“Зямля маіх сноў”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

календарь

Два гады таму ў серыі “Маляўнічая Бацькаўшчына” выйшаў вялікафарматны насценны каляндар “Мой дом”. Гэта  быў адзін  з двух календароў да юбілеяў Янкі Купалы і     Якуба Коласа, на старонках якога сустракаліся здымкі краявідаў стаўбцоўска-нясвіжскага памежжа. І вось да каляндарнай серыі, над      якой доўгі час — з 2001 года — трымала шэфства вядомая беларуская кампанія “Мінскводбуд”, далучылася наша славутая гаспадарка — сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Агракамбінат Сноў”. Сабе ў сааўтары сноўскія вытворцы ўзялі земляка, вядомага майстра сцэнічнага жывапісу Яўгена Ждана. У сувязі з гэтым і назва ў календара надзвычай лірычная і задушэўная — “Зямля маіх  сноў”. Зямля, якая дае фарбы і ўражанні, натхняе і замілоўвае.

Ва ўступным слове да календара старшыня праўлення агракамбіната Мікалай Радаман зазначае: “Я рады, што каляндар будзе сімвалізаваць нашу сувязь роднай зямлі і культуры. Наша сяброўства і наша радство. Традыцыі і сучаснасць. Маляўнічая Бацькаў-шчына яўгена Іванавіча запатрабаваная на радзіме; яна і сёння спрыяе нам узорам і прыкладам — у чалавечых стасунках, у духоўным і культурным развіцці, у школьным і бацькоўскім выхаванні”.

На 12 старонках новага выдання, адпаведна кожнаму месяцу, мы бачым знаёмыя і незнаёмыя краявіды: сноўскія пагоркі, азярыны, паркавыя прысады, тарэйкаўскія хутаркі, рамантычныя сюжэты — узоры маляўнічай спадчыны Яўгена Ждана, якую ён не толькі паэтызуе, але дапаўняе словамі сваіх запісаў. У календары таксама шмат цікавай жыццёвай інфармацыі: звесткі пра ўзыход поўні і маладзіка, дні галоўных рэлігійных святаў, пазначаны і многія прафесіянальныя святы, нават ёсць дні пацалункаў, перапрашэння, сяброўства і іншае. Акрамя гэтага, на кожнай старонцы можна знайсці кароткія, але вельмі ёмістыя цытаты з Бібліі і ўрыўкі з запісаў і ўспамінаў самога мастака, якому прысвечаны каляндар.

Сярод яго аўтараў — педагог і краязнаўца, аўтар папулярнай рубрыкі “Хвілінка нясвіжазнаўства” на раённым радыё Наталля Плакса. У нашай гутарцы яна адзначыла:

— Мы прызвычаіліся да стандартных, чыста функцыянальных календароў: дзень, дата і яркі дызайн. Наш каляндар задумваўся як твор мастацтва, як кніжна-літаратурна-часопіснае выданне. Перад тым, як павесіць яго на сцяну, з ім можна прася-дзець не адзін вечар — пагартаць, шмат на чым засяродзіцца, адкласці на памяць. Думаю, многія людзі, якія не страцілі цікавасці да цудоўнага, так і зробяць. Зразумеюць і ацэняць.

І сапраўды, хочацца спадзявацца, што будуць ацэнены і сучас-нікамі,  і нашчадкамі творчыя  памкненні стваральнікаў календара і добры прыклад СВК “Агракамбінат Сноў”, які замовіў і прафінансаваў выданне календара з серыі “Маляўнічая Бацькаўшчына”, дарэчы, трэцяга з нясвіжскай тэматыкай. Першыя два былі прысвечаны водна-паркавым краявідам Нясвіжа і пейзажнай спадчыне Міхаіла Сеўрука. Вельмі прыемна, што культурная спадчына Нясвіжчыны знаходзіць сваіх, мясцовых мецэнатаў, якія ўмеюць спалучыць карпаратыўны інтарэс з грамадскімі, агульнадухоўнымі каштоўнасцямі.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.