З творчым натхненнем

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Узорны ансамбль «Аношкаўскія музыкі» (кіраўнік Аляксей Андросік — другі злева на заднім плане).

Узорны ансамбль «Аношкаўскія музыкі» (кіраўнік Аляксей Андросік — другі злева на заднім плане).

Напярэдадні прафесійнага  свята — Дня работнікаў  культуры — мы раскажам  вам пра некаторыя творчыя калектывы Нясвіжчыны.

З мэтай прапаганды дзейнасці аматарскіх калектываў са званнем “народны” і “ўзорны”, павышэння выканальніцкага ўзроўню, актывізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці, адпаведнасці іх прафесійнага майстэрства ганароваму найменню, а таксама з мэтай падтрымкі, развіцця і папулярызацыі народнай творчасці ў раённым цэнтры культуры ладзяцца справаздачныя канцэрты, тэатральна-відовішчныя прадстаўленні. Адным з іх і стала канцэртная праграма “Пяю табе, мой родны край”, якая праходзіла ў рамках справаздачных канцэртаў калектываў аматарскай творчасці Нясвіжскага раёна, якія маюць званне “народны” і “ўзорны”.

У нашым раёне на пачатак гэтага года налічвалася 20 такіх  калектываў. У канцы 2013 года званне “народны” было нададзена тэатру мініяцюр “Люстэрка жыцця” Грыцкевіцкага СДК (кіраўнік Людміла Гадун), тэатральнай студыі “САМІ” Сноўскага СЦК і А (кіраўнік Аляксей Дунчанка), эстраднаму аркестру РЦК (кіраўнік Аляксандр Добыш), танцавальнаму калектыву “Узорыца” ДК цукровага камбіната (кіраўнік Наталля Сабіч).

У канцэрце прынялі ўдзел 8 калектываў, усе атрымалі станоўчае заключэнне раённай камісіі.

Канцэртная праграма пачалася з выступлення калектыву, які з’яўляецца адным з самых старэйшых у вобласці — Лявонавіцкага народнага хору. За 85 гадоў яго існавання змянілася шмат кіраўнікоў і акампаніятараў. На працягу апошніх 6 гадоў творчы працэс у калектыве ішоў пад наглядам здольных, прафесійна моцных спецыялістаў — кіраўніка Іны Філіпавай і канцэртмайстра Леаніда Шышко (на фота 1 — ён са змешаным калектывам выканаўцаў). Дзякуючы іх намаганням і высокаму прафесіяналізму ў аранжыроўках музычных твораў, у падборы рэпертуару, хор прадэманстраваў высокі ўзровень выканання. Беларускія народныя песні “Ой, сад, вінаград”, “Ляцеў воран” прагучалі цікава і з асаблівым натхненнем.

Фото 1

Фота 1

Гэта было апошняе выступленне хору пад кіраўніцтвам Іны Філіпавай. На сённяшні дзень калектыў працягвае свой творчы шлях з новым кіраўніком — Любоўю Сакалюк. А Іна Філіпава свае творчыя здольнасці вырашыла праявіць, арганізаваўшы на базе раённага цэнтра народнай творчасці новы, цікавы ансамбль песні “Згода” (фота 4, іна Філіпава — злева). У канцы мінулага года за высокі прафесійны ўзровень калектыў таксама атрымаў званне “народны”. Рознажанравасць твораў, шматгалоссе, багаты рэпертуар ансамбля зараз радуюць гледача на самых розных мерапрыемствах — святочных канцэртах, народных святах, кірмашах.

Фото 2

Фота 2

Дарэчы, 11 кастрычніка ансамбль песні “Згода” прадставіць наш раён на абласным фестывалі “Напеў зямлі маёй” у Мар’інай Горцы.

Тры інструментальныя калектывы маюць званне “народны” — ансамбль “Нясвіжскія лыжкары” Нясвіжскага каледжа (кіраўнік Уладзімір Сухавей), ансамбль музыкі і песні “Зараніца” Нясвіжскай ДШМ (кіраўнік Леанід Шышко), ВІА “Нясвіж” РЦК (кіраўнік Таццяна Казлова). Ансамбль гарманістаў “Аношкаўскія музыкі” Аношкаўскай ДШМ (кіраўнік Аляксей Андросік) — званне ўзорны.

У справаздачным канцэрце прынялі ўдзел ансамблі лыжкароў (фота 2) і “Зараніца”. Гэтыя калектывы, якімі таксама кіруюць сапраўдныя майстры сваёй справы, дэманструюць высокае выканальніцкае майстэрства, непаўторны стыль. Яны — актыўныя ўдзельнікі шматлікіх культурных мерапрыемстваў рознага ўзроўню не толькі на сцэнічных пляцоўках нашага раёна і вобласці, але і замежных краін — Германіі, Польшчы, Эстоніі, Украіны, Літвы.

Гэтымі калектывамі неаднаразова званні “народны” і “ўзорны”  пацвярджаліся аўтаматычна, што гаворыць пра высокі ўзровень выканання.

Яскравым упрыгожаннем канцэрта стала выступленне вакальна-інструментальнага ансамбля “Старыя прыяцелі” пад кіраўніцтвам Леаніда Шышко. Ён не так даўно быў створаны пры Нясвіжскім упраўленні магістральных газаправодаў. “Рыо-Рыта” і “Стомленае сонца” ў яго выканні разам з харэаграфічнай замалёўкай Кацярыны Лабазы (фота 3) выклікала сапраўдныя авацыі гледачоў.

Фото 3

Фота 3

Даўно і паспяхова прымаюць        удзел у культурным жыцці раёна і за яго межамі народныя калектывы пад кіраўніцтвам Тамары Прыгун — ансамбль песні і танца “Вяночак”, ансамблі песні “Акцэнт” Сноўскага СЦК і “Ліра” Нясвіжскай ЦРБ. Тамара Міхайлаўна шмат намаганняў прыкладае для адраджэння народнага песеннага жанру, а творчая суполка з яшчэ адной таленавітай асобай — Эдуардам Чарняўскім — дала магчымасць ансамблю “Вяночак” стаць сапраўднай візітнай карткай нашага раёна. За ўдзел у абласных  і рэспуб-ліканскіх святах і конкурсах калектывы пад кіраўніцтвам Тамары Прыгун неаднаразова аўтаматычна атрымлівалі пацвярджэнне свайго высокага звання. Як кіраўнік яна пастаянна займаецца пошукам таленавітых людзей, стварае новыя калектывы аматарскай творчасці.

Фота 4

Фота 4

Асабліва трэба адзначыць народны ансамбль песні “Лянок” Аношкаўскага СДК, які сёлета адзначае сваё 30-годдзе. Увесь гэты час ён існаваў пад нязменным кіраўніцтвам Віктара Высоцкага, разам з якім калектыў даваў больш за 30 канцэртаў і выступленняў у год. Рэпертуарная накіраванасць ансамбля на народную песню вытрымлівалася на працягу ўсяго яго творчага жыцця, а салісты Ядзвіга Брытвіч і Валянціна Шарапа ўносілі і ўносяць у яго дзейнасць непаўторную творчую атмасферу. У жніўні Віктар Высоцкі перадаў сваю кіраўнічую эстафету маладому спецыялісту Вікторыі Карачун, выпускніцы Мінскага каледжа мастацтваў.

У канцы лістапада мы ізноў атрымаем радасць спаткання з мастацкай творчасцю, убачым вынікі працы калектываў за другое паўгоддзе гэтага года. Удзел у другім справаздачным аглядзе калектываў са званнямі “народны” і “ўзорны” прымуць тыя, хто атрымаў іх год таму.

Ганна ВІННІЧАК, мастацкі кіраўнік РЦК.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

 

 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.