“Я люблю цябе, мама!”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На пярэднім плане шматдзетныя мамы Марына Равінская і Аляксандра Лемяза

На пярэднім плане шматдзетныя мамы Марына Равінская і Аляксандра Лемяза

Маці — пачатак усіх пачаткаў, апора і надзея, будучае народа,     падтрымка ў горы і радасці.

С. Грахоўскі.

Што можа быць больш святым, чым імя маці? Для любога з нас  маці — самы родны, самы дарагі чалавек на зямлі, які даў нам жыццё. Ад яе мы атрымліваем першыя ўрокі, далучаемся да духоўных і маральных каштоўнасцей.

Учора, 14 кастрычніка, наша краіна ў 19 раз адзначыла цудоўнае свята — Дзень маці. А днём раней у Нясвіжскім раённым  цэнтры культуры адбылася ўрачыстасць з гэтай нагоды. Святочная атмасфера панавала ўжо ў фае: тут была аформлена фотавыстава пад назвай “Радасць мацярынства”, гасцей сустракаў народны  інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжкары”. А пачалося свята паказам відэафільма  “Я люблю цябе, мама!”

Ад імя Нясвіжскага раённага  выканаўчага камітэта, раённага  Савета дэпутатаў і сябе асабіста са святам  усіх матуль раёна павіншаваў першы намеснік старшыні  Нясвіж-скага райвыканкама, начальнік  райсельгасхарчу  Анатоль Драгавец:

— Дзень маці стаў адным з самых добрых і  ўшанаваных у наро-дзе. У гэты дзень нас перапаўняюць пачуцці любві, адданасці і ўдзячнасці  самаму дарагому чалавеку — матулі. Менавіта ў гэты дзень кожны з нас аддае  ёй даніну глыбокай павагі за шчодрасць душы, за клопат, ласку, пяшчоту і цярпенне.

На плячах жанчыны ляжыць асаблівы абавязак — расціць і выхоўваць дзяцей. Гэта вельмі важная і адказная праца.

Анатоль Мікалаевіч адзначыў, што ў Нясвіжскім раёне  4835 сямей выхоўваюць 7684 дзіцяці ва ўзросце  да 18 гадоў. 392 сям’і з’яўляюцца шматдзетнымі. 40 шматдзетных маці Нясвіжчыны ўдастоены высокай дзяржаўнай узнагароды — ордэна Маці. У гэтым годзе да ўзнагароджвання ордэнам Маці ў Нясвіжскім раёне прадстаўлены  дзве шматдзетныя матулі. Гэта Аляксандра Мікалаеўна Лемяза і Марына  Сяргееўна Равінская. Сям’я кожнай з іх выхоўвае па 6 дзяцей. Ад раённай улады Анатоль Мікалаевіч  уручыў  ім дакументы  на пральныя машыны. У заключэнне Анатоль Драгавец  пажадаў, каб у матуль не толькі ў гэты, але і ва ўсе астатнія дні  быў добры настрой, цяплом  душ саграваліся хаты, захоўвалася ўтульнасць. Пажадаў любові ад дзяцей, а таксама — здароўя, шчасця, радасці, дастатку і міру.

Павіншавала жанчын з Днём маці і  старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Людміла Крупец. З яе вуснаў таксама прагучалі  самыя лепшыя  словы ў адрас  маці:

— Мама — калыска цяпла і дабрыні. Яна заўсёды зразумее сваё дзіця, дасць параду і будзе аддана любіць яго ўсё жыццё.

Людміла Уладзіміраўна прызвала цаніць і берагчы сваіх матуль, пакуль яны жывыя. Усім мамам і бабулям яна пажадала моцнага здароўя, радасці, шчасця ў дамах,  каб толькі светлыя шляхі выбіралі іх дзеці, а мужчыны, якія побач, каб цанілі і любілі.

Фрагмент святочнага канцэрта

Фрагмент святочнага канцэрта

Прыемны настрой усім запрошаным дарылі вядучыя Сяргей Хвалько, Уладзіслаў Дэханд і Мілена Матусевіч. Яны падарылі мамам, што прысутнічалі ў зале, шмат добрых і прыемных слоў.

З музычнымі нумарамі на свяце выступілі народны ансамбль  песні “Акцэнт”, народны ансамбль музыкі і песні “Зараніца”, Сяргей Хвалько і танцавальны калектыў “Арыён”, народны ансамбль песні “Млечны шлях”, Уладзімір Прыгун, Ігар Гарбачоў, Міхаіл Мамай, танцавальны калектыў пад кіраўніцтвам  Кацярыны Лабазы і многія іншыя творчыя людзі сцэны.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.