Як часіна вялікай народнай…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

первая

Выдатным летапісцам Першай сусветнай вайны стаў знакаміты творца Максім Гарэцкі. І сёння, у ХХІ стагоддзі, яго мастацка-дакументальная кніга «На імперыялістычнай вайне» (1926), апавяданні “Рускі”, “Хадзяка”,  «Літоўскі хутарок», «Генерал», «На этапе»  — бліскучыя мастацкія сведчанні гэтага вірлівага часу. На жаль, само прозвішча Гарэцкага, яго творчасць, як і Першая сусветная, доўгі час замоўчваліся.  А Максім Гарэцкі здолеў тут выступіць  як гуманіст, які пратэстуе супраць ператварэння вайны ў гульню лёсамі мільёнаў простых людзей, якія не маюць адзін да аднаго ніякай варожасці.

Больш таго, мне думаецца, проза М. Гарэцкага, прысвечаная падзеям Першай сусветнай  і яе трагічным наступствам для чалавека, ёсць свайго роду мастацкая перасцярога-папярэджанне  нашчадкам.  А  апавяданне «Рускі» неаднойчы ставілася  літаратуразнаўцамі побач з сусветна вядомымі творамі замежных аўтараў аб Першай сусветнай вайне — А. Барбюса, Э. Хемінгуэя, Э.М. Рэмарка, Л. Франка і інш.  І вельмі трапную выснову зрабіў летапісец Другой сусветнай празаік  Васіль Быкаў  у сваёй кнізе мемуараў «Доўгая дарога дадому»: «Ваенная сутнасць наогул наўрад ці мяняецца праз стагоддзі… Мінае час, і ўсе зліваюцца ў адно ёмістае і ненавіснае лю-дзям азначэнне — вайна».

І сёння мы разумеем, што кожны таленавіты мастацкі твор — гэта важны дакумент, яскравае сведчанне.  І сёння мы ўважліва ана-лізуем падзеі ў Еўропе, Амерыцы, ва Украіне, блізка да сэрца прымаем сацыяльныя катак-лізмы. Бо сапраўды: кроў людская — не ва-дзіца…  А вайна — гэта заўсёды разводдзе зла! Яна адчыняе шлюзы хаосу.  У вайну ўсё высока-духоўнае заглушаецца і душыцца фізічным, жывёльным…

Максім Гарэцкі ў Першую сусветную знаходзіўся на фронце. Быў цяжка паранены. Так што яго веданне вайны — не кніжнае. І таму становіцца зразумелым, чаму яго кніга дакументальна-мастацкіх запісак “На імперыялістычнай вайне” стала дастойным  пачаткам дакументальнага жанру ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Тут творца, надаўшы сваім асабістым уражанням ваеннага часу форму салдацкага дзённіка, з суровай і мужнай праўдзівасцю здолеў паказаць грабежніцкую сутнасць Першай сусветнай. Вайна праўдзіва пададзена аўтарам як часіна вялікай народнай бяды, калі дзеля  інтарэсаў пануючых класаў нішчыўся плён людской працы, а родны край  быў “заліт… скрозь слязьмі, спавіт галечай, абязвечан, абяздолен”. Бясспрэчна, што гэтая кніга Гарэцкага належыць да лепшых узораў сусветнай антываеннай літаратуры.

А ў аповесці “Ціхая плынь” М.Гарэцкі з храналагічнай паслядоўнасцю прасочвае шлях сялянскага хлопца ад нараджэння да бяссэнснай  гібелі на вайне. Твор таксама прасякнуты гуманістычным пафасам, глыбокім спачуваннем да людзей працы, шчымлівым болем аўтара за іх шматлікія  пакуты на вайне. Беларуская рэчаіснасць напярэдадні Першай сусветнай адлюстравана Гарэцкім у  яго аўтабіяграфічнай аповесці “Меланхолія”. Так што Першая сусветная вайна была болем і горам для Беларусі…

Пачынаючы з 1915 г. на Беларусі назіраецца нарастанне рабочага руху — у красавіку 1915 г. адбылося выступленне рабочых і служачых Гомельскага чыгуначнага вузла.  А летам 1915 г. баставалі рабочыя дэпо Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі. На  працягу 1915 г. адбылося 99 сялянскіх выступленняў і 62 значныя хваляванні салдат. Так, 22 кастрычніка 1916 г. адбылося паўстанне салдат, казакоў і матросаў на размеркавальным пункце ў Гомелі. Асудзіла вайну  і  газета  нацыянальнага руху “Наша ніва”.

На захопленай Германіяй тэрыторыі браты І. і А. Луцкевічы, В.Ластоўскі выступілі з ідэяй стварэння канфедэрацыі Літвы і Беларусі ў выглядзе Вялікага княства  — з мэтай аднаўлення агульнай літоўска-беларускай дзяржавы на аснове незалежнасці Літвы і Беларусі.  Аднак утварыць канфедэрацыю не ўдалося: акупіраваўшы Вільню, германскае камандаванне абвясціла аб тым, што беларускія землі будуць падпарадкоўвацца Польскай Кароне.  І таму  польскія памешчыкі, ксяндзы пачалі настойліва ажыццяўляць  паланізацыю беларускага  насельніцтва.  Была створана шырокая сетка польскіх школ, розных згуртаванняў польскай накіраванасці.  Гвалтоўная паланізацыя выклікала абурэнне мясцовага насельніцтва. І ў самім беларускім нацыянальным руху адбыўся раскол. Так, дзеячы на чале з В. Ластоўскім заснавалі тайную арганізацыю “Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі”, якая ставіла сабе за мэту ўтварыць незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах. Але ўжо ў пачатку 1916 г. германскі фельд-маршал Гіндэнбург у загадзе аб школах акупіраванага краю абвясціў беларускую мову раўнапраўнай з польскай, літоўскай і яўрэйскай. І на акупіраванай тэрыторыі былі адчынены беларускія школы, створаны выдавецтвы для пуб-лікацыі на беларускай мове  газет, часопісаў.   Пачала выдавацца газета “Гоман”. А ў Вільні былі створаны “Беларускі клуб”, згуртаванне “Золак”, “Навуковае таварыства”, “Беларускі настаўніцкі саюз” .  Кіраваў усёй гэтай дзейнасцю створаны ў 1915 г. Беларускі народны камітэт, які ўзначальваў А.Луцкевіч.

…3 сакавіка 1918 года ў Брэсце была пад-пісаная мірная дамова паміж Савецкай Расіяй і дзяржавамі нямецкага блоку, паводле якой нямецкія войскі акупавалі Польшчу, Літву і частку Беларусі.

Першая сусветная вайна прынеслы беларускаму народу велізарныя людскія страты. Загінулі  1 млн. 200 тыс. чалавек, сотні  тысяч беларусаў так і  не змаглі вярнуцца з эвакуацыі, засталіся параскіданымі на неабсяжных абшарах Расіі, іншых краін.  Разам з адступленнем рускіх войскаў   на ўсход ішлі  тысячы беларусаў,  пераважна жанчын, дзяцей і старых — каля двух мільёнаў чалавек.

Бежанскі шлях беларусаў можна было пазнаць  па могілках-капцах,  што ўтвараліся абапал дарог.  Суайчыннікі асядалі  вакол маёнткаў, чыгуначных станцый і ў гарадах прыфрантавой паласы.

За кошт вайскоўцаў і бежанцаў колькасць насельніцтва   Мінска таксама павялічылася ўдвая, а то і болей. Калі ў 1914 г. у Мінску жыло 100 тыс., то ў 1915 г. — ужо 250 тыс. чалавек.

У Першую сусветную ў Мінску   пачаў фар-міравацца другі пасля Вільні цэнтр беларускай нацыянальнай дзейнасці. Так, летам 1915 г. тут адчынілася Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое аб’ядноўвала 50 чалавек.  Яно арганізоўвала для бежанцаў начныя прытулкі, платныя і бясплатныя сталоўкі, дапамагала ў працаўладкаванні. Усе супрацоўнікі таварыства  на чале з адвакатам В. Чаусавым харчаваліся ў платнай сталоўцы, што месцілася каля Чырвонага касцёла і атрымала назву “Беларуская хатка”. Сюды часта наведваліся беларускія пісьменнікі Змітрок Бядуля, Ш. Ядвігін, Альберт Паўловіч, Язэп Фарботка, Фабіян Шантыр, Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая), тэатральныя дзеячы Уладзіслаў Галубок, Усевалад Фальскі, архітэктар Лявон Дубейкаўскі. Тут з  вершамі выступаў Максім Багдановіч, які прыехаў у Мінск увосень 1916 года.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог, краязнаўца.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.