, нягледзячы на 89-гадовы ўзрост, усё робіць па доме і гаспадарцы, таму днём можа быць далёка ад тэлефона”.

На званок мне адказаў вельмі бадзёры, звонкі голас. І Вера Іосіфаўна з ахвотай не толькі адказала на пытанні наконт дзіцячага дома, але і расказала шмат цікавага пра сваё жыццё.

— Дзіцячы дом у Вялікай Ліпе размясцілі пасля вызвалення ад немцаў. Знаходзіўся ён у панскіх пакоях, але нядоўга. Тут быў як быццам зборны пункт. Калі дзетак стала многа, іх перавялі некуды ў іншае месца, я ўжо не ведаю, куды, — пачала свой аповед пажылая жанчына. — Я прывозіла ў магазін для яго прадукты: хлеб, муку, цукар, алей, рыбу, крупы, селядцы. Па іх прыходзіў работнік з дзетдома, ён быў не мясцовы, не знаёмы, я і прозвішча яго не ведала.

Тавары з Нясвіжа ў Вялікую Ліпу прыво-зіла на падводзе. Каб не аб’язджаць на Малева, не рабіць вялікі круг, мы ездзілі на Завушша, праз рэчку. Маста тады не было, перабіраліся па вадзе ўброд. Ехаць трэба было вельмі акуратна, па пракладзенай старой каляіне, бо звернеш чуць убок — можаш ута-піцца, каня ці воз страціць, а на ім — прадукты. Быў у нас выпадак, калі чалавек толькі сам і паспеў выбрацца з вады… Неяк і я мяшок з цукрам усё-такі падмачыла. Прыехала, хуценька перасыпала ў драўляную балею і давай наказваць у дзіцячы дом, каб прыйшлі забралі.

Каб атрымаць у сяльпо прадукты, чакаць даводзілася доўга. Адпускалі ў першую чаргу чамусьці мужчын. А нам казалі: “Пачакайце, дзяўчаткі, пачакайце, зараз…” І мы, маладыя, чакалі. З Нясвіжа выязджалі, калі ў горадзе запальвалі вячэрняе святло. У дарозе станавілася цёмна. Было страшна, бо наперадзе чакала небяспечная пераправа праз Ушу.

— Ці атрымлівалі калі-небудзь прысмакі для дзяцей, цукеркі, напрыклад? — пацікавілася я ў суразмоўцы.

— Не, якія цукеркі?! Гэта ж ад нас толькі-толькі немцаў выгналі. Вайна… Прадукты былі самыя простыя, каб дзяцей толькі пакарміць.

Наогул, працаваць у магазіне было цяжка. Увесь тавар людзям адпускалі па картачках: соль, газу, мыла… Сельсавет складаў спісы вяскоўцаў, і трэба было па іх дакладна кожнаму выдзеліць, ні грама болей, бо камусьці магло б не хапіць.

Вера Шапавал мела 7-гадовую адукацыю польскай школы, магчыма, таму маладую граматную дзяўчыну і паставілі ў магазін.

Вера Іосіфаўна расказала таксама, як працавалі яны да верасня 1939 года на пана Абуховіча, якому належала Вялікая Ліпа. І прыгадала наступны выпадак:

— Неяк мой бацька з суседзямі коней у начное павялі. Спуталі жывёлін і пусцілі на лужок, самі прыляглі каля дарогі. У гэты час з Высокай Ліпы вярталіся п’яныя панскі пісар і казак. Сяляне ўсталі хуценька і пачалі аддаляцца ад дарогі, але ўжо былі заўважаны. Пісар выстраліў у іх і трапіў у майго бацьку — куля прайшла праз лёгкія. Сусед на кані да маці прыскакаў, пра бяду паведаміў. Пайшлі яны бацьку на дапамогу, а ён поўз насустрач. Хоць крыві страціў шмат, застаўся жывы. Завезлі яго ў бальніцу ў Нясвіж. Заплаціць за лячэнне ў нас не было чым. За гэта апісалі карову. Але развітацца з карміліцай мы не маглі. Пайшла маці да пана Абуховіча прасіць дапамогі. Можа, ён і заплаціў за бальніцу, бо нас болей па гэтым пытанні не турбавалі. Калі прыйшлі ў 39-м годзе Саветы, той панскі пісар з’явіўся да бацькі прасіць прабачэння. Бацька сказаў яму: “Я цябе дагэтуль не чапаў, і цяпер не буду…”

Пан Абуховіч у 1939 годзе з’ехаў. Жыхары Вялікай Ліпы стварылі на базе яго маёнтка калгас “17 верасня”. А прыйшлі ў 1941-м немцы — яны пасяліліся ў панскіх пакоях. З часам перавезлі сюды свае сем’і — жонак, дзяцей. Збіраліся, мусіць, жыць доўга і з камфортам. Але настала лета 1944 года — і ліпаўскія дзеці беглі глядзець, як іх прыгнятальнікі паспешліва грузіліся на машыны, каб хутчэй уцячы на захад. Толькі, кажуць, не паспелі — ля Баранавічаў іх разбамбілі савецкія самалёты.

— Мы былі шчаслівыя, што ў сваіх хатах у вёсцы засталіся, — працягвае Вера         Іосіфаўна. — А хутары гарэлі, бо міма іх адступалі фашысты, услед наступалі нашы войскі. Стралялі шмат, снарады траплялі ў будынкі. Ішлі баі. Нам было бачна, як гарэў Нясвіж, калі бамбілі немцы. Мы з сястрой (яна нарадзілася ў 1939-м) хаваліся ў яме, прыкрытай зверху зялёнымі галінамі… Перажылі вайну. А цяпер, калі мір, — толькі і жыць.

Быў у дзяўчыны каханы хлопец. Маглі б і пажаніцца. Толькі яго бацькі хацелі, каб Веры ў пасаг пабудавалі хату. Гэтага яе хворы пасля ранення бацька зрабіць не мог. І ў 1946 годзе Вера Шапавал выйшла замуж за Фёдара Грабоўскага. Ён застаўся ўдаўцом з двума дзецьмі — 6-і і 2-х гадоў. Жонка, стрыечная сястра Веры, памерла рана. І вось Вера Іосіфаўна пайшла на дваіх дзяцей, яшчэ сваіх траіх нарадзіла. Выхавалі з мужам, на ногі паставілі, у людзі вывелі. Малых даглядаць дапамагала цётка, мужава “дзядзіна”, як сказала Вера Іосіфаўна, тая жыла ў іх сям’і. Работы Вера Іосіфаўна не баялася, не цуралася. Шмат чаму ў свой час у маці навучылася. Працавала яна ў калгасе. Потым — тэх-нічкай у Карцэвіцкай школе. Былыя вучні школы памятаюць яе як спакойнага, добразыч-лівага, разважлівага чалавека і акуратнага работніка.

— Пенсію атрымліваю калгасную, — кажа жанчына. — Мне хапае.

Шкада толькі, што рана пайшлі з жыцця прыёмныя дзеці і родны сын. У 1981 годзе памёр муж. Але ж радуюць дачка і сын, іх дзеці, унукі. Вера Іосіфаўна — бабуля, багатая на ўнукаў і праўнукаў.

Прыязджаюць да яе ўсе ў Карцэвічы, калі трэба зрабіць якую вялікую работу, напрыклад, выкапаць бульбу. Яшчэ летась Вера Іосіфаўна трымала парсючка, а сёлета ўжо засталіся толькі куры. Цяжкавата стала, прызнаецца. Не дзіва! Кожнаму б мець столькі гадкоў, аптымізму і энергіі! Здароўя Вам, Вера Іосіфаўна!

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.