“…У турыстаў няма граніц”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

DL4A7949

Да 29 снежня ў салоне-галерэі “Скарбніца” будзе працаваць традыцыйная справаздачная фотавыстава ўдзельнікаў турыстычнага клуба “Вандроўнік” пад назвай “Успаміны, якія грэюць”. На яе адкрыцці аўтары прадстаўленых здымкаў і звычайныя турысты, для якіх удзел у выставе яшчэ наперадзе, падзяліліся сваімі ўражаннямі і меркаваннямі аб фотаімпрэзе, што стала адной з самых цікавых культурных падзей адыходзячага года.

Алена Цымбарэвіч, кіраўнік турыстычнага клуба “Вандроўнік”, спецыяліст страхавой кампаніі “Прам-трансінвест”:

— Радуе, што работы маіх таварышаў па паходах з кожным годам становяцца ўсё больш глыбокімі, і ўсё часцей, гледзячы на іх, я ўзгадваю калісьці пачутую фразу: “Той, хто бачыць прыроду, бачыць Бога”. Яшчэ адзін прыемны момант — тое, што практычна штогод да вопытных аўтараў дадаюцца новыя ўдзельнікі. Так, сёлета, акрамя добра вядомага нашаму гледачу віцябчаніна  Аляксандра Спірыдонава, на нашу выставу прадставіў свае работы і яго зямляк Мікалай Белязнякоў. Чым падобныя яны на здымкі несвіжан і чым адрозніваюцца — меркаваць гледачам.

DL4A7940

 

Алесь Язвінскі, педагог:

— Турклуб “Вандроўнік” — арганізацыя адзінадумцаў, даволі вузкае кола людзей, аб’яднаных адным захапленнем. Гэта выстава дае магчымасць крыху прыадчыніць дзверы ў наш свет, каб іншыя людзі таксама змаглі пабачыць яго і, пагля-дзеўшы на здымкі, адчуць дух турызму. Хаця, каб па-сапраўднаму зразумець яго, трэба патрапіць у нашу каманду. А сузіранне здымкаў, магчыма, стане для некага першым крокам да нас.

У кожным паходзе ёсць нешта новае, незвычайнае, і па Беларусі для мяне не менш цікава хадзіць, чым за мяжой. У нас няма такіх складаных водных перашкод, як, напрыклад, на Кольскім паўвостраве, але ёсць свая прыгажосць, якой няма там. Калі глядзіш на фотаздымак з паходу, то нібы вяртаешся туды, дзе быў. Памяць змяняе рэчаіснасць, а фата-графія назаўсёды занатоўвае пэўны яе момант. Асабіста мяне, напрыклад, больш за ўсё цікавіць вобраз чалавека на ўлонні прыроды, нават партрэты.

 

Юрый Язвінскі, інструктар па турызме:

— Да паходаў мяне прызвычаіў тата, і я аб гэтым ніколі не шкадаваў. На нашы выставы свае здымкі я даю ўжо трэці год і бачу, як павышаецца якасць работ, адкрываюцца новыя сюжэты. Для мяне ж самае цікавае — гэта начная і партрэтная фатаграфія. Больш за ўсё падабаецца, калі на здымках ёсць людзі.

DL4A7924

 

Генадзь Аксёнік, гаспадар аграсядзібы:

— Наша выстава паказвае, што нас аб’ядноўвае не толькі ўласна турызм, але і творчы момант, што дае магчымасць развівацца ў розных накірунках. Гэта цудоўная нагода сабрацца разам, пабачыцца, пагаварыць. Я, напрыклад, бываю не толькі на вадзе, але і ў гарах, дзе ёсць каньёны, горныя рэкі, і ўсё гэта так захапляе, што хочацца на наступны год ізноў там пабываць.

 

Юрый Доўнар, кіраўнік недзяржаўнага прадпрыемства:

— Я тут адзін з самых “маладых” у плане турыстычнага вопыту. Толькі два гады, як хаджу ў   паходы па Беларусі. У наступным годзе, калі ўсё будзе добра, абавязкова зноў пайду. Гэта ўжо становіцца “хранічным захворваннем” — чакаеш вясны, каб хутчэй ізноў у паход. Што да выставы, то здорава бачыць карціны прыроды не толькі нашай Беларусі, але і іншых краін. Глядзіш на суровую і ў той жа час вельмі прыгожую прыроду той жа Карэліі, касцёр, які на здымку ніколі не патухне, і быццам акунаешся ў тое асяроддзе.

 

Аляксандр Мікітовіч, прадпрымальнік:

— Заўсёды ўражваюць здымкі таварышаў па паходах, радуе і тое, што да нас далучаюцца новыя людзі. У сваіх жа фатаграфіях я больш за ўсё адлюстраваў паходы па рэках Страча, што цячэ па Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях, і Сула, што ўпадае ў  Нёман. Любімыя тэмы — усходы і заходы сонца, водныя прасторы, пры гэтым у кадры можа быць і турысцкая амуніцыя, і людзі. Але стараюся выбіраць такі ракурс, каб выява не была перагружана дэталямі, каб карціна была цэласнай.

DL4A7932

 

Таццяна Шчэрба, супрацоўнік РКЦ №26 у г. Нясвіж філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”-Мінскае абласное ўпраўленне:

— Да сваіх тэарэтычных ведаў па турызме, якія ў мяне з’явіліся па заканчэнні інстытута турызму пры акадэміі  фізічнага выхавання і спорту ў Мінску, я цяпер дадаю практычныя разам з клубам “Вандроўнік”. У наступным годзе таксама спадзяюся ўбачыць свой фотаздымак на выставе.

 

Юрый Казлоў, турыст з г. Віцебска:

— Тут я ў якасці гледача: гляджу, захапляюся і хвалю. У Нясвіж прыехаў па запрашэнні сяброў, і вельмі гэтаму рады.

 

Ірына Спірыдонава, турыст з г. Віцебска:

— З нясвіжскімі турыстамі мы знаёмыя вельмі даўно. Традыцыя нашых прыездаў на гэту выставу працягваецца, заходы сонца, і кожны раз мы атрымліваем усё новыя і новыя ўражанні, якія з гадамі не змяншаюцца і нікуды не знікаюць.

 

Ігар Богуш, заснавальнік праекта, загадчык хірургічнага аддзялення Нясвіжскай ЦРБ:

— Выстава “Успаміны, якія грэюць” упершыню з’явілася ў 2000 го-дзе. Гэта назва, якую прыдумаў вядомы аўтар гумарыстычных мініяцюр Уладзімір Пярцоў, стала для нас сапраўдным брэндам, пад якім аб’ядноўваецца лепшае, што мы змаглі зрабіць у фатаграфіі за чарговы турыстычны сезон. А на пачатку гэта было даволі нечаканай з’явай для Нясвіжа — хірург і фатаграфія, на думку многіх, былі рэчамі, мала сумяшчальнымі, але паступова гэтыя выставы сталі паўтарацца, і калі я рабіў трэцюю, прагучала прапанова, што кожны год па завяршэнні турыстычнага сезона ўражанні нашых турыстаў трэба рабіць даступнымі для ўсіх жадаючых праз арганізацыю вось такой фотавыставы. Яе галоўная ідэя была не ў тым, каб паказаць, што нехта з нас лепшы фатограф, а нехта — горшы, а ў тым, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі, яшчэ раз пабачыцца, пагутарыць і ўсміхнуцца адно аднаму.

У рэшце рэшт, усё гэта вылілася ў тое, што мы — турысты, якія робяць фатаграфіі, — сталі глядзець на прыроду крыху другім позіркам, з другога боку. Таму заўсёды прыемна, калі наша кола павялічваецца, і што ёсць нешта прыгожае, што ствараем менавіта мы.

Калі ласка, на выставу!

Запісала Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.