Цікава мець стасункі з цікавымі людзьмі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

журналисты

Заўсёды  прыемна чытаць у друку пра знаёмых людзей. Я ўпэўнена, што  на старонках “Нясвіжскіх навін” з’явяцца новыя цікавыя аповеды пра былых і цяперашніх журналістаў і іншых працаўнікоў рэдакцыі газеты. І напішуць іх тыя, хто разам працаваў ці працуе, бо гэта ж — адзіная сям’я, і кожнаму ёсць што расказаць.

Далучаюся да гэтага і я, як няштатны карэспандэнт і проста  пастаянны чытач газеты.

Журналісты — гэта сапраўды летапісцы. Яны расказваюць пра ўсё і пра ўсіх. А чаму ж не расказаць пра іх саміх, пра іх асаблівую прафесію?! Трэба, абавязкова трэба, і не толькі да нейкіх дат, а проста так, як аб людзях па прафесіі “журналіст”. Менавіта журна-лісты праз слова дапамагаюць многім людзям арыентавацца ў жыцці, у пошуках праўды. Журналісцкія расследаванні, разнастайнасць артыкулаў, інтэрв’ю дапамагаюць часам разабрацца ў цяжкіх сітуацыях. Журналіст, магчыма, як ніхто іншы, павінен быць  высокаадукаваным, камунікабельным і дзесьці, у чымсьці — напорыстым. Жыццё  наогул — пастаянная  чарада сустрэч і расставанняў, а ў журналістаў — тым больш, з новымі людзьмі, новымі падзеямі. І таму ім, можа, лягчэй, чым звычайнаму чалавеку, разабрацца  ў жыццёвым кругавароце.

Пра журналістаў нашай раённай газеты можна расказваць шмат. Я ведала і ведаю амаль усіх яе працаўнікоў. Няштатным карэспандэнтам  газеты з’яўляюся з 2002 года, калі вырашыла напісаць заметку пра нашу  сустрэчу выпускнікоў Нясвіжскай  сярэдняй рускай школы праз 45 гадоў. З пытаннем, як лепш гэта зрабіць, я звярнулася да Тамары Пятроўны Ярмоленкі, якая тады працавала карэспандэнтам. І можа, з яе, як кажуць, лёгкай рукі я пачала пісаць у газету свае вершы, заметкі, артыкулы і нават кулінарныя рэцэпты. Тамару Пятроўну любілі і паважалі, бо было за што. Пражыла яна нялёгкае жыццё, але заўсёды была вясёлай і жыццярадаснай. Мы з ёю сустракаліся і разам рыхтавалі сустрэчы ўдзельнікаў клуба “Ясь і Яніна”. Вельмі шчыры аповед Тамары Праль-Гуль  пра гэтага цікавага чалавека, якога хапала на ўсё, прыемна было прачытаць у “Нясвіжскіх навінах” за 25 ліпеня гэтага года. Дзякуй!

Часта па дапамогу ці параду, як правільна  напісаць ці перакласці на беларускую мову словы, я звярталася да Раісы Нікадзімаўны Хвір, якая шмат адпрацавала  ў рэдакцыі. Яна ўмее правільна падказаць і нават угаварыць на які-небудзь добры ўчынак. Так здарылася, калі яна ў 2005 годзе ўгаварыла мяне прыняць удзел у конкурсе “Мабільнік і фотаапарат — за падпіску”. І я ёй удзячна, бо менавіта мне з 153 удзельнікаў пашанцавала выйграць галоўны прыз — тэлефон “Матарола”. Дарэчы, я і цяпер яшчэ карыстаюся ім. А Раіса Нікадзімаўна і цяпер — актыўны ўдзельнік многіх мерапрыемстваў, і ў яе гэта атрымліваецца.

Некалькі слоў хачу сказаць і пра цяперашніх супрацоўнікаў, з кім даводзіцца сустракацца, размаўляць.

З Соф’яй Уладзіміраўнай Любанец нас блізка пазнаёмілі і аб’ядналі  сустрэчы ў раённым літаратурна-музычным аб’яднанні “Валошкі”. Сустракаліся мы часта. Я выступала на раённым  радыё, калі яна там працавала. Гэта цікавы, таленавіты чалавек. Яе вершы кранаюць сэрца.

З кабінета Тамары Анатольеўны Праль-Гуль заўсёды выходзіш у добрым настроі, бо яна, як бы ні была занята, сустрэне добрым словам і ўсмешкаю, пагутарыць, нешта падкажа ці прапануе. Я вельмі люблю  чытаць яе інтэрв’ю, артыкулы. Стыль яе такі  даступны.

Няпростая, але вельмі патрэбная прафесія фотакарэспандэнта. Мы часта назіраем, як на розных  мерапрыемствах робіць здымкі Святлана Міхайлаўна Польская. Потым выбірае для газеты самыя лепшыя, расказваючы ў іх чытачам пра справы на Нясвіжчыне.

Добрым словам хочацца ўспомніць Вольгу Яўгенаўну Марчанку, якая зараз гадуе  маленькую дачушку. “Цудоўны і добры настаўнік”, — сказала пра яе мая ўнучка Галіна, якая займалася ў школе юнкораў, што вяла ў рэдакцыі Вольга Яўгенаўна.

Акрамя творчых работнікаў, вялікі ўклад у агульную  справу ўносяць і іншыя  аддзелы  рэдакцыі. Шмат работы, як бачым па газеце, у аддзеле рэкламы і ў бухгалтэрыі, у аддзеле дызайну і сакратарыяце. Кожны выконвае сваю справу, каб чытачы своечасова атрымлівалі  свежы нумар “раёнкі”.

Вольга ЖЭРКА, г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.