“Поле бацькава, матчына мова і над хатай буслова жытло …”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Н.В.Плакса з вучнямі, удзельнікамі радыёперадачы Вольгай Каліноўскай  і Іллём Пратасевічам, падчас экспедыцыі “Колькі дрэву гадоў”  каля знакамітага дуба Якуба, што ў Казлоўскім сельсавеце

Н.В.Плакса з вучнямі, удзельнікамі радыёперадачы Вольгай Каліноўскай і Іллём Пратасевічам, падчас экспедыцыі “Колькі дрэву гадоў” каля знакамітага дуба Якуба, што ў Казлоўскім сельсавеце

“Краязнаўчым хвілінкам” на Нясвіжскім раённым радыё — пяць гадоў. З нагоды першага юбілею іх слухач пацікавіўся ў вядучай, педагога Карцэвіцкай СШ і краязнаўцы Наталлі Плаксы, ці склалася з некалькіх сотняў “хвілінак” своеасаблівае рэтра-выбранае, якое можна было б паслухаць або разгарнуць… Але гаворка ахапіла не толькі гэтае пытанне.

— Наталля Васільеўна, а Вам выпадае хвілінка паслухаць сябе штосуботу раніцай?

— Стараюся, але нават калі прапускаю, а такое здараецца, у тую ж раніцу чую жывы непасрэдны водгук. Тэлефануюць зычлівыя людзі, шчыра дзеляцца ўражаннем, дзякуюць. Адгукаюцца і сябры, калегі па школе, адукацыі. Карыстаючыся момантам, хачу падзякаваць маім слухачам за ўвагу да перадачы, за даўняе сяброўства і шматлікія водгукі, а таксама былому рэдактару раённага радыё Соф’і Любанец і цяперашняму — Аксане Грох. Пераважная мая аудыторыя — сельскія жыхары, і я асабліва даражу гэтым, бо краязнаўства, нясвіжазнаўства ідзе з глыбінкі, з нашых вёсак, мястэчкаў. Расповед пра сваё роднае — надзвычай запатрабаваная тэма. “Хвілінкі” па-свойму ажыўляюць эфір, яны заўсёды чаканыя. А калі ўдаецца свой голас паслухаць самой, ацаніць сябе збоку, тут экспертыза асабліва крытычная. Усё бяру пад увагу.

— Вы сказалі пра голас. У Вас ён, дарэчы, адметны, яго лёгка па-знаць. Вы чытаеце тэкст па-мастацку, часам вельмі ўзнёсла, Вашы інтанацыі артыстычныя, не дыктарскія. Сталыя слухачы памятаюць і Ваш прыгожы спеў. Заспяваць у студыі — гэта поўны “нестандарт”. А яшчэ выключна добрая літаратурная мова. Можа, выглядае на празмерны камплімент, але, не пабаюся сказаць, Ваш голас — свое-асаблівы брэнд, Вы агучваеце культурна-гістарычную хроніку раёна, хвілінкі вечнасці. Як самі лічыце?

—  Мне прыемна, што гэта заўважаюць і слухачы. Кажуць, як пачуем ваш голас, адразу бліжэй да прыёмніка. Бывала, і ў горадзе ці на вясковых вуліцах рэагуюць на голас, пытаюцца, ці не тая самая… Чую добрыя словы, але голас — толькі інструмент, выкананне, а шчырую я над тэкстам, факталогіяй, зместам, каб было ШТО чытаць. Праўда, выбіраю тэмы, каб яны ўзнімалі чалавека духоўна, давалі на-дзею і грунт, пачуццё ўласнай годнасці. Мы — нацыя, народ, і нашы продкі, што б мы ні казалі, далі нам у спадчыну гэтулькі скарбу, што застаецца толькі ўмела гэта захоўваць, вучыцца на ўзорах, чэрпаць з багатага вопыту, перш-наперш духоўнага. Я стараюся гэта рабіць, пераважна папулярызаваць наш скарб на разнастайным матэрыяле Нясвіжчыны — этнаграфічным, мовазнаўчым, матэрыяльным, экалагічным, біяграфічным, міжнацыянальным. Багата ўсяго.

— Наталля Васільеўна, Вашы «хвілінкі» нярэдка гучаць і з дзіцячымі галасамі.

— Гэта мае ці не самыя ганаровыя студыйцы. І такіх ужо дзясяткі. Апошнім часам зладзілі акцыю “Колькі дрэву гадоў”. Тут і ўрокі гісторыі, і даследчая, экспедыцыйная дзейнасць, і моцная патрыётыка, і экалагічнае выхаванне з арыентацыяй на будучую прафесію. Я вядучая і педагог, кіраўнік гуртка і нават кіроўца. Саджу ў машыну маіх суразмоўцаў і вязу ў райцэнтр, а пасля развожу па хатах. Калі рыхтую дзяцей на эфір, папярэдне шмат рэпеціруем, разважаем, спрачаемся. Але найперш гэта экспедыцыі, выезды на мясцовасць, каб дзеці на свае вочы ўбачылі, памацалі рукамі. Гэта ўсё патрабуе і часу, і дадатковых намаганняў, але прыносіць і плён, і шмат задавальнення, агульнай радасці. Заўсёды сама сабе думаю: якія здольныя нашы дзеці, як адгукаюцца на тваю ідэю, калі ім гэта цікава! Ім не толькі радыёэфір — якое хочаш тэлешоу пад сілу. І не абы пра што, а пра нашы адвечныя каштоўнасці.

— А якія “хвілінкі” трымаеце ў памяці як найдаражэйшыя?   

— Найперш усё тое, што мне перададзена з маміных вуснаў. Ад мамы, Вольгі Андрэеўны, з дому Гацілаў, я навучылася любіць і цаніць сваё, роднае. “Хвілінак”, сабраных з маміных успамінаў, з яе, так бы мовіць, вуснай творчасці, сёння ўжо не адзін дзясятак. Я называю гэта “маміным краязнаўствам”. Тут не толькі яркі эпізод, крупінкі-россыпы з памяці, але і добрае смачнае слоўка, і прыказка-прымаўка, і песня, і назіранне, і роздум. Я любіла маму па-слухаць, была яе ўдзячнай слухачкай. Як і тату, вясковага майстра, чалавека, які заўжды цёрся “ў лю-дзях” і пашыраў геаграфію сямейнага досведу, бо “маміна краязнаўства” — гэта Малева і ваколіцы, а татава — больш на поўдзень, дзе Асмолава, Лань, Кіркаўшчына. Шкада, не ўсё даслухала, шмат не распытала. Кажу дзецям, каб запісвалі ад бацькоў, бабуляў іх цікавыя гісторыі, успаміны, вялі сямейны дзённік.

— Наталля Васільеўна, а ці шмат на Нясвіжчыне людзей “у краязнаўстве”? Хто іх сёння збірае пад сцягі айчыналюбаў або нейкага звязу “па інтарэсах”? Хто аб’ядноўвае, заахвочвае, выдае і г.д.? 

— О, тут пытанне — “тры ў адным”! Пачну з першага: хто ў края-знаўстве? Калі па колькасці, лёгка набіраецца добры дзясятак імёнаў. Можна смела ствараць раённае бюро краязнаўства, такія існавалі ў часы Інбелкульту — на пачатку ХХ ст. Грамадства неяк вылучае сваіх прадстаўнікоў — ці то намаганнямі школы, ці то сродкамі прапаганды, ці проста свядомай пазіцыяй  асобных людзей. І ў рэшце рэшт ёсць разуменне, што летапіс памяці, біяграфію родных мясцін трэба рухаць, напаўняць  новым зместам. Каб не перасыхалі ручайкі пошуку, жывілі культуру, выяўлялі спадчыну ў яе самабытных і разнастайных формах. Тут я не кажу пра сталыя дзяржаўныя асяродкі — раённы гісторыка-краязнаўчы музей, музей-запаведнік. Але істотна важна, калі нехта рупіцца, збіраючы “памяткі дзён” на сваім мясцовым узроўні. Нядаўна пазнаёмілася з такім чалавекам — Уладзімірам Абрамовічам з вёскі Студзёнкі, што побач з цукровым камбінатам. Дзякуючы спадару Уладзіміру, тут гісторыя пад кантролем. Увесь у пошуку, мае сваю адметную “карту памяці”, перапіску, фотатэку, марыць пра памяшканне, дзе можна было б размясціць музейную экспазіцыю сваёй вёскі. Што да краязнаўчага таварыства ці бюро, тут пакуль няма чым пахваліцца. Так, трэба аб’ядноўвацца, быць разам, навідавоку. Збірацца, прымаць рашэнні, мець сваю стратэгію, праграму дзеянняў. І я задаволена тым, што сёння маю такую трыбуну — раз на тыдзень рабіць краязнаўчыя перадачы, гаварыць пра нешта важнае. Хай невя-лічкая, але ўсё ж бруістая, жывая крынічка вуснай гісторыі. Бо перадачу слухаюць і мае калегі, якія таксама рупяцца нешта рабіць самастойна, асабліва ў школьным краязнаўстве. Лічу, мы самі павінны больш варушыцца, пакладацца на свае сілы, шукаць сродкі, ладзіць стасункі, кантактаваць з прэсай, будаваць сваю краязнаўчую дыпламатыю з уладай.

—  А Вам, чалавеку на віду і на слыху, не хацелася самой стварыць такую грамадскую арганізацыю на Нясвіжчыне? Як тое ж бюро, таварыства ці нешта падобнае?  

— Пакуль я ў школе, цяжка нешта казаць, але цалкам рэальна. У гэтым мяне пераконваюць мае слухачы. Грамадская зацікаўленасць вельмі шырокая. І тут пачатак добры ёсць. Сабраны рэдакцыйны партфель краязнаўчага выдання, вярстаецца першы нумар. Магу сказаць, што гэта будзе адметны і змястоўны часопіс, арыентаваны на этнаграфічна-гістарычныя каштоўнасці ў ваколіцах Нясвіжа, якія часам засланяе палацавы бляск. Мы, хто пачаў ствараць часопіс, не хочам, каб Нясвіж, Нясвіжчына вы- глядалі аднабока. Цяпер шукаем сродкі на друк. Каб зрабіць тыраж, выдаць першыя 500 асобнікаў, неабходны грошы, таму патрэбны спонсары і рэкламадаўцы. А будзе сваё выданне — будзе і “краязнаўчае бюро”! Людзі, якія слухаюць мае “хвілінкі”, даўно выказваюць пажаданне, просьбы, каб эфірны варыянт займеў друкаваны, быў выда-дзены. Каб можна было не адно па-слухаць, але прачытаць, патрымаць у руках, пакласці на паліцу. Спыніліся на часопісным варыянце. Пазней, дасць Бог, будзе і кніга, і дыск, а пакуль часопіс-квартальнік, выданне, якое пад дахам Бацькаў-шчыны з’яднае і шырокае чытацкае кола, і ўсіх нас, каму неабыякавая мінуўшчына, нашы традыцыі, нашы скарбы — каб не згубіцца ў вялікім свеце каштоўнасцей.

— Краязнаўства як супрацьстаянне глабалізацыі — так можа стаяць пытанне?

— Пытанне трапляе ў кропку. Вазьміце харчовую галіну. Назвы тавараў, фірменных крам, прадпрыемстваў, філіяў і прадстаўніцтваў могуць мець і пэўны эканамічны эфект, спрыяць іміджу, уразнастайваць і ўпрыгожваць асяродкі, побыт, жыццё. Вядома, тут не менш важны, а нават больш істотны культурны бок — заставацца самабытным, ісці за традыцыямі. Глабалізацыя не страшная, калі ўмела прапагандаваць ды ўслаўляць сваё беларускае, рабіць яго пазнаваным і адметным у назвах,       “адзенні” тавара.

 

Буслы і буслянкі (з эфіру 2013 года)

Бусел — адзін з найпапулярных сімвалаў Беларусі. “Ганаровае” званне, мабыць, асабліва трывала замацавалася дзякуючы Уладзіміру Караткевічу, яго краязнаўчаму бестселеру “Зямля пад белымі крыламі”. Як не пагадзіцца з пісьменнікам, калі характару беларуса так пасуюць нораў, звычкі і паводзіны белакрылага птаха!

У канцы жніўня, калі натомленае лета цалавала маладую, яшчэ зялёную восень, у вырай адляталі буслы. Мы не бачылі іх адлёту, як не бачым ніколі, хіба толькі здагадваемся пра хуткае развітанне па вялізных чародах-гуртах, у якія яны збіраюцца; гэта гусі, жураўлі даносяць да нас з-пад нябёсаў сваё развітанне-тугу, а буслы пакідаюць родны край ціха, непрыкметна, давяраючы нам на схоў свае адкрытыя ўсім вятрам і дажджам буслянкі. Апошніх на нашай нясвіжскай зямлі яшчэ можна сустрэць  —  у Лысіцы і Петухоўшчыне, Сычэве і Міцькавічах, Асмолаве і Амлынцах, Юшавічах і Смалічах, Прасцях і Еськавічах. Нібы візітоўка вёскі — буслова гняздо на ўездзе ў Старыя Навасёлкі з боку Нясвіжа. У Малеве — аж тры буслянкі!

Даўней, успамінаюць старажылы, буслы ладзілі сваё жытло на старадрэвінах ці саламяных сялянскіх стрэхах. Цяпер часцей убачыш буслянку сярод камунікаванага пейзажу — на воданапорных вежах ці на электрычных слупах. Расказваюць малёўцы, што ў іхняй вёсцы ўпарта масціўся буслік пабудавацца нават на трансфарматарнай будцы. Выпадак, як сведчаць арнітолагі, не такі і рэдкі ў практыцы ўзаемаадносін чалавека і дзікай прыроды. Што ж, пажартуеце вы, сучасная птушка не адстае ад прагрэсу. Тыя ж эколагі тлумачаць гэткую з’яву найперш тым, што меней становіцца ў нашых вёсках ды ваколіцах старадрэвін (яны “своечасова” з мэтай бяспекі прыбіраюцца), ці разгалістых дрэў (тут ужо трэба згадаць найперш службу знергасеткі).

Збіраючы інфармацыю для “хвілінкі”, не раз для сябе адзначала, з якой любоўю ставяцца людзі да буслоў. Уразіла і расчуліла гісторыя пра жыхара Старых Навасёлак і яго клопат пра разбураную буслянку, аповед  пра гаспадара і гаспадыню з Петухоўшчыны, якія нават аладкі пяклі ды насілі свайму крылатаму суседу.

Добра было б аб’яднаць намаганні: больш арганізавана, па-навуковаму  сачыць за колькасцю буслоў ды іх гнёздаў у раёне і клапаціцца пра рассяленне гэтай вялікай прыгожай птушкі, і рабіць больш разнастайнымі нашы краявіды, прымнажаць іх дарагімі сілуэтамі. Нясвіжчына па-вінна быць з бусламі — сапраўднымі, а не муляжамі-макетамі з пенапласту, якімі застаўлены гарадскія і сельскія двары. Каб было не штучна, а натуральна-праўдзіва, каб за душу хапала, як мелодыя вядомай песні: “ПОЛЕ БАЦЬКАВА, МАТЧЫНА МОВА І НАД ХАТАЙ БУСЛОВА ЖЫТЛО…”

Наталля Плакса.

 

— Слухаючы Вашы перадачы, Наталля Васільеўна, можна калекцыянаваць словы, вартыя сучаснага менеджменту.

— Гэта так! Адзін прыклад, дару яго нашым абутнікам. Паўгода таму расказала слухачам пра капылок — чуеце, слоўка якое! Гэта было цэлае даследванне ў межах 3-5 хвілін. Дык вось, «капылок» — вельмі годная назва абутковага прадпрыемства, аб’яднання, крамы, кампаніі і г.д. Бярыце, карыстайце! А неяк  да мяне звярнулася прафарганізацыя прадпрыемства — дапамагчы добрай назвай вакальнаму ансамблю. Прапанавала некалькі варыянтаў. І гэта сведчыць, што з кожным годам будзе заяўляць пра сябе практычнае краязнаўства. Такая тэндэнцыя мяне надзвычай абнадзейвае, адпавядае і культурнай, і сённяшняй грамадска-палітычнай сітуацыі! Развіццё рэгіянальнай эканомікі з большай геаграфічнай і этнакультурнай самапазнавальнасцю, самабытным ідэнтытэтам стымулюе і мясцовы “гонар”, і ролю краязнаўчай дасведчанасці. Я не кажу пра сельскі турызм, гэта асобная тэма, дзе мясцовы каларыт, самабытнасць былі і застаюцца бяспройгрышнай фішкай. Вось прыязджае турыст па дарозе ў Нясвіж на станцыю Гарадзея, і на прывакзальнай плошчы бачыць “супермаркет” пад назвай “Современник”. Гэта добра? Па-першае, ігнаруецца моўны элемент як вельмі істотны для каларыту. Па-другое — назва не мае “твару”, не чапляе вока. Краязнаўцы прапанавалі б не менш за дзясятак арыгінальных паўнавартасных назваў. Гарадзея, не кажучы пра ваколіцы, дастаткова багатая, каб здзівіць глыбокім, трапным словам!

— І апошняе пытанне да Вас, Наталля Васільеўна. Якія тэмы чакаюць выхаду ў эфір бліжэйшым часам?

— Тут ёсць нават сенсацыі, не пабаюся гэтага слова. Знойдзены аж сем дагэтуль невядомых работ самадзейнага мастака Фёдара Вініцкага, які жыў і маляваў у родным Малеве. Паспрабую адсачыць  лёс малавядомай рачулкі Гавязьнянкі, якая бярэ пачатак пад Нясвіжам, каля Прасмыкаўшчыны, і ўпадае ў Нёман каля самой Мікалаеўшчыны. Наведаю адзін нясвіжскі адрас, каб пазнаёміцца з цікавым чалавекам — вядомым беларускім антраполагам, доктарам медыцыны, які заснаваў у Беларусі школу генагеа-графіі і сёння жыве ў Нясвіжы. Чым знакаміты панскі двор у Міцькавічах і ці наведваў гэтыя мясціны сусветна вядомы фотамастак, адзін з пачынальнікаў жанра фотапейзажу Ян Булгак — пра гэта я распавяду, калі наведаю Навагрудак.

— Дзякуй за інтэрв’ю!

Распытваў Адам Ружыцкі,  г. Мінск.

Фота аўтара.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.