Краязнаўца ў пошуку

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

свой край

Будучыня — у сучаснасці, але сучаснае — і ў мінулым. Гэта мы ствараем яе, і калі  яна дрэнная, у тым  наша віна.

Анатоль Франс, французскі пісьменнік.

Памяць пра гістарычнае мінулае жыве, бадай, у кожным  чалавеку. А ёсць асобы, якія  цікавяцца мінулым свайго краю грунтоўна, шукаюць і знаходзяць цікавыя звесткі і факты. Адзін з такіх энтузіястаў — наш зямляк Станіслаў Вацлававіч  Суднік, які нарадзіўся на хутары Касцянева паблізу вёскі Сейлавічы.  Пасля школы паступіў у ваеннае вучылішча, служыў на Урале, у Казахстане, потым — у г. Масты Гродзенскай  вобласці. А ў 1994 годзе пераехаў у Ліду, дзе жыве цяпер.

Сваю Нясвіжчыну не забывае, часцяком  наведваецца сюды, сабраў значны матэрыял аб  гісторыі Сейлавіч. С.В. Суднік  улюбёны ў малую радзіму і марыць выдаць кнігу, своеасаблівы летапіс з мінулага вёскі, з мясцовымі  назвамі ўрочышчаў, хутароў,  прадметаў побыту, легендаў і г.д. Адна ўжо ёсць — “Крэскі на белай пляме” — аб гісторыі Сейлавіч, якія  не пазначаны на старой польскай карце. Былі ў мясцовасці курганы ХІ-ХІІІ стагоддзяў, але пра іх узнікненне ўжо  ніхто не ведае, паданняў у народнай памяці не засталося.

Краязнаўца знайшоў цікавыя факты, звязаныя з выявай фігуркі Хрыста, якая з’явілася на дрэве. На тым месцы пабудавалі  ўніяцкую царкву, пазней пры ёй зрабілі каплічку. А ў далейшым царква стала касцёлам. Пра гэта мала хто ведае, а дзеці ўвогуле — нічога. Таму С.В. Суднік вырашыў запоўніць гэты прабел і напісаў паэму, праўда, твор яшчэ  не завяршыў. А фігурка Хрыста і сёння аберагае  Сейлавічы ад розных нягод.

Наш зямляк-краязнаўца быў нядаўна госцем Нясвіжа, у  цэнтральнай    раённай  бібліятэцы, і расказаў пра сваё творчае жыццё. Ён выпусціў паэтычныя зборнікі “Пагоня за мову”, “Мой Грунвальд”, “Лідскія скрыжалі”, “Літва”, два руска-беларускія слоўнікі, падручнік па стэнаграфіі, пераклаў паэму М. Лермантава “Ліцвінка” і балады Я. Чачота. Быў ініцыятарам стварэння ў Лідзе музея Валянціна Таўлая. Працуе ў лідскіх друкаваных СМІ. Пра горад, у якім  жыве, С.В. Суднік адшукаў шмат цікавых архіўных звестак і публікуе іх у мясцовых выданнях. Працуе ён і над гісторыяй Нясвіжа, у якой яшчэ ёсць і белыя плямы, і спрэчныя версіі. Словам,  краязнаўца заўжды ў пошуку.

Сустрэча з ім аказалася цікавай маладзёжнай, у асноўным, аўдыторыі, а таксама аматарам паэзіі. Спадабалася прысутным  і выступленне лідскага барда Сяргея Чарняка, які прыгожа і душэўна выканаў пад акампанемент гітары песні на словы С. Судніка. Апошні падарыў сябрам раённага літаратурнага аб’яднання “Валошкі” зборнік вершаў і прозы “Ад лідскіх муроў”, дзе змешчаны творы  талентаў Гродзеншчыны.

Раіса ХВІР, г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.