ВОСТРЫЯ РОЖКІ І ЗАЛАТОЕ РУНО

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

коза

Гэтыя  два  сімвалы  чакаюць  нас у Новым годзе  згодна з усходнім календаром. Чаму свет ужо даўно кіруецца  ім, ніхто не скажа. Мабыць, так весялей ды можна нешта прыдумаць пра кожнае чацвераногае ці параўнаць яго з людзьмі. Вось  2015-ы будзе сябраваць з казой ды авечкай, пара быццам нядрэнная: адно млекакормячае і другое, адно мае доўгую поўсць і другое не адстае, праўда, у авечкі “прычоска” прыгажэй, бо кучаравая. А карысць якая — і малако, і мяса,  ды і патомства ёсць.

Каза — гэта свойская жывёла з сямейства паларогіх, свой  пачатак бярэ ад дзікіх  казлоў, людзі прыручылі іх і мелі з гэтага карысць. Напрыклад, ёсць мегрэльскія козачкі, якіх разводзяць дзеля поўсці (настрыг 3 — 6 кг), пуху (200 — 300 г), малака (550 кг у год, тлустасцю 3,8-4,4 %). А яшчэ такі паказчык, як пладавітасць: 2-3 або нават пяць казлянят. Разумныя былі нашы прашчуры, калі прыручалі  стройных козачак і дужых казлоў, ды і ядуць яны нямнога — выпусціў на траўку, прывязаў да штыкеціны і няхай пасецца.  А вечарам падаіў казу і напіўся духмянага і карыснага сырадою. Яшчэ славуты цар Саламон  раіў  усім ужываць казінае малачко.  Дарэчы,  яно  нават лечыць некаторыя  хваробы, а крэм з ім амалоджвае твар. Яго пачалі дабаўляць і ў мыла, таму жанчынам не трэба забываць пра гэтыя карысныя касметычныя сродкі.

З казінай скуры, між іншым, вырабляюць саф’ян, якім  абіваюць  мэблю і выкарыстоўваюць у галантарэі.

У мяне ёсць сяброўка, якая нарадзілася ў год Казы і гэтым ганарыца. І стройная такая ж, і зяленіва любіць, і футра мутонавае носіць.

А колькі анекдотаў, параўнанняў, прымавак, фразеалагізмаў складзена пра казінае племя! Ну, хоць бы гэтыя: “Стройная, як козачка”,  “І казе зразумела”,  “Драць, як Сідараву казу”, “Каза-дзераза”,  “Пусці казла ў агарод”, “Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць”, “Адстаўной казы барабаншчык”, “Каза ў двары, дык казёл праз тын глядзіць”, “З яго толку, як з казла малака”.  Назвы фільмаў: ”Воўк і сямёра казлянят”, “Казёл адпушчэння” і іншыя таксама нагадваюць пра гэту папулярную жывёлу.

Што датычыць авечак, дык яны не менш легендарныя за  сваіх сясцёр-козачак. Іх род ідзе ад дзікіх муфлонаў і архараў, адамашненых 8 тысяч гадоў назад. Чаго варты назвы парод: алтайская, асканійская,  раманаў-ская і іншыя. Асабліва каштоўныя давалі людзям каракуль, з якога атрымлівалася прыгожае футра для модніц і  кубанкі  для багатых мужчын. Тут дарэчы ўспомніць  смелага Язона, які накіраваўся ў далёкую Калхіду па залатое руно, а  дапамагла арганаўтам дачка цара чараўніца Медэя. Вось жа, і тут  не абышлося без жанчыны. Хаця чаго, авечка з руном таксама жаночага роду. Тым не менш, у побыце чамусьці  бытуе іранічнае выслоўе: ”Ну, і авечка ты”. Праўда,  далёка не ўсе заслугоўваюць такой  непрывабнай ацэнкі. А наконт прычоскі, дык многія хацелі б мець прыгожыя завітушкі, як у авечкі ці барана. Гэтыя жывёлы таксама трапілі пад жартоўны абстрэл людзей з багатай фантазіяй:  “Глядзіць, як баран на новыя вароты”, “Другі баран ні “бэ”, ні “мя”, а любіць гучнае імя”. Кучаравыя істоты сталі героямі   мультфільмаў, напрыклад, пра кемлівых авечак—“Баранчык Шон”. Ну, а пра славутую кланіраваную Долі не ведае толькі лянівы.  У “Каўказскай палонніцы” таксама не абышлося без авечак,  якія былі абяцаны ў якасці ўзнагароджання за выкраданне нявесты.

Не выключана, што ў новым годзе на сайце  знаёмстваў  з’явіцца аб’ява наступнага зместу: ”Брутальны казёл пазнаёміцца  са стройнай козачкай  без комплексаў, з уласным загонам і зялёным газонам. Асобаў “за” і з наяўнасцю патомства прашу не турбаваць”.

Аб прадстаўніках сямейства паларогіх можна гаварыць многа, але не буду стамляць чытачоў, бо ў іх шмат  пераднавагодніх клопатаў. Адзін з іх —- у што апрануцца.  Дасведчаныя людзі раяць: варта  апранаць  сукенкі зялёнага колеру, а таксама жоўтага, тэракотавага і ружовага. Актуальнымі будуць  уборы ў стылі рэтра, экстравагантныя фасоны  20-х і 60-х гадоў. Улічваючы той факт, што каза — жывёла дзёрзкая, пікантнымі будуць сукенкі з адкрытай спіной, што дапаможа выдзеліцца ў кампаніі і стварыць пікантны вобраз. Наконт аксесуараў: добрым дапаўненнем да навагодняга ўбору стануць упрыгожанні з янтару, тапазу і аквамарыну. Стыльна будуць выглядаць драўляныя пацеркі, звярніце ўвагу і на скураныя аксесуары. Манікюр неабходна вытрымаць у духу часу, выкарыстаўшы зялёны і сіні колеры, а яшчэ — чырвоны і бардовы.

Ну вось, усе і ўсё гатова. Козы і авечкі — на сваіх месцах, ёлка ў доме, шчасце і снег ідуць за акном, вастрыце рожкі і сустракайце Новы год з радасцю і надзеяй на лепшае, слаўнае, мірнае і добрае.  Кахайце і будзьце каханымі, пад якім бы знакам вы ні  нарадзіліся.

Раіса ХВІР,  г. Нясвіж.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.