“Не ўкрадзі” — гэта значыць і не прысвой чужога

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

жданович

Як у кропельцы адбіваецца ўвесь акіян, так і ў адным учынку — душа беларуская. Летась увосень жыццё падарыла мне цікавы досвед. Пачалося ўсё на Дзяды ля могілак вёскі Гулічы, непадалёк ад Клецка: мы з сябрам наведвалі магілы продкаў. Хацеў зняць пейзаж, шукаў фотаапарат — і не аказалася ў аўто ні яго, ні рукзака з фотаархівам за пяць гадоў, усімі дакументамі, пашпартам, дыктафонам, смарт-фонам… Ні кашалька з грашыма.

Укралі? Згубіў?.. У немалым стрэсе шмат перабралася ў галаве з падзей дня, які згасаў. Паляцелі туды, дзе былі. Гандляры адзеннем на латках у Клецку — там набываў куртку — запэўнілі: у нас як што забудуць, то знойдуць — і абавязкова вернуць. Згадалі, як цётка праз паўгорада бегла за бабуляй, якая пакінула на прылаўку бананы… Абна-дзеілі, канешне, але ж мая згуба больш каштуе. Раптам спакусіцца чалавек? А можа злодзей прыгле-дзеў незамкнутую машыну?

Пайшлі ў міліцыю. Старшы лейтэнант Міхаіл Жданко прымаў заяву, гадзіны дзве ўсё афармляў. Казаў: у Клецку ніхто чужога не возьме, хіба з асацыяльных. Позна ўвечар ён мне пазваніў, сказаў, што ў мясцовую краму, дзе над уваходам ёсць відэа-камера, я зайшоў без рукзака. Уранні Міхаіл зга- няў у Нясвіж: там мы спыняліся ля гарадской ратушы: куплялі яблыкі ў “дзеда з двума зубамі”. Нічога не знайшоў…

…А вось і той самы дзед, пры Нясвіжскім рынку — са скрынкай яблык, качкай і… маім рукзаком, спакаваным у новенькі цэлафанавы пакет. Пра тое, што рукзак я ў спешцы забыў ля яго на прылаўку, у шэсць раніцы паведаміла ў Мінск па тэлефоне яго жонка — маёй. “Паглядзіце, каб усё на месцы было! — хвалюецца Іван Аляксандравіч. — Я ж да цямна чакаў: мо вернецеся? Панёс дадому. Вечарам і не адкрываў. Думаў: можа гаспадар з’явіцца? А раненька глядзімо з жонкай: мо адрас які ёсць? Потым бачу: квітанцыя, плацілі за дамашні тэлефон — па ім адразу і пазванілі, жанчына падняла трубку”. Ну а мая жонка і пераказала мне ў Яцкаўшчыну, дзе сустрэцца з дабрадзеем.

Згубіць ды знайсці — шчасце! Каля гандлярак з кропам, грушамі Іван Аляксандравіч выглядае дзіваком. Прапаную “купіць” у яго рукзак за дзве стотысячныя купюры — махае рукамі: многа! Дзелім суму пароўну, па-брацку. Кашалёк на месцы! Гатовы набыць у яго і качку, “што яшчэ ўчора бегала”, і яблыкі оптам. “Тут кілаграм 15 — па 5 тысяч забірайце”, — робіць скідку. “Значыць, з мяне сотня?” — падвышаю цану. “Ой, чалавек: лічыць не ўмее, рукзакі губіць…” — буркае суседка. Ды спадару Лобану чужога не трэба: не, кажа цвёрда, з вас 75. А зай-здрасць гандляркам! Просяць, і ў нас вазьміце што… Купляем пахкага кропу ды ідзём разам да машыны: хочацца бліжэй з добрым чалавекам пазнаёміцца.

Чаму не прысвоіў чужое? Здзіўляецца пытанню Іван Аляксандравіч: “Трэба ж па-людску жыць!” Ні я, ні вы — ніхто тут не вінаваты, з кожным такое можа здарыцца. Так разважаў несвіжанін, калі мы спакавалі рэчы, абмяняліся тэлефонамі: трэба ж будзе калі разам і за сталом пасядзець, як наканавана было вось так сустрэцца. Іван Аляксандравіч казаў, што і бацькі яго вучылі: чужое не прысвойвай, бо карысці ніколі не прынясе. Лепш падумай: а нехта ж згубіў, і яму вельмі шкада, як ён перажывае… Ахвота пажывіцца чужым адпадзе, калі сябе паставіш на яго месца.

Дазволю сабе адступленне. У адным з тэкстаў знайшоў развагу: калі па-сапраўднаму любіш — то гэта заўсёды намаганне душы, скіраванае ў бок іншага. Вось і ў свяце Уваскрэсення Хрыстова галоўнае слова і паняцце, стрыжань — любоў. Не да сябе, любімага, а да бліжніх. Менавіта іх, хто побач з намі, мудрыя людзі раяць палюбіць. Зразумець. Апраўдаць і тады, калі бліжні робіць нешта не так. Дзеля чаго? “Каб не страціць святое штосьці,” — адкажам радком з верша Рыгора Барадуліна.

Любіць — гэта і дараваць, і ўмець аддаваць, і нешта добрае зрабіць для іншага… Таму і кранаюць душу падобныя сітуацыі, што дапамагаюць “на ўласнай скуры” адчуць-засвоіць хрысціянскія ісціны. Дарэчы, Іван Лобан, які родам з вёскі Галаўцы, што каля Хвоева, 25 гадоў адпрацаваў вадзіцелем аўтобуса. Яго, казаў, увесь Нясвіжскі раён ведае. Па розных маршрутах ездзіў, у тым ліку і на Мінск. І ў аўтобусе знаходзіў рэчы: кашалькі, сумкі, курткі… То ва-дзіцелі ці ўборшчыцы аддавалі іх дыспетчару. А сам, кажа, і ў салон, бывала, стомлены дарогай, не заходзіў. Унук дабрадзея майго, Юры Карповіч, вучыцца “ў акадэміі ў Баранавічах на юрыста”. Дзед і ходзіць на рынак, каб студэнту капейчыну падкінуць: вучоба платная. Думаю, учынак дзеда будзе прыкладам хлопцу ў жыцці.

…Праз тыдзень мы з жонкай былі ў камандзіроўцы ў Цюмені ды расказалі суайчыннікам пра “выпадак з рукзаком” — як прыклад таго, што такое беларуская ментальнасць. Былі апладысменты. А пасля адзін чалавек цвяроза сказаў: навошта ж прыватны выпадак абагульняць? Маўляў, вам проста пашанцавала на добрага чалавека! Ну, тады, кажам, кожны і атрымлівае ў жыцці — чаго сам варты…

А нядаўна нам стала вядома: дворнік Ігар, якога ведаюць як стараннага і безадмоўнага працаўніка ў сталічным Доме прэсы, аддаў на пост міліцыі зной-дзены ім канверт з немалой сумай грошай. Згублены адной з журналістак. Як бачым, Іван Лобан — не адзін такі, хто чужога не прысвойвае, дапамагае іншым адчуць салодкі момант шчасця.

На здымку: Іван Лобан на Нясвіжскім рынку.

Іван ЖДАНОВІЧ, г. Мінск.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.