Нясвіжскі каледж — старадаўні і малады

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Дырэктару Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа Алене Жураўлёвай уручае кветкі прарэктар па навучальнай рабоце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар педагагічных  навук Уладзімір Шлыкаў

Дырэктару Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа Алене Жураўлёвай уручае кветкі прарэктар па навучальнай рабоце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук Уладзімір Шлыкаў

У мінулую пятніцу ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа прайшлі святочныя мерапрыемствы з нагоды 70-годдзя з дня заснавання Нясвіжскага педагагічнага вучылішча і 30-годдзя з пачатку дзейнасці Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.

Усіх, хто збіраўся на святкаванне юбілею навучальнай установы, у яе дворыку чакалі тэатралізаваныя пастаноўкі, якія вярталі гледачоў у гісторыю — ад часоў настаўніцкай семінарыі і да пасляваеннага педагагічнага вучылішча.

Яшчэ больш маштабная сустрэча з мінулым чакала гасцей свята   ў будынку інтэрната каледжа, дзе на другім паверсе адкрыўся музей, прысвечаны гісторыі і сучаснасці гэтай навучальнай установы. На яго стэндах знайшло сваё адлюстраванне развіццё адукацыі ў Нясвіжы, пачынаючы ад стварэння бенедыктынскага кляштара ў 1591 годзе, які быў пабудаваны Яўфіміяй Радзівіл, жонкай Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі, па праекце вялікага Бернардоні для адукацыі і выхавання нясвіжскіх паненак у духу хрысціянскай веры і маралі. Пры кляштары функцыянавала музычная школа і вялікая бібліятэка.

Затым адукацыйную эстафету пераняла Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, створаная  ў 1875 г., якая рыхтавала настаўнікаў для пачатковых школ. Пры семінарыі дзейнічала ўзорнае пачатковае вучылішча. У 1914 г. фундаментальная бібліятэка семінарыі мела 1850 найменняў кніг (3630 тамоў), вучнёў-ская бібліятэка — адпаведна 980 і 1710. У семінарыі вучыліся Якуб Колас, Кузьма Чорны і іншыя пісьменнікі і вядомыя дзяржаўныя дзеячы таго часу. Сваю дзейнасць настаўніцкая семінарыя не перапыняла да 1944 года.

Пасля вызвалення Беларусі з 1944 па 1956 год замест былой семінарыі было адкрыта педагагічнае вучылішча, гісторыя стварэння і дзейнасці якога знайшла сваё адлюстраванне на наступным стэндзе, дзе можна ўбачыць фотаздымкі першых выкладчыкаў і навучэнцаў, іх узнагароды і асабістыя рэчы.

З экспазіцыяй новага музея каледжа знаёмяцца выпускнікі Нясвіжскага педвучылішча 1951 года Соф’я Канстанцінаўна  і Іван Станіслававіч Ярмалінскія

З экспазіцыяй новага музея каледжа знаёмяцца выпускнікі Нясвіжскага педвучылішча 1951 года Соф’я Канстанцінаўна і Іван Станіслававіч Ярмалінскія

У 1956 — 1984 гадах на месцы педвучылішча адкрылася школа-інтэрнат, якой таксама прысвечаны асобны стэнд,  і з 1984 па сённяшні дзень тут ізноў сталі рыхтаваць педагогаў, да якіх у 2007 годзе дадаліся і навучэнцы па іншых спецыяльнасцях — “Турызм і гасціннасць” і “Дызайн”, а вучылішча з 2004 года стала называцца каледжам. Усё гэта ў выявах і прадметах занатавана ў музеі навучальнай установы, у стварэнне якога вялікі ўклад унеслі выкладчыкі гісторыі і іншыя зацікаўленыя асобы. Адкрыццё музея было па-мастацку  аздоблена тэатралізаванымі пастаноўкамі. У іх наглядна ўвасобілася гісторыя заснавання кляштара бенедыктынак, у сценах якога сёння часткова месціцца каледж, вучоба ў настаўніцкай семінарыі нашага класіка якуба Коласа і дзейнасць пасляваеннага педвучылішча. У апошняй пастаноўцы сённяшнія навучэнцы прадставілі сваіх папярэднікаў, юнацтва якіх прыйшлося на пасляваенныя гады — Валян-ціна Захаравіча Бруя, які затым стаў першым дырэктарам адноўленага ў 1984 годзе педвучылішча, Яніну Адамаўну Саковіч — будучага завуча ўстановы, Клаўдзію Якаўлеўну Шышыгіну, вядомую даследчыцу гісторыі Нясвіжа, і іншых, якія ў свой час вучыліся ў Нясвіжскім педагагічным вучылішчы.

Пасля ўрачыстага адкрыцця музея каледжа святочныя мерапрыемствы  перамясціліся ў кінатэатр “Салют”.

(Працяг — у бліжэйшых нумарах “НН”.)

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ. 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.