Ацэнка ад Пятровіча

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Загадчык сельгасаддзела рэдакцыі Канстанцін  Прыёмка і літсупрацоўнік Міхаіл Стульба. 1966 г.

Загадчык сельгасаддзела рэдакцыі Канстанцін Прыёмка і літсупрацоўнік Міхаіл Стульба. 1966 г.

Вельмі часта, калі выходзіць у  свет чарговы нумар “Нясвіжскіх навін”, мне тэлефануе, а раней — прыпыніць на вуліцы (мы жывём у адным двары) журналіст Канстанцін Прыёмка. Нашу “раёнку” ён чытае рэгулярна і ўважліва, мае на ўсё свой погляд, заўважае па-новаму пададзеныя матэрыялы і заўсёды адзначыць гэта, скажа і пра тое, з чым не згодны. У Канстанціна Пятровіча багаты жыццёвы вопыт, вялікі журналісцкі стаж, і атрымаць ад яго ацэнку за працу, высокую ці не надта, заўсёды не лішне. Бо ад такога нераўнадушнага чалавека, які дасканала ведае “азы” тваёй прафесіі, добра пачуць своечасовую параду, адчуць падтрымку: значыць, стаіш на правільным шляху.

Вось і цяпер, пазнаёміўшыся з першымі публікацыямі артыкула “Першыя крокі”, прысвечанага 75-годдзю ўтварэння Нясвіжскага раёна, ён набраў мой тэлефон:

— Добрую работу распачалі, па крупіцах даяце гісторыю раёна. Думаю, тым жа механізатарам цікава пачытаць, як пачыналася станаўленне  МТС, у якіх цяжкіх умовах людзі працавалі… Я прайшоў праз гэта, памятаю, як было. І з цікавасцю чытаю, чакаю далейшых публікацый.

Нагадаю, што Канстанцін Прыёмка прыйшоў у журналістыку з багатым практычным багажом. Пасля школы працаваў у калгасе. Пасля арміі закончыў вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, быў бульдазерыстам у Рудзенскай РТМС. У 1961 г. скончыў Навапольскі сельгастэхнікум, эканамічнае аддзяленне. У гэтым жа годзе і стаў літработнікам Клецкай раённай газеты “Да новых перамог”. Наогул жа друкавацца пачаў у 1953 годзе, з’яўляўся няштатным карэспандэнтам рэспубліканскай маладзёжнай газеты “Знамя юности”.

Калектыў рэдакцыі газеты “Чырвоны сцяг”. 1960-я гады. Чацвёрты справа — К.П. Прыёмка

Калектыў рэдакцыі газеты “Чырвоны сцяг”. 1960-я гады. Чацвёрты справа — К.П. Прыёмка

Стаўшы штатным супрацоўнікам “раёнкі”, ён ведаў, пра што і як гаварыць з калгасным механізатарам ці інжынерам, даяркай ці заатэхнікам, кіраўніком гаспадаркі ці радавым селянінам. Умеў аддзяліць, як кажуць, пустазелле ад зярняці. Няма чаго граху таіць: здарыўся ў жыцці газетчыкаў такі выпадак, калі іх калега, карэнны гараджанін, далей асфальту нага не ступала, напісаў, што самалёт сельгасавіяцыі ўносіць на палі арганіку (было гэта ў 70-х гадах, калі самалёты рассявалі ў гаспадарках мінеральныя ўгнаенні). Памятаю, давялося і мне браць інтэрв’ю ў пілота падчас запраўкі самалёта тукамі на аэрадроме ў Качановічах. Было вельмі цікава.

Дык вось, Канстанцін Пятровіч быў дока ў сваёй справе.

У сувязі з пастановай Бюро ЦК КПБ аб стварэнні міжраённых газет абкамаў партыі і абласных Саветаў пры тэрытарыяльных калгасна-саўгасных упраўленнях, Нясвіжская газета “Чырвоны сцяг” з 1 мая 1962 года атрымала статут міжраённай, выходзіла яшчэ на Клецкі і Капыльскі раёны. Так Канстанцін Прыёмка стаў супрацоўнікам “ЧС”. А праз год рэдактар Іван Паўлавіч Тартоўскі прызначыў яго загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі. Тады ж К.П. Прыёмка паступіў завочна на аддзяленне журналістыкі Бел-дзяржуніверсітэта. Закончыў яго ў 1969 годзе. Справы на працы ладзіліся. Матэрыялы з-пад пяра выходзілі глыбокімі, цікавымі. У 1964 го-дзе ў рэспублікан-скай “Сельской газете” пад загалоўкам “Па-баявому” быў апублікаваны агляд “Чырвонага сцяга” і дадзена станоўчая ацэнка рабоце рэдакцыі па распаўсюджванні перадавога вопыту. У гэтым была асаблівая заслуга сельгасаддзела, які ўзначальваў Прыёмка. Канстанціну Пятровічу рэдактар выпісаў прэмію.

У нашай “раёнцы” ён адпрацаваў да 1967 года. Затым зарабляў “сабкораўскі” хлеб у абласной “Мінскай праўдзе”. Тэматыка яго публікацый значна пашырылася, але вопытны журналіст спраўляўся з новымі абавязкамі.

Пасля камандзіроўкі можна і адпачыць. Літсупрацоўнік  Вікенцій Наркевіч, адказны сакратар Тамара Ярмоленка,  загадчык аддзела Канстанцін Прыёмка і намеснік рэдактара Генадзь Крэскіян. 1960-я гады

Пасля камандзіроўкі можна і адпачыць. Літсупрацоўнік Вікенцій Наркевіч, адказны сакратар Тамара Ярмоленка, загадчык аддзела Канстанцін Прыёмка і намеснік рэдактара Генадзь Крэскіян. 1960-я гады

Акрамя артыкулаў на вытворчыя тэмы, увагу чытачоў прыцягвалі яго замалёўкі пра людзей, розныя жыццёвыя абразкі.

Цяпер Канстанцін Пятровіч на заслужаным адпачынку. Але газету чытае ўважліва, жыццём раёна цікавіцца.

—Ты глядзі, казалі: засуха, буракі прападуць, а пачалі ўбіраць — па раёне ўраджайнасць больш за 500 цэнтнераў з гектара. А ў “Новым жыцці” значна вышэйшая, — ухваліў далей справы земляробаў мой суразмоўца. — І збожжа сёлета якое багатае… будзем і з хлебам, і з цукрам. Усё ў нас добра. Толькі б яшчэ ў суседняй Украіне ўціхамірылася, не было ваенных дзеянняў, не гінулі людзі, не цярпелі нястачы…

Наша размова плаўна перайшла да тэмы 75-годдзя раённай газеты. Канстанцін Пятровіч расказаў, што клецкія калегі з газеты “Да новых перамог” святкавалі юбі-лей свайго выдання, запрашалі і яго. Не паехаў, бо ўжо гады не тыя (Пятровіч размяняў дзявяты дзясятак). Але ж прыемна — не забыліся.

Потым мы абмеркавалі матэрыялы, якія можна яшчэ падрыхтаваць з нагоды юбілею, як цікавей расказаць пра людзей, што працавалі ў рэдакцыі Нясвіжскай “раёнкі”.

Тое, што “журналіст” — гэта не проста прафесія, гэта — лад жыцця, стан душы, пісалася не раз. І яно сапраўды так — рэчаіснасць наша таму пацвярджэнне. Калі кожны факт, па-дзею, здарэнне, якія маюць хоць нейкае значэнне, мозг міжволі перапрацоўвае, раскладвае ўсё па палічках і падштурхоўвае ўзяцца за ручку, каб расказаць і іншым. Так і наш Пятровіч — пра яго не скажаш “былы журналіст”. Бо ён жыве падзеямі — раёна, вобласці, краіны, свету, няма ў яго сутнасці месца абыякавасці і раўнадушшу.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота з архіву рэдакцыі.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.