Ад родных ніў, ад роднай хаты

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Изображение 165

Пераможцам у раённым спаборніцтве камбайнераў Нясвіжчыны  на жніве-2014 прызнаны Іван Касцюкевіч з СВК “Агракамбінат Сноў”. Ён намалаціў 2211,3 умоўнай тоны збожжа.

Трынаццаць жніўных сезонаў адпрацаваў Іван  Канстанцінавіч на сваім Лексіёне-480. Як атрымаў яго новенькім у 2002 годзе, так і  служыць дагэтуль машына верай і  праўдай — а можа, гэта камбайнер служыць ёй, ва ўсякім разе, іх тандэм прыносіць  добры плён. Іван Канстанцінавіч Касцюкевіч неаднойчы выходзіў у лік прызёраў у раёне. Летась, напрыклад, быў на трэцім месцы, сёлета заняў першае. Тройчы ездзіў на рэспубліканскія  дажынкі.

Кожную восень у Івана Канстанцінавіча   яшчэ адно жніво — уборка кукурузы на зерне. У апошнія гады, кажа, калі пачаткі лепей  выспяваюць, малаціць іх стала  лягчэй. А раней даводзілася  шмат важдацца — вільготнае зерне забівала  рабочыя органы камбайна, і час ад часу  трэба было спыняцца,  вычышчаць грохат і рэшаты.

Хлебаробскай справе, працы на зямлі Іван, вясковы хлопец з Тарэек, быў навучаны з маленства. У час летніх школьных канікулаў хадзіў з такімі ж  падлеткамі сушыць калгаснае сена, “узброіўшыся” граблямі ці віламі. Разам з сёстрамі дапамагаў маці палоць і ўбіраць  адмераныя “дзялкі” буракоў, рваць і абіваць лён. Пасвіў кароў, калі прыходзіла ў вёсцы іх чарга. Усё выконваў старанна. Ды і не да твару было яму, сыну брыгадзіра паляводчай брыгады,  працаваць абы як. Такім жа рупным ён застаўся, калі вырас.

Заканчваючы Сноўскую сярэднюю  школу, юнак адначасова атрымаў вадзіцельскія правы ў Сноўскім вучэбна-вытворчым камбінаце. Да прызыву ў армію папрацаваў у калгасе — слесарам у аўтагаражы.

Служыў Касцюкевіч пад Ленінградам, у Гатчыне, у войсках урадавай сувязі. Гэта было  і ганарова, і адказна. Але ж пачуцця адказнасці юнаку было не пазычаць. І малады  вадзіцель цвёрда трымаўся за руль.

Пасля дэмабілізацыі ў 1982 годзе ён спачатку думаў паехаць  на Мінскі аўтамабільны завод. Але тут сваё цвёрдае слова сказаў тадышні кіраўнік  гаспадаркі Герой Сацыялістычнай  Працы Якаў Васільевіч Аляксанкін. Ён прапанаваў добра падумаць… Бо ведаў: маладыя людзі патрэбны і ў калгасе. І Іван Касцюкевіч  застаўся на роднай Сноўшчыне. Даверылі яму легкавы  аўтамабіль. Даручалі і іншыя работы:  напрыклад, у гарачы час веснавой пасяўной — высыпаць з мяшкоў насенне  збожжавых у сеялкі, бульбы — у саджалкі (у 80-х гадах яшчэ шмат чаго выконвалася ўручную). Вывучыўся Іван Касцюкевіч і на  механізатара, што аказалася потым вельмі  дарэчы: у час нарыхтоўкі  кармоў садзіўся на “Ягуар”, у час жніва — на збожжаўборачны камбайн.

У іншы час яго работа — кіраваць аўтамашынай. Праз рукі першакласнага вадзіцеля прайшлі розныя  маркі: ГАЗ, ЗІЛ, МАЗ, КамАЗ. Цяпер водзіць аўтобус ПАЗ, дастаўляе  людзей на работу, з работы. Калі працуе ў першую  змену, то ў 4 гадзіны раніцы ўжо ў дарозе: даярак, птушніц трэба даставіць да фермаў, грузчыкаў — да мясакамбіната. Другую змену заканчвае а палове дзявятай вечара. Жывуць работнікі СВК “Агракамбінат Сноў” у розных вёсках, нават у Грыцкевічах і Аношках суседніх гаспадарак. Таму вадзіцелю трэба быць дакладным, каб захаваць графік руху аўтобуса і не парушыць рабочы распарадак на розных вытворчых участках агракамбіната.

Збожжавы камбайн даўно пастаўлены на зімовае захоўванне, своечасова складзена дэфектная ведамасць, каб усе запчасткі да пачатку  рамонту былі закуплены. Прыйдзе вясна — і Іван Канстанцінавіч адрамантуе свой  стэпавы карабель, каб зноў выйсці на збожжавую ніву.

— Колькі гадоў убіраю збажыну, а кожны раз выходжу ў поле з асаблівым пачуццём радасці, прыўзнятасці ў душы, — гаворыць Іван Касцюкевіч.

На здымку: Іван Касцюкевіч на ўрачыстым шэсці падчас раённых дажынак.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.