Яго жыццё — служэнне дзецям

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Уладзімір Сцяпанавіч  Ліпскі

Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі

1 жніўня 1964 года ў штат рэдакцыі газеты “Чырвоны сцяг” на пасаду загадчыка аддзела прапаганды і масавай работы быў залічаны Уладзімір Ліпскі.

Дагэтуль, пасля заканчэння Мінскага тэхнікума харчовай прамысловасці, ён працаваў слесарам, брыгадзірам вакуум-фільтраў, інжынерам па рацыяналізацыі  і тэхінфармацыі, зменным  інжынерам Гарадзейскага цукровага завода. У 1962-63 гадах узначальваў заводскі прафсаюзны камітэт. У 1960 годзе паступіў завочна ў Беларускі дзяржаўны  ўніверсітэт на спецыяльнасць “журналістыка”.

У жніўні 1967 года Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага выбралі першым сакратаром Нясвіжскага райкама камсамола. Ён развітаўся з калектывам “Чырвонага сцяга”,  але застаўся добрым сябрам “раёнкі”.

 

Прайшло 50 гадоў…

У жніўні 2014 года ля гарадскога фантана ў Нясвіжы супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі наладзілі цікавае мерапрыемства  “Я з кнігай адкрываю свет”. Праводзілася яно ў рамках рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай”.

Госцем дзяцей у гэты дзень быў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі — аўтар шасцідзесяці буйных выданняў, якія перакла-дзены на некалькі моў свету: рускую, нямецкую, літоўскую, украінскую. Ён гутарыў з рабятамі, расказваў пра сваю творчасць і выдавецкую дзейнасць, дарыў кніжкі і паціскаў  маленькія далонькі, якія яму,  са шчырай усмешкай на тварах, працягвалі дзеці.

…Так заўсёды было ў жыцці гэтага чалавека. Ужо некалькі дзесяці-годдзяў Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі “бярэ” маленькага цікаўнага чытача за руку і вядзе яго ў свет твораў, дзе расказваецца пра краіны цудаў, пра маленькіх гарэз, пра родную Беларусь і пра яе людзей, “мудрых ад неба і багатых ад зямлі”.

Ці можна назваць Уладзіміра Сцяпанавіча госцем Нясвіжа? Так. Але толькі для маленькіх. Старэйшае пакаленне памятае яго яшчэ юнаком, які пачынаў свае першыя самастойныя крокі ў жыцці на Гарадзейскім цукровым заводзе пасля заканчэння Мінскага тэхнікума харчовай  прамысловасці.

— Нясвіж — гэта мая другая ра-дзіма, — расказвае Уладзімір Сцяпанавіч. — Тут я атрымаў сваю першую зарплату на Гарадзейскім  цукровым заводзе. Тут я жаніўся. Тут нарадзіўся сын Ігар. Некаторы час я ездзіў на працу ў Нясвіж — у рэдакцыю раённай газеты “Чырвоны сцяг”. З удзячнасцю ўспамінаю Івана Паўлавіча Тартоўскага, Тамару Пятроўну Ярмоленку… А пасля працаваў першым сакратаром райкома камсамола. Я вельмі даражу сваёй кніжачкай “Райкомаўскія будні”, у аснову якой леглі мае дзённікі, якія тады пачаў пісаць. Працаваць было цікава, і таму ўсё адгукнулася ў творчасці. Пайшла на карысць і праца ў раённай газеце…

А ў райкоме камсамола нават начаваў. Графік работы быў складзены так. Задумаў тады пабываць ва  ўсіх пярвічных арганізацыях, наведаць сваіх камсамольцаў. І не толькі для таго, каб  узносы праверыць, а паглядзець, як яны жывуць. Усё гэта пазней знайшло адбітак у творах.

Пісьменнік у час сустрэчы з маленькімі несвіжанамі.  Жнівень 2014 года

Пісьменнік у час сустрэчы з маленькімі несвіжанамі.
Жнівень 2014 года

Усім жадаючым несвіжанам Уладзімір Ліпскі дарыў свой аўтограф

Усім жадаючым несвіжанам Уладзімір Ліпскі дарыў свой аўтограф

У Нясвіжы нарадзілася і мая першая дзіцячая кніжка — “Рыгоркавы прыгоды”. Вельмі для мяне дарагая. Выйшла  яна вялікім тыражом…

Неяк я паказаў свой дзённічак Паўлюку Пранузу, які быў у мяне ў гасцях.

— Чаму, Валодзя, трымаеш? Трэба апавяданні напісаць, — пачуў я ад яго. Так Паўлюк Прануза натхніў мяне на літаратурную дзейнасць. Калі я свае  першыя апавяданні чытаў Васілю Вітку, то аж узмакрэў. Тады я, вядома, не ўяўляў, што магу быць галоўным рэдактарам “Вясёлкі”. Гэта было такое святое…

Рэдакцыю часопіса “Вясёлка” Уладзімір Сцяпанавіч узначальвае ўжо доўгія гады. Папярэднічалі гэтаму многія важкія прыступкі ў яго жыцці. Працаваў адказным сакратаром у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, значны ўклад унёс у асвятленне дзейнасці гэтай арганізацыі на старонках  рэспубліканскага друку. Вельмі многа часу аддаваў грамадскай дзейнасці, а стаўшы кіраўніком Беларускага дзіцячага  фонду, кожны свой дзень прысвячае дзецям і, вядома, працягвае тварыць.

— Дзіцё і кніга — гэта неад’емныя часткі, — зазначае У.С. Ліпскі. — Без кнігі хіба можна выхаваць мускулы душы? Нельга. Я ў гэтым глыбока перакананы, як бы ні развіваліся тэхніка, інтэрнэт. Кніжку бярэш у рукі — і не патрэбна ніякая другая энергія, якая ідзе па правадах, бо з кніжкай наталяешся чытвом пад звычайнай — сонечнай, Божай энергіяй.

Мне іншы раз здаецца, што з кніжкі можна ў руку ўзяць слоўца, яго па-трымаць і вярнуць назад…

Я рад у чарговы раз наведаць Нясвіж. Гэта ж месца, дзе друкаваліся першыя кніжкі!

IMG_1488

У нечым і мы першыя. Па сутнасці, з “Вясёлкай” нарадзілася і літаратура для маленькіх. Пачынаў Васіль Вітка, пасля — Еўдакія Лось, Толя Грачанікаў. Я — чацвёрты рэдактар часопіса.

Цяпер мы працуем над  новым праектам сумесна з выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне”. Ствараецца “Бібліятэка “Вясёлкі”, куды ўвойдзе ўсё лепшае, што друкавалася на працягу дзесяцігоддзяў.

Першыя кніжкі новага праекта Уладзімір Сцяпанавіч прывёз на дзіцячае свята кнігі ў Нясвіж. На пытанне, чым яны заманьваюць чытача, майстар слова адказаў звычайным прыкладам з жыцця:

— Да стэлажа падыходзяць бабуля з унучкай і  бяруць кнігу з творамі Эдзі Агняцвет (100-годдзе з дня нараджэння якой  мы нядаўна адзначылі). Класік дзіцячай літаратуры. Яе вершы афармлялі 27 мастакоў…

— Чую вокліч бабулі: “Ой, унучачка, гэта ж малюнкі майго дзяцінства!”

Атрымліваецца так, што серыя новых кніг звязвае пакаленні. Таму хацелася б, каб кнігі  “Бібліятэкі “Вясёлкі” былі ў кожнай хаце, дзе ёсць дзеці, і ў бібліятэках. Бо вучаць яны добраму — любові да бацькі, да маці, да садка і гэтак далей.

Чаму Уладзімір Сцяпанавіч так прыкіпеў да клопату пра дзяцей?

Праца ў Дзіцячым фондзе дала магчымасць дакрануцца да самых розных  лёсаў маленькіх беларусаў — часам настолькі складаных, што хацелася зрабіць усё магчымае, каб толькі вочы дзіцяці засвяціліся на-дзеяй.

А яшчэ таму, што…

— Я ўсё жыццё з дзецьмі. Свайго дзяцінства ў мяне не было, — расказвае У.С. Ліпскі. — Вайна. Спалілі хату. Жылі ў лесе, у зямлянках. Сёння  не ўяўляю, як гэта было. Чым маці нас карміла?

1943 год. Канец лета, восень, зіма — у лесе. Цяжка ўявіць сёння…

Сёння… А сёння ў галоўнага рэдактара часопіса для дзяцей “Вясёлка” распісана па гадзінах. Ён кожны дзень — у вандроўках.

— У гэтым годзе я аб’ехаў амаль усю Беларусь, — дзеліцца Уладзімір Сцяпанавіч. Люблю ездзіць, сустракацца з дзецьмі, бо ў гэтых сустрэчах набываеш вопыт,  нешта новае.

“Уладзімір Ліпскі добра вядомы чытачу як дзіцячы пісьменнік, палымяны, востры публіцыст, настойлівы краязнаўца і гісторык. Як толькі выпадае некалькі вольных дзён, любіць падарожнічаць па сваёй краіне, каб не толькі  ўзнавіць памяткі свайго радаводнага дрэва, але эмацыянальна і вобразна  расказаць пра самыя розныя мясціны Беларусі. Чытаеш яго эсэ, нарысы, дакументальныя аповесці — і атрымліваеш выключную асалоду ад сустрэчы з тым ці іншым невядомым куточкам Бацькаўшчыны, яе людзьмі”, — піша пра Уладзіміра Ліпскага  беларускі краязнаўца, літаратуразнаўца, журналіст Алесь Карлюкевіч. А ў за-ключэнне ён выказвае  спадзяванне: “А мо Уладзімір Сцяпанавіч дапаможа прайсціся па ўсёй Беларусі, падкажа, на што, на якія гістарычныя памяткі Айчыны звярнуць увагу, дзе спыніцца і да якога клопату душой  і сэрцам прыгарнуцца…”

І сапраўды, вялікага сэрца беларускага пісьменніка сёння хапае на ўсё: дапамагаць дзецям Беларусі і штодзень радаваць іх сваёй творчасцю, захапляцца гісторыяй роднага краю, саграваць цяплом сваіх блізкіх і адначасова крочыць прыступкамі гісторыі краіны.

— Нядаўна я прывёз усю сваю сям’ю на Нясвіжчыну, — расказвае Уладзімір Сцяпанавіч. — Паказаў Гарадзею, цукровы камбінат, рэчку Ушу. Пабывалі і ў Нясвіжскім замку. Нясвіж жыве. Сёння ён зусім іншы. Ажылі цагляныя і драўляныя сядзібы. З’явіліся новыя кварталы. А замак — гэта скарбніца свету, цуд.

Цяпер я працую над цікавым творам. У мяне даволі багатая архіўная літаратура. Я сабраў дзённікі Марыі Мнішак. Аказалася, калі яна ехала ў Маскву на вянчанне (а шлях яе праходзіў па Беларусі), спынялася на начлег у замку Радзівілаў. Уяўляеце, маладая шляхцянка ехала на царства…

Такія факты! Я па-іншаму цяпер пазіраю на гэты замак і на Нясвіж, — гаворыць ў захапленні мой суразмоўца і працягвае: — Лічу, што ўсім несвіжанам трэба па-новаму адкрыць для сябе замак, азёры, кожнае дрэва, камень і сцяжынку. Бо гэта тычыцца ўсіх нас, усёй Беларусі.

Мы едзем шукаць прыгоды ў іншых краінах. А ў нас свая, вялікая гісторыя, вялікая духоўная крынічка. Адсюль пайшлі многія вядомыя людзі, у нас многа легенд.

Мы ў вялікім даўгу перад нашымі дзецьмі. Задача журналістаў, пісьменнікаў, навукоўцаў: адкрыць нашу зямлю — прыгожую Беларусь — для іх. Гэтым клопатам я заняты. Адчуў востра праблему, акрамя казак пачаў пісаць дзецям пра гісторыю, розныя мясціны, і атрымалася кніжка “Я тут жыву” (дзецям — пра Беларусь, з картамі абласцей, з гербамі і дамашнімі заданнямі).

Шмат яшчэ можна было б расказваць пра жыццё і творчасць Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага — пісьменніка, які нарадзіўся на Палессі, а зрадніўся з  Нясвіжчынай і яе людзьмі. І сёння мы можам толькі ганарыцца, што чалавек, які мае  шэраг дзяржаўных узнагарод: з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь і Міжнароднай асацыяцыі Дзіцячых фондаў, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны і Ганаровым  знакам “Выдатнік асветы” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама хрустальным кубкам “Гордасць нацыі” беларускага тэлевізійнага канала АНТ, пачынаў сваё дарослае жыццё тут, на Нясвіжчыне…

“Нясвіжскія навіны” працягнуць тэму жыцця і творчасці У.С. Ліпскага. Верыцца, што ўсе задумы гэтага пісьменніка ажыццявяцца, і ён падорыць чытачу яшчэ шмат цікавага, а школьнікі, як і цяпер, на старонках падручнікаў будуць і далей знаёміцца з чалавекам, які свой лёс звязаў з самым  дарагім, што ёсць у свеце — дзецьмі.

Закончыць гэты артыкул хочацца зваротам Уладзіміра Сцяпанавіча да ўсіх нас:

— Сябры мае! Давайце ўсвядомім, што мы жывём у зямным раі. Давайце зробім усё, каб жыць па-сяброўску, жыць у згодзе, цаніць кожны міг жыцця — і тады адкрыецца свет у нас і нашых дзяцей. Мы павінны па-добраму ганарыцца сваёй зямлёй, сваёй мовай, сваёй гісторыяй, мудрасцю.

Мы ніколі ні на кога не нападалі, але і да нас — не лезь…

Давайце і дзяцей так выхоўваць. Гэта і ёсць самы галоўны грамадзянскі дзяржаўны абавязак кожнага з нас, дзе б хто ні жыў і якую б пасаду ні займаў.

Давайце ўсё ўкладзём у душы нашых дзяцей — дабрыню, спагаду, жаданне быць удзячнымі старэйшым людзям, якія вядуць іх за ручку ў жыццё…

Іна ВАСІЛЕВІЧ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.