У свеце песні

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Изображение 356

Апошні месяц восені адыходзячага года адзначыўся яскравай падзеяй у культурным жыцці Нясвіжа — доўгачаканым канцэртам “Шансон-2”, які быў падрыхтаваны майстрамі музыкі і  песні нашага раёна. Ідэйным натхняльнікам і арганізатарам гэтай арыгінальнай музычнай імпрэзы, у якой вельмі гарманічна спалучыліся песня, інструментальная музыка і танец, стала добра вядомая ў нашым раёне і за яго межамі аўтар уласнай музыкі і песень, кіраўнік некалькіх музычных калектываў са званнем “народны” Тамара Міхайлаўна Прыгун (на фота справа).

Як занатавана ў гісторыі музыкі, слова “шансон” прыйшло да нас з Францыі  XV — XVI стагоддзяў і азначае не што іншае, як “песня, якая выконвалася ў некалькі галасоў”. У пачатку XVIІ стагоддзя яна была выцеснена больш простымі песенна-рамансавымі жанрамі і з канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя стала абазначаць французскую песню ва ўсіх яе гістарычных і жанравых разнавіднасцях. Цяпер пад словам “шансон” прынята разумець проста добрую, душэўную песню, якая кранае сэрцы слухачоў незалежна ад мовы, на якой выконваецца. Менавіта такія песні і былі прадстаўлены на канцэрце, які быў пабудаваны на музыцы сучасных кампазітараў рускамоўнай прасторы, сусветнай эстраднай і амерыканскай джазавай класіцы.

Изображение 392

За дзве з паловай гадзіны канцэрта гледачы ні на хвіліну не страчвалі ўвагі да сцэны дзякуючы артыстызму вядучых, якія ператварылі канцэртнае відовішча ў тэатралізаваную пастаноўку, поўную яскравых вобразаў і тонкага, трапнага гумару. Яна перанесла ўсіх прысутных у стылізаваную залу рэстарана, метрдатэль якога (Аляксей Дунчанка, ён жа — аўтар тэатральнай ідэі канцэрта) толькі і ведай, што імкнуўся дагадзіць важным і часцяком вельмі капрызным кліентам (Кацярыне Крыкала і Валянціне Штоп) пры дапамозе афіцыянткі (Алёны Вінаград). Пры гэтым трэба было яшчэ “не ўпасці тварам у гразь” перад рэстаранным крытыкам (Дзмітрыем Паўлоўскім), якога ўсе вельмі баяліся і да таго ж, не ведалі ў твар. Ім аказаўся самы запознены кліент рэстарана, на якога ўсе ўжо амаль што перасталі звяртаць увагу, аднак менавіта ён “выратаваў” рэстаран ад закрыцця.

Изображение 532

Сцэны з рэстараннага жыцця змянялі адна другую, і разам з імі на сцэне змяняліся выканаўцы, якіх нават не адразу можна было пазнаць у новых вобразах, — жаночая вакальная група “Снаўчанка” (частка народнага ансамбля песні “Вяночак”), мужчынскі народны ансамбль песні “Акцэнт”, народны ансамбль песні “Ліра” Нясвіжскай ЦРБ, эстрадны інструментальны ансамбль “Блюз” Сноўскага СЦК, дуэты Юліі Коўш і Алены Хрушч, Тамары і Уладзіміра Прыгун, салісты Ігар Гарбачоў, Сяргей Калеснікаў, Уладзімір Парэйка, Яўгенія Петручэня, Кірыл Хацяновіч (сола на гітары).

Танцавальнае абрамленне песенна-музычных нумароў было створана пры дапамозе вядучага спецыяліста па харэаграфіі РЦК Жанны Галавач і балетмайстра Веранікі Гурло, а таксама танцавальных калектываў пад іх кіраўніцтвам.

Дарэчы, у студзені плануецца яшчэ адзін паказ канцэрта “Шансон-2”, які пройдзе ў Сноўскім СЦК, а ў далейшай перспектыве — вечар раманса, на які аматараў добрай музыкі ізноў запросяць тамара Прыгун і яе сябры.

Чакаем новых сустрэч з таленавітымі выканаўцамі!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фото святланы ПОЛЬСКАЙ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.