Меню
Курс $  3.26 | €  3.56 | ₽100  3.55 |
Погода 2 °C

Школа Тартоўскага

Нясвіжскія навіны 10 месяцев назад 0 0

Пра Івана Паўлавіча Тартоўскага можна ўзгадваць у розных яго іпастасях. Як удзельніка Вялікай Айчынай вайны: яго разам з бацькам мабілізавалі на фронт адразу пасля вызвалення Беларусі, у ліпені 1944 года, біў фашыстаў у Венгрыі, праслужыў у Чырвонай Арміі да кастрычніка 1950 года, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалём “За баявыя заслугі” і іншымі. Як жыхара Нясвіжа ў год 800-годдзя нашага горада: заслужаны дзеяч культуры Беларусі, ён сваёй працай, грамадскай работай унёс значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Нясвіжчыны. І ў сувязі з нашым прафесійным святам, Днём друку, які адзначаем 5 мая: Іван Паўлавіч з 1951 па 1988 год працаваў у Нясвіжскай раённай газеце “Чырвоны сцяг” — адказным сакратаром, намеснікам рэдактара, рэдактарам. Узначальваў выданне цэлых 27 гадоў. Чалавек з цікавай, багатай біяграфіяй, яскравы прыклад таго, як просты сялянскі хлопец, сын батракоў, самастойна пракладваў сваю жыццёвую дарогу.



Іван Паўлавіч так апавядаў пра тое, як ён прыйшоў у журналістыку: “Жаданне штосьці напісаць у газету, шчыра кажучы, з’явілася ў мяне яшчэ ў школьныя гады. Але ў поўную сілу загаварыць удалося многа пазней. Прычына таму — вайна. Яна пераблытала ўсе мары, надзеі… Адразу пасля дэмабілізацыі працаваў статыстам у райкаме партыі. З першых дзён студзеня 1951 года быў накіраваны на работу ў раённую газету “Чырвоны сцяг”. Пасада — адказны сакратар…”. Адказны сакратар — гэта спецыяліст, які стварае эскіз, план газетных палос, афармленне, кіруе вёрсткай газеты. І ад яго ведання справы, крэатыўнасці залежыць, твар газеты, яе адмет- насць, канчатковы выгляд друкаванага выдання.
Журналісцкую адукацыю Іван Тартоўскі атрымаў у Вышэйшай партыйнай школе. Яе апошні курс заканчваў ужо завочна, і ў канцы 1961 года вярнуўся ў свой калектыў рэдактарам. Ніякіх кадравых перастановак не рабіў, а вось патрабаванні ў рэдакцыі сталі больш цвёрдымі. Журналістка Тамара Ярмоленка ўспамінала пра тыя гады: “Мы пачалі шукаць выйсце, каб падпісваць газету ў друк не пазней канца рабочага дня. Выезды на раён былі амаль штодзённымі. Вельмі хутка рэдактар падхопліваў нашу ініцыятыву і тут жа гаварыў: “Праявіў — выконвай”. І не адступаў, пакуль гатовыя матэрыялы не былі пакладзены на яго стол. Ён усе іх чытаў, візіраваў і таму мог сачыць, як і над чым хто працуе. І патрабаваў: адпісаўся — калі ласка, зноў у дарогу. Дысцыпліна ў нас панавала строгая. Іван Паўлавіч добра ведаў, хто з яго супрацоўнікаў на што здатны, дапамагаў ім парадай, а калі было патрэбна — вяртаў тэксты на дапрацоўку”.
Такая вось школа Тартоўскага была вядома на ўсю вобласць. І некаторыя яе супрацоўнікі, атрымаўшы фундаментальныя навыкі, узначальвалі потым рэдакцыйныя калектывы “раёнак” Міншчыны. Асабіста я вельмі ўдзячна Івану Паўлавічу за тое, што таксама прайшла яго школу раённага газетчыка. Ён не баяўся браць маладых, нявопытных (школа юнкораў пры рэдакцыі — гэта так мала), без спецыяльнай журналісцкай адукацыі. Вучыў. Кантраляваў. Падказваў. Крытыкаваў. Хваліў… Усякае было. Дыпломы журфака Бялдзяржуніверсітэта ў нас з’яўляліся пазней, а ўжо былі навыкі практычнай дзейнасці, свой стыль, свой аўтарскі актыў.
Мы ганарыліся газетай, якую выпускаў рэдактар Іван Паўлавіч Тартоўскі. На абласным і рэспубліканскім узроўні яе хвалілі за ўзняцце надзённых пытанняў, за паліграфічнае афармленне, за работу аддзела пісьмаў і масавую дзейнасць. Яна была ўзнагаро- джана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, прэміяй імя Марыі Ільінічны Ульянавай. Іван Паўлавіч заўсёды падкрэсліваў: “Не трэба забываць, што ўсё, да чаго імкнецца рэдакцыйны калектыў, робіцца ў першую чаргу для масавага чытача. Так было і так ёсць. Аснова асноў нашай работы — пашыраць тэматыку публікацый”.
Прыклад Івана Паўлавіча заўсёды быў перад вачыма, і мы, ужо без яго, стараліся адпавядаць той высокай планцы, да якой ён узняў Нясвіжскую “раёнку”. Калі аблвыканкам ці міністэрства аб’яўлялі чарговы творчы конкурс, то мы ставілі сабе задачу выйсці ў пераможцы ці прызёры. І абавязкова калектыў атрымаліваў дыпломы, граматы, падарункі.
Рэдактар газеты з’яўляўся членам бюро райкама партыі, дэпутатам райсавета. Яму даводзілася вырашаць шмат розных пытанняў на грамадскіх пачатках. Іван Паўлавіч і сам шмат пісаў у газету. Героямі яго замалёвак былі механізатары, вадзіцелі, звеннявыя, брыгадзіры, кіраўнікі… Такія ж нястомныя працаўнікі, як і ён сам.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
рэдактар Нясвіжскай раённай газеты ў 1995 — 2001 гадах.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!