Вострае пяро Паўла Руткоўскага

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_1426

Чытаючы раённую газету за  1954 год, я адкрыла для сябе  невядомага мне дагэтуль аўтара П. Руткоўскага. Ён расказваў  пра добрую работу магазінаў у вёсках Кіркаўшчына і Лявонавічы, аб справах рыбаводаў і птушніц рыбгаса “Альба”, аб належным доглядзе  пасеваў цукровых буракоў у сельгасарцелі імя Чэрняхоўскага.

Шмат было ў П. Руткоўскага публікацый крытычнага характару. Так, наведаўшы калгас “Запаветы Леніна”, ён пераканаўся, што там не праполаны пасевы льну,  і выступіў з крытычнай заметкай. Былі і іншыя публікацыі такога кшталту: у калгасе імя Шверніка дрэнна даглядаюць пасевы буракоў, у калгасе імя Кутузава пустазеллем зарасла кукуруза і г.д.

Было бачна, што ў асобе гэтага чалавека газета мае энергічнага, граматнага аўтара, з вострым творчым пяром. Пагартаўшы архіўныя паперы рэдакцыі, выявіла, хто ж такі гэты загадкавы П. Руткоўскі.

Павел Пятровіч Руткоўскі нарадзіўся ў 1929 годзе  ў вёсцы Еськавічы ў сям’і селяніна-бедняка. Вучыўся ў школе, дапамагаў  бацькам па гаспадарцы.

Пасля вызвалення раёна ад фашысцкай акупацыі ў 1944 годзе паступіў у Нясвіжскае педагагічнае вучылішча, якое закончыў у 1947 годзе. На работу накіравалі ў Баранавіцкі раён, загадваць пачатковай школай. Праз два гады вярнуўся на Нясвіжчыну. Паўлу Пятровічу даручылі ўзначальваць  Хвоеўскую пачатковую школу.

Падчас службы ў радах  Савецкай Арміі П. Руткоўскі ўступіў  у камсамол, па накіраванні камсамольскага бюро часці  закончыў дывізіённую партыйную школу  пры в/ч 16716.

Дэмабілізаваўшыся ў лютым 1954 года, прыйшоў на работу ў рэдакцыю раённай газеты “Чырвоны сцяг”. Яго прынялі карэктарам. А ў канцы таго ж года павысілі да літработніка. У 1956-м П.П. Руткоўскі ўступіў у рады КПСС. Ён завочна паступіў на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта.

Як сведчыць службовая характарыстыка Паўла Пятровіча, якую я адшукала ў рэдакцыйным архіве,  быў ён палітычна граматным, працалюбівым, ініцыятыўным, энергічным, значную ўвагу ўдзяляў рабоце над сабой. Прыкметна вырас як журналіст. У выніку Мінскі  абкам КПБ у 1958 годзе накіраваў яго ў Дзяржынскую раённую газету “Ленінская  праўда” на пасаду загадчыка аддзела пісьмаў.

Пра далейшы лёс Паўла Руткоўскага можна даведацца з кнігі “Памяць. Нясвіжскі раён”.

У Дзяржынску ішоў далейшы кар’ерны рост нашага земляка: работа ў раённым камітэце партыі, пасада загадчыка аддзела культуры райвыканкама.

Журфак Павел Руткоўскі закончыў у 1960 годзе. Праз чатыры гады — Мінскую вышэйшую партыйную школу. У 1964-85 гадах ён служыў у Міністэрстве  ўнутраных спраў беларусі на розных пасадах, у тым ліку — з 1977 па 1985 год — намеснікам начальніка ўпраўлення кадраў МУС рэспублікі. Палкоўнік. Заслужаны работнік Міністэрства ўнутраных спраў СССР. Ветэран працы. Член Саюза журналістаў Беларусі.

На жаль, Павел Пятровіч рана пайшоў з жыцця, у 59 гадоў.

Але на зямлі ён пакінуў адметны след, у тым ліку і ў гісторыі нашай раённай газеты.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.