«Працягні мне свае рукі…» Версэты

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

версэты-3

Круг

Жыццё вядзе мяне па крузе. Як заварожаны, брыду ў пошуках сваёй мэты.

Я блукаю па лесе — але ўпустую;

я заходжу ў горад — усё марна;

на беразе рэчкі — ні мэты, ні мар;

на чароўнай сцежцы — засталася пустка.

 

Але нарэшце я стаю ў роспачы са сваёю мэтаю ў руках: я не ведаю, што з ёю рабіць.

Знясілены яе ношаю, я кідаю мэту, і са смуткам іду далей.

Як заварожаны, блукаю ў пошуках мэты…

 

 

Справядлівасць

Я ўздымаю вочы ў неба. Я шукаю справядлівасць. Аблокі закрываюць мне агляд.

Я чакаю дажджу,

але сонца бліскае, апякае

мае зрэнкі і шэпча:

«Справядлівасці тут няма».

Заклапочаны, я іду далей…

Я назіраю за жывёламі. Я шукаю справядлівасць. Але жывёлы жывуць па сваіх законах:

дзе галоўнае выжыць,

проста застацца ў жывых.

Ім не патрэбна справядлівасць.

Заклапочаны, я іду далей…

Я хачу зразумець людзей. Я шукаю справядлівасць. Я працягваю сваю руку суседу, але ён хоча жыць сам па сабе.

Тады я даю чалавеку ў абярэмак скарб.

І ён бярэ столькі,

колькі не можа несці,

колькі яму не будзе патрэбна,

баючыся быць горшым

за іншага чалавека.

Я ведаю: чалавек кіне скарб толькі на дарозе, дзе з табою застануцца дабро, якое ты зрабіў, і свае грахі.

Можа, гэта справядлівасць?

Заклапочаны, я іду далей…

 

 

Успаміны

Мне сніцца мой нябожчык-брат. Ён рады мяне бачыць, як і  я яго.

Мы хочам быць разам, як гэта было раней, як гэта і павінна было быць.

Мы гаворым з ім пра сям’ю, успамінаем сяброў, не можам звесці вачэй адзін з аднаго.

 

— Працягні  мне свае рукі — я раскажу табе, дзе твае памылкі, я скажу табе праўду жыцця, я хачу, каб вам жылося лепей,

— прапануе мне мой родны брат.

І я цягну свае рукі да яго рук, я хачу абняць свайго брата, прытуліць да сябе і не адпускаць нікуды.

Але чым больш я намагаюся гэта зрабіць, тым больш брат аддаляецца ад мяне; яго словы не далятаюць да маіх вушэй.

А сам я раблюся невідушчы, я бачу толькі ўдалечыні, як вусны майго лепшага сябра, майго брата, нешта шэпчуць мне…

і пакрываюцца, з кожным намаганнем сказаць, крывёю…

 

 

Сіла

Кожны чалавек на раздарожжы, дзе я спыніўся, каб выбраць свой далейшы шлях, тлумачыць мне перавагі свайго напрамку, сваёй сілы.

Кожны хоча, каб я збочыў у яго бок.

Адзін паказвае мне сваю фізічную сілу і кажа, што ў гэтым і ёсць сіла.

Другі дэманструе свае разумовыя здольнасці і веды і кажа, што гэта сапраўдная сіла.

Трэці дае мне памацаць паперкі, якія называе грошы, спрабуючы пераканаць мяне ў тым, што акрамя іх ніякай сілы не існуе.

І толькі невідушчы стары моўчкі ідзе прама. Ён неахвотна тлумачыць, калі я яго даганяю і пытаю, чаму ён не збочыў:

— Не кожная сіла ёсць сіла;

не кожная сіла можа быць сілай табе.

Нават самы слабы чалавек можа ўтрымацца, павіснуўшы на абрыве ў прорву, калі яго трымае жах.

Шукай сваю сілу…

 

Пытанні

Аблеплены рознымі пытаннямі, як і большасць

людзей, я іду па нейкаму, толькі мне вядомаму, шляху.

Людзі задаюць мне розныя пытанні, як і я ім:

ці правільна я трымаю лыжку?

ці правільна я забіваю цвік?

дзе можна тут збочыць на Усход?

ці будзе на наступны дзень Заўтра?

Я смяюся з кожнага, хто задае мне гэтыя і іншыя пытанні; я смяюся з сябе, таму што не магу адказаць на многія з іх.

Я смяюся з усіх пытанняў, што задаюць мне людзі, акрамя аднаго:

ці правільна, што мы жывём?

 

 

Птушка і дрэва

Як лепшыя сябры, жылі недалёка ад вёскі птушка і дрэва.

Дрэва дало прытулак птушцы: тут было яе гняздо, дзе яна ратавалася ад залевы, ветру, марозу;

голле дрэва закрывала птушку ад палаючага сонца.

Птушка, у сваю чаргу,  дапамагала, чым магла свайму сябру: збірала гнілыя галінкі і лісце ля самага камля;

абараняла дрэва ад караедаў і шашаля.

Прыйшоў чалавек. Узяў сякеру. Ссек дрэва. Птушкі больш няма…

 

 

У краме

Я стаю ў незвычайным для мяне, чароўным месцы, месцы, якога мне так не хапала ў дзяцінстве, — дзіцячай краме.

Незнаёмы хлопчык весела, з імпэтам, выбірае, прымерваючы адну за другой, рознакаляровыя маскі…

…Маскі звяроў і птушак;

маскі звышчалавека і іншапланетніка;

маскі любімых кінагерояў і поп-зорак і яшчэ безліч іншых масак.

Я ў захапленні! Як жа спрытна ў хлопчыка гэта атрымліваецца!

Ён яшчэ не ведае, як з цягам часу, стаўшы дарослым, цяжка пазбавіцца маскі, каб проста быць самім сабою…

 

 

Недавершанасць

Справы, што пачаў, але не скончыў, вяртаюцца да мяне пякучым стосам іншых, новых абавязкаў.

Я змагаюся з гэтым кожны дзень і не магу знайсці для сябе палёгкі, бо ведаю пра недавершанасць сваіх пачынанняў.

Змагаюся, як магу, з абставінамі, лянотай, часам, сабою.

Я бяру гліну, каб зрабіць з яе посуд;

запраўляю цеста, каб яно стала хлебам;

ару поле, каб пасадзіць насенне;

шукаю словы, што стануць вершам.

Адчуваю ўсёй сваёй істотай, што радасць ад перамогі над справамі на гэты дзень робяць мяне больш упэўненым, адрозным ад сябе.

І разумею, што я — гэта ўжо не зусім і я цяпер.

 

 

Паразы

Паразы. Яны ідуць за мной на працягу ўсяго жыцця, узнікаючы перыядычна на маёй дарозе ў самым розным сваім абліччы.

Бывае, я так і не магу да канца зразумець, што  новае здарэнне, якое было са мною ўчора — гэта параза, а ніяк не перамога.

Паразы даюць мне выспятка, поўху, адпускаюць пстрычкі, а могуць, калі гэта вялікая параза, збіць мяне з ног і лупцаваць нагамі.

Пакідаюць паразы

пісягі ад юшкі на маім адзенні,

драпіны на маім целе,

шрамы на маім сэрцы,

пытанні ў маёй галаве.

Рагочуць прама ў твар, спрабуючы зачапіць за жывое, абставіны лёсу над маёй бездапаможнасцю, над маім няўрымслімым танцам-змаганнем з паразамі…

Ды і адкуль ім ведаць, што з кожнай пераадоленай паразай я станаўлюся яшчэ мацнейшым.

Андрэй КОЗЕЛ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.