Каб не забывалі…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Фото 1

Фото 1

У мінулую пятніцу ў ДУ “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” адкрылася выстава “Вялікая і забытая”,  прысвечаная 100-годдзю пачатку Першай сусветнай вайны.

Так сталася, што Беларусь апынулася ў самым эпіцэнтры вялікага еўрапейскага пажару. Тры гады, з 1915 да 1918 г., праз нашу зямлю праходзіла лінія фронту; не менш за 800 тысяч землякоў былі мабілізаваны ў дзеючую армію; каля паўтара мільёна — былі вымушаны пакінуць родныя мясціны, стаўшы бежанцамі. І тым не менш, тая вайна дагэтуль для многіх нашых суайчыннікаў застаецца “белай плямай”.

Выстава, якая пачала працаваць у былым палацы князёў Ра-дзівілаў, заклікана часткова ліквідаваць гэты прабел. На ёй прадстаўлена каля 500 экспанатаў з прыватных збораў і фондаў музея-запаведніка “Нясвіж”. Элементы амуніцыі, узоры ўзбраення, рэканструкцыя ўніформы, узнагароды, прадметы салдацкага побыту прадастаўлены групай ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Рубеж”, якая аб’ядноўвае брэсцкіх уніфармістаў і края-знаўцаў. Фотаздымкі і паштоўкі тых далёкіх часоў паходзяць са збораў Уладзіміра Багданава — калекцыя-нера і даследчыка гісторыі Першай сусветнай.

Фото 2

Фото 2

На адкрыцці выставы сярод шматлікіх гасцей прысутнічалі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Алег Рыжкоў, камерцыйны  дырэктар ПТУП “Сепія” — даўняга партнёра музея-запаведніка — Мікалай Шчарбовіч, супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, збіральнік артэфактаў мінуў-шчыны Уладзімір Багданаў, кіраўнікі групы “Рубеж” Аляксандр Жаркоў і Андрэй Варабей разам з сябрамі (фота 4,6). Апошнія былі апрануты ў рускую і нямецкую ваенную форму часоў Першай сусветнай, што надало мерапрыемству асаблівы каларыт. На тэлеэкране дэманстраваліся кадры кінафільма “Вялікая і       забытая”.

Фото 3

Фото 3

У сваім прывітальным слове дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Клімаў звярнуў увагу прысутных на тое, што ідэя арганізацыі выставы з’явілася не ў адзін дзень. Ёй папярэднічала доўгая падрыхтоўчая праца — вывучэнне матэрыялаў, распрацоўка канцэпцыі, работа з рэканструктарамі і калекцыянерамі. Таксама ён падкрэсліў пэўную сімвалічнасць таго, што выстава адкрылася менавіта ў Нясвіжы. У гады Першай сусветнай вайны тут размяшчаліся штабы шэрагу буйных злучэнняў (2-й і 4-й армій, 9-га армей-скага корпуса). Недалёка ад горада летам 1916 г. праходзіла Баранавіцкая наступальная аперацыя — адна з буйнейшых бітваў на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, у ёй прымаў удзел і 4-ы грэнадзёрскі Нясвіжскі полк. Не засталіся ў баку ад тых падзей і князі Радзівілы. У палацы з першых дзён вайны дзейнічаў лазарэт, арганізаваны на сродкі княжацкай сям’і. Лявон Радзівіл быў афіцэрам расійскага Генеральнага штаба, Станіслаў Радзівіл служыў у кавалерыйскіх аддзелах, вызначыўся ў баях на тэрыторыі Галіцыі і Беларусі. “Людзі старэйшага пакалення, — сказаў С. Клімаў, — са школьнага курса гісторыі маглі мала даведацца пра тыя падзеі. І вельмі важна, каб для сённяшняй моладзі Першая сусветная вайна ні ў якім разе не заставалася забытай”.

Фото 4

Фото 4

Фото 5

Фото 5

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Зміцер Яцкевіч (фота 3) гаварыў пра неабходнасць выкарыстання архіўных крыніц, без чаго вывучэнне мінуўшчыны не можа быць поўным і аб’ектыўным. Прысутным быў прадстаўлены зборнік дакументаў “Беларусь в годы Первой мировой войны (1914 – 1918)”, падрыхтаваны супрацоўнікамі Нацыянальнага гістарычнага архіва (фота 2). Пра работу над кнігай расказаў адзін з укладальнікаў, галоўны архівіст аддзела публікацый Юрый Снапкоўскі (фота 5). Аўтар гэтых радкоў  правёў невялікую экскурсію для прысутных. Ён азнаёміў з агульнай канцэпцыяй выставы, звярнуў увагу на найбольш цікавыя экспанаты, падкрэсліўшы, што падрабязны агляд і расказ пра ўсе прадметы можа заняць не адну гадзіну.

Фото 6

Фото 6

Фото 7

Фото 7

…Наведвальнікаў выставы сустракае рускі плакат 1914 г. з надпісам “Мировой пожаръ”. Яго стваральнікі, магчыма, і самі не разумелі, якімі прарочымі аказаліся гэтыя словы. На асобных вітрынах цэлы шэраг касак (фота 7), сярод якіх — рэдкія калекцыйныя ўзоры нямецкіх і рускіх сталёвых шлемаў; узнагароды, значкі, какарды, раменныя спражкі. Стэнды з фотаздымкамі, на якіх адлюстравана франтавая штодзённасць, і нямецкімі паштоўкамі з відамі Брэста, Навагрудка, іншых гарадоў і мястэчак. Уздоўж сцен шэраг манекенаў у форме рускага пехацінца і матроса, саксонскага артылерыста, баварскага афіцэра (фота 1). Не здзіўляйцеся. Менавіта ў Беларусі з 1916 г. дзейнічала Рачная флатылія асаблівага прызначэння, якая вяла баі на Прыпяці і возеры Нарач. А яшчэ на выставе можна дазнацца пра Нясвіжскі лазарэт князёў Радзівілаў, зазірнуць у “афіцэрскую кватэру”, пабываць на “перадавой лініі акопаў”, даведацца, як выкарыстоўваўся “французскі цвік” і нямецкі “моргенштэрн”. Адным словам, у музей варта прыйсці для таго, каб успомніць і не забываць пра Вялікую еўрапейскую вайну.

Выстава будзе дзейнічаць да 18 студзеня 2015 г. у выставачнай зале Нясвіжскага палаца.

Андрэй БЛІНЕЦ,

малодшы навуковы супрацоўнік  ДУ “НГКМЗ “Нясвіж”.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.